Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няўцешныя» Кадзуа Ісігура


Генрык Семірадзкі, «Шапэн грае для Радзівілаў» (1887)
Генрык Семірадзкі, «Шапэн грае для Радзівілаў» (1887)

Букмэйкеры ў пралёце, напярэдадні 6 кастрычніка ніхто нават ня ўспомніў аб Кадзуа Ісігура. Я не букмэйкер, я проста чытач, які сёлета ўзяў з паліцы раман, які даўно стаяў без увагі, і ўзяўся за яго. Шчыра: месяцы тры пайшло. 670 старонак. І матэрыял няпросты. Называецца кніга «Няўцешныя», пераклад на расейскую.

Кадзуа Ісігура (нарадзіўся ў 1954-м) у маладосьці марыў стаць музыкантам, пісаў тэксты для песень. Раман «Няўцешныя» — музычны. Праўда, мова ў ім ідзе аб музыцы клясычнай, аб фартэпіяна.

Пачаў пісьменьнік вельмі ўдала. Першы раман «Там, дзе ў смузе пагоркі» (1982) быў адразу заўважаны. За наступны, «Мастак зыбкага сьвету» (1986), яго ўзнагародзілі прэстыжнай брытанскай літаратурнай прэміяй «Уайтбрэд» (пазьней ёй зьмянілі назву, сёньня гэта вядомая прэмія «Коста»). За трэці раман — «Рэшткі дня» (1989) — «Букер»! «Няўцешныя» сталі наступнай кнігай.

піяніста з эўрапейскай славай запрашаюць на конкурс

Піяніста з эўрапейскай славай запрашаюць на конкурс у адносна невялікі горад, ён пагаджаецца. Яго зваць Райдэр. Цягам аповеду высьвятляецца, што ён, як ускосна можна здагадацца, сам нібы паходзіў аднекуль адсюль. Аднак да канца гэта ня ясна. Ён прыяжджае, пасяляецца ў гатэлі, яго чакалі. Але зь першых гадзін штось не зусім так. Крышку дзіўна. Яму самому, чытачу таксама. Ягонае імя надае конкурсу, які не пачаўся яшчэ, важкасьці, яно — сапраўдная ўдача для арганізатараў. Аднак да яго ставяцца нейк неадпаведна. Часам няўважліва, часам нядбайна, бывае па-панібрацку. Нават афіцыянты прабягаюць міма, абслугоўваючы кагосьці іншага. Але ён чалавек інтэлігентны, стараецца згладзіць кожны раз. Не абурыцца, не паставіць на месца, не запатрабаваць.

Больш увагі іншаму. Чалавеку малапрыемнаму, ганарліваму, які празьмерна ўзвышае сябе ў думках і ў вачах іншых як піяніста. Для госьця паступова робіцца зразумелым, што мясцовае грамадзтва хоча выставіць на конкурс свайго «гульца», якога вельмі цэніць і якому напэўна прарочыць першае месца. Уся ўвага яму. У гатэлі яму выдзелены асобны хол для трэніровак, куды не пускаюць іншых насельнікаў. Вакол гэтага чалавека толькі што ня ходзяць на дыбачках. Якая ж тады роля госьця, прызнанай славутасьці, зьдзіўляецца чытач?

ягонае прозьвішча Бродзкі

Толькі пазьней, асэнсоўваючы прачытанае, намацваеш высновы. Чалавек, які недзе ў сьвеце зрабіў бліскучую кар’еру — да яго ў душы неўсьвядомленая рэўнасьць. Затое ў горадзе як быццам выгадавалі свой талент. Ягонае прозьвішча Бродзкі. Ён — эмігрант. Гэта значыць горад нібы зрабіў зь яго музыканта як мае быць, ім апякуецца, даў яму імя.

Паступова выходзіць на паверхню, што Бродзкі насамрэч хутчэй рамесьнік, незаслужана разрэклямаваны. Што ж, сытуацыя, старая як сьвет. Мы можам назіраць падобнае і ў літаратуры, і ў іншых галінах. Нібы, што тут такога? Але каб накіраваць рампу на рамесьніка, трэба адсунуць у цёмны кут майстра, так эфэкт будзе большым. Прынамсі такія думкі могуць узьнікаць у чытача.

аднак насільшчык столькі гаворыць

У Кадзуа Ісігура даволі складаная раманная пабудова, своеасаблівая тэхніка. Вядомы піяніст з насільшчыкам падымаюцца ў гатэльным ліфце. Гатэлю трыста год, камяніца невысокая. Аднак насільшчык столькі гаворыць, быццам дарога заняла ў іх паўгадзіны. Спачатку запыняеш сябе на думцы: масьціты раманіст, а нібы робіць памылку, скажам, сацрэалістаў, расьцягненыя дыялёгі якіх былі далёкімі ад сапраўднасьці. Людзі так не размаўляюць!
Аднак з часам пераконваесься, што гэта сьвядомы прыём Ісігуры, ён напампоўвае кароткі адмежак часу густым зьместам, каб зрабіць нібы балёнік з пенай для галеньня пад ціскам. Хаця, зноў жа, такую выснову робіш толькі потым. А пазьней, калі падобнае адбываецца ў рамане яшчэ: на начным кінасэансе дзьве асобы пачынаюць размаўляць паміж сабой абзацамі, не зважаючы на суседзяў, ты рэагуеш не як аўтар, а як чытач — так не бывае, гэта ненатуральна. Чаму ён так піша? Ах, ён постмадэрніст?

Такія ж рэчы Кадзуа Ісігура вырабляе таксама з часам і адлегласьцю. Пэрсанажы сядаюць у аўтамабіль, існуе пэўная адлегласьць, адносна невялікая, але яны ніяк ня могуць дасягнуць мэты — дарога ўсё не сканчаецца. Адным словам: чытач раз-пораз трапляе ў пасткі, зьвязаныя з часам ці з адлегласьцю.

дарога ўсё не сканчаецца

Час, памяць, лёсы — важныя рэчы ў рамане. Часавыя пласты мінулага і цяперашняга чаргуюцца. Абумоўліваючы адно аднаго. У працэсе аповеду яны пераходзяць, бывае, у нейкі іншы, своеасаблівы час. Магчыма, няпэўны. У чытача ўзьнікае пачуцьцё цьмянасьці, зыбкасьці — што, зь кім і калі адбываецца ці адбывалася насамрэч? Дзеяньне працягваецца нібы паралельна то ў адной часавай прасторы, то ў другой. Здараецца, яны вельмі шчыльна зьнітаваныя. Узьнікае ўсьведамленьне ўплыву былых учынкаў на сёньняшнія, адно залежыць ад другога. Але чытач да часу ня можа гэтага зразумець, яго трымаюць у разгубленасьці: што і чаму адбываецца, яму не да канца ясна. Але ў гэтым якраз інтрыга: хада падзей, іх сапраўдны зьмест выяўляюцца паступова. Чытаючы, разважаеш — куды хіліць аўтар?

не ўтрымаўшы раўнавагу, Бродзкі паваліўся

У думках, у сьвядомасьці, у адчуваньнях герой, здараецца, вяртаецца назад у часе, у папярэднія гады. Што робім усе мы, бывае, мімалётна. Дзея ў рамане загушчаецца. Каб разрадзіцца аднойчы: Бродзкага называюць у вочы «шарлятанам, ня больш за тое, палахлівым безадказным падманшчыкам». Ён выступіў у ролі дырыжора аркестру, да чаго рваўся, але ня меў таленту. Закончылася фіяскам. Аркестар вось-вось выйдзе з-пад падрадкаваньня. Не ўтрымаўшы раўнавагу, Бродзкі паваліўся. Над ім схіліліся ў спалоху: у яго ампутаваная нага! Заслона стала зачыняцца, але Бродзкі ляжаў на яе шляху, некалькі рук адцягнулі яго ад краю сцэны.

Калі даходзіць пасьля яго да выступу Райдэра, ён пераконваецца, што заля пустая. Публіка кінулася да талерак зь ежай.

трапіць у канцэртную залю Райдэру было зусім няпроста

І такая акалічнасьць: трапіць у канцэртную залю Райдэру было зусім няпроста. Нібыта яна непадалёк, ужо бачыць купал, а прайсьці ня можа. Цагляная сьцяна. Доўгая-доўгая. Ні брамы, ні весьнічак. Гэта для турыстаў, тлумачыць яму кабета і паказвае на пачкі паштовак са сьцяной у кіёску. Але навошта яна? Каб прыцягваць турыстаў. А як жа тады прайсьці ў канцэртную залю? О, гэта доўгая дарога, пагатоў калі пешшу. Дзікунства! -нарэшце абураецца Райдэр. Яна для вашага гораду надта тыповая, тут на кожным кроку бязглуздыя перашкоды. А вы замест таго, каб выступіць супраць, каб людзі маглі бесперашкодна хадзіць, вы яе на паштоўкі, вам яна здаецца прыгожай! Ды яна проста пачварная, сымбаль вашага гораду…

Я асабіста рады, што Нобэлеўскую прэмію зноў далі за самую грунтоўную ў літаратуры рэч — за раманную прозу. У маім разуменьні так і павінна быць, у рэшце рэшт такая традыцыя. Адступленьні ўбок толькі пераконваюць, што яе варта прытрымлівацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG