Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарыя замарозіла на тэрыторыі краіны ўсе актывы Нікаляса Мадура і зьвязаных зь ім асоб


Нікалясу Мадура і ягоная жонка Сілія Флёрэс, архіўнае фота
Нікалясу Мадура і ягоная жонка Сілія Флёрэс, архіўнае фота

Фэдэральная рада Швайцарыі вырашыла замарозіць усе актывы, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны і належаць зрынутаму кіраўніку Вэнэсуэлы Нікалясу Мадура і зьвязаным зь ім асобам.

Рада, як адзначаецца, хоча забясьпечыць, каб «ніякія незаконна набытыя актывы не маглі быць выведзены са Швайцарыі». Рашэньне прынята ў якасьці меры засьцярогі ў адпаведнасьці з законам аб замарожваньні і вяртаньні незаконных актываў, якія належаць замежным палітычна значным асобам.

Замарожваньне актываў не закране чальцоў цяперашняга ўраду Вэнэсуэлы.

У Фэдэральнай радзе мяркуюць, што ўлады Вэнэсуэлы ў будучыні могуць ініцыяваць судовае разьбіральніцтва з нагоды незаконна набытых актываў.

«Калі падчас будучых судовых разбораў будзе ўстаноўлена, што сродкі былі набыты незаконным шляхам, Швайцарыя прыкладзе ўсе намаганьні, каб яны пайшлі на карысьць вэнэсуэльскаму народу», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У ноч на 3 студзеня амэрыканскія войскі нанесьлі ўдары па ваенных аб’ектах у сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе і захапілі Нікаляса Мадура і яго жонку Сілію Флёрэс. Улады ЗША ня лічаць Мадура легітымным прэзыдэнтам і абвінавачваюць яго і Флёрэс у «наркатэрарызме», захоўваньні зброі і кантрабандзе наркотыкаў. 5 студзеня яны павінны ўпершыню паўстаць перад фэдэральным судом у Нью-Ёрку.

У інтэрвію The Atlantic прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней выступіў з пагрозай у адрас выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы Дэлсі Радрыгес, заявіўшы, што «калі яна не паступіць правільна, ёй давядзецца заплаціць вельмі высокую цану, верагодна, вышэйшую, чым Мадура». Радрыгес, у сваю чаргу, апублікавала зварот да Трампа, у якім заклікала «ўрад ЗША да сумеснай працы над праграмай супрацоўніцтва, арыентаванай на агульнае разьвіцьцё».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG