Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад свайго імя (адказ Насьце Захарэвіч)


Вокладка кнігі Маргарэт Этвуд
Вокладка кнігі Маргарэт Этвуд

Вольга Калацкая, перакладніца «Пэнэлёпіяды» Маргарэт Этвуд


Беларуская фэміністка Наста Захарэвіч распавяла пра «Пэнэлёпіяду» ад імя «сучасных постсавецкіх жанчын», і выявілася, што яна прысвоіла сабе права прамаўляць за тых, хто, здаецца, яе на гэта не ўпаўнаважваў. Калі замест «я» Наста Захарэвіч ці хто іншы кажа «мы», я гэта ўспрымаю, па-першае, як гвалт нада мною асабіста, а па-другое, як спробу схавацца, сысьці ад індывідуальнай адказнасьці за гэтым калектыўным «мы». Я пішу свае суб’ектыўныя нататкі толькі ад сябе, як перакладніца «Пэнэлёпіяды» і як жанчына, і вельмі прашу Насту Захарэвіч, іншую вядомую фэміністку Алену Гапаву і астатніх: кажыце толькі ад свайго імя. І не займайцеся інтэрпрэтацыяй чужых словаў.

Кажыце толькі ад свайго імя.

«Адысэй быў няспрытным слабаком і аматарам паразмаўляць пасьля аргазму пра ўласныя подзьвігі, Сызыф — сьлізкім тыпам, а Пэнэлёпа, паводле традыцыі патрыярхальнага грамадзтва, недалюблівала іншых жанчын».

Ну, дзякуй, патлумачылі, вырваўшы з кантэксту! А я ў «Пэнэлёпіядзе» чамусьці прачытала зусім іншае: «ногі ў Адысэя былі караткаватыя для ягонага цела», «Адысэй ня з тых мужчынаў, якія, зрабіўшы сваю справу, папросту паварочваюцца на другі бок і храпуць... Адысэю ж падабалася размаўляць, ён быў выдатны апавядальнік, а я з радасьцю слухала». Дарэчы, ён і сам слухаў Пэнэлёпу — і быў здольны да эмпатыі:

«...я распавяла Адысэю пра сябе: як мяне ледзь не патапіў бацька і ўратавалі качкі. Ён паставіўся ўважліва, задаваў пытаньні, спачуваў — пра лепшага слухача і марыць немагчыма.

— Беднае маё качаня, — сказаў ён, гладзячы мяне. — Не пераймайся. Я б ніколі ня кінуў у акіян такі скарб.

Тут я зноў расплакалася, і Адысэй суцешыў мяне так, як і належыць у шлюбную ноч».

І ня трэба абагульняць: Пэнэлёпа не любіла ня «іншых жанчын», а вельмі канкрэтных — сьвякроўку Антыклею, бо тая не лічыла яе за чалавека, Адысэевую няньку Эўрыклею, бо, сярод іншага, яна назвала любых Пэнэлёпе дзяўчатаў-служак, каб Адысэй з Тэлемахам іх павесілі, і, вядома, Алену Прыўкрасную, бо празь яе Пэнэлёпа на дваццаць гадоў засталася бяз мужа.

«А яшчэ Пэнэлёпа дужа нагадвае сучасных постсавецкіх жанчын. Мы ня хочам быць сымбалямі, нам надакучыла, што нас выкарыстоўваюць у прапагандзе, пазбаўляючы сапраўдных жывых рысаў і пакідаючы толькі адпаліраваныя „жаноцкасьць“, „самаахвярнасьць“, „мацярынства“».

Я асабіста ні ёй, ні каму іншаму свой голас не аддавала.

Хто такія гэтыя «мы»? Сучасныя постсавецкія жанчыны? Фэміністкі? Беларускія жанчыны? Жанчыны ўвогуле? Мне чамусьці думаецца, што далёка ня ўсе давалі Насьце Захарэвіч права прамаўляць ад свайго імя. Я асабіста, напрыклад, ні ёй, ні каму іншаму свой голас не аддавала. І мяне значна больш абражае, калі, напрыклад, Наста Захарэвіч ці Алена Гапава пазбаўляюць канкрэтных людзей іхных імёнаў і індывідуальнасьці гэтым «мы», «жанчыны» ды прыпісваюць мне тое, чаго я ніколі не казала, чым калі мужчына падае руку, каб дапамагчы выйсьці з электрычкі (дакладней, апошняе нават прыемна). Я часам бываю і слабой, і жаноцкай, і гатовай прыняць дапамогу мужчыны, а не такой, якой бы хацелася Насьце Захарэвіч ці Алене Гапавай. Дык хто мяне «аб’ектыфікуе», то бок ня бачыць ува мне асобу?

«Пэнэлёпа займае ўва ўсім гэтым вельмі зручную пазыцыю ахвяры, ад якой зусім нічога не залежыць. Такая вядомая нам, сучасным беларускам, вывучаная бездапаможнасьць. Такі прыемны спосаб пазьбегнуць любой адказнасьці са свае дзеяньні».

Як зручна, маючы ў галаве пэўны набор штампаў і шаблёнаў, навешваць іх на рэальнага чалавека, нібы цэтлікі.

Як зручна, маючы ў галаве пэўны набор штампаў і шаблёнаў, навешваць іх на рэальнага чалавека, нібы цэтлікі. Галоўнае — ня трэба самой думаць! І гэта сказана пра Пэнэлёпу, якая зь дзяцінства разумела, што ёй давядзецца разьлічваць толькі на сябе, пра Пэнэлёпу, якая навучылася адна кіраваць Ітакай, калі Адысэя не было, пра Пэнэлёпу, якая адна гадавала сына, пра Пэнэлёпу, якая адна (!) выстаяла супраць ста з гакам (!) жаніхоў... І гэта завецца «пазыцыя ахвяры», «бездапаможнасьць», спосаб пазьбегнуць адказнасьці«?!

«І хай Пэнэлёпа пратэстуе супраць таго, каб жанчыны ў гісторыі заставаліся чыстымі сымбалямі, і хай яна кажа, як важна глядзець на сьвет жаночымі вачыма, ейная рэвалюцыйнасьць мае вельмі жорсткую мяжу».

Цікава, што б зрабіла на ейным месцы Наста Захарэвіч?

Ды Пэнэлёпа «тры-чатыры тысячы гадоў таму» нават слова «рэвалюцыйнасьць», якое паходзіць з лаціны, ня ведала. Цікава, што б зрабіла на ейным месцы Наста Захарэвіч? У абліччы Жаны д’Арк або Эміліі Плятэр узначаліла б аддзел жаніхоў і павяла б іх у бітву за правы жанчын? Але «я не хачу, каб мяне абвінавачвалі ў анахранізьме», як казаў cудзьдзя ў разьдзеле «Суд над Адысэем, зьняты на відэа дзяўчатамі-служкамі».

«Безумоўна, на ўсіх нас уплываюць традыцыі, мы жывем у патрыярхальным грамадзтве, і ісьці насуперак таму, як усё склалася ў соцыюме, вельмі складана і нават небясьпечна. І, што вельмі важна, такая „пастаноўка сілаў“ дае нам вялізныя магчымасьці „таптаць слабейшых“. Бо мы нібыта не затоптваем іх, а ратуем сябе. Як і Пэнэлёпа не паспрыяла згвалтаваньням і забойству служак, а выратавала сябе. Магчыма, ёй нават давялося сябе ўгаварыць, што яна таксама ахвяра ў той сытуацыі. І што Адысэй — ня жорсткі забойца-садыст, а чалавек, які памыліўся і нават „прыняў пакараньне, прачытаў малітвы, ён ачысьціўся“.

Чым прыняць страшную праўду, у якой ты таксама вінаватая ў сьмерці бязьвінных дзяўчат, прасьцей адмежавацца ад гэтага ўсяго, і вырашыць, што раз іх ужо не вярнуць, дык і гараваць няма чаго. І ўвогуле, гэта ўсяго толькі служкі».

Давайце ня будзем «чытаць думкі» ды прыпісваць Пэнэлёпе ці каму яшчэ тое, у чым яны «ні сном, ні духам». Лепш хай скажа сама Пэнэлёпа:

— Ды каго ж, каго са служак яны павесілі? — закрычала я, выціраючы сьлёзы. — О багі мае, каго? (...)
Усяго дванаццацёх, — запінаючыся адказала Эўрыклея. — Непаслухмяных. Дзёрзкіх. Тых, хто перада мною нос высока трымаў. Мэлянто Гожыя Шчочкі ды ейную хеўру — гэтых штучак. Шлюшак, якіх сьвет ня бачыў.

Тых, каго згвалцілі, — прамовіла я. — Наймаладзейшых. Найпрыгажэйшых.

«Яны былі маімі вачамі і вушамі сярод жаніхоў. Доўгімі начамі дапамагалі мне распускаць покрыва. Мае беласьнежныя гусі. Мае салоўкі, мае галубкі!» — пра гэта я прамаўчала.

Гэта я вінаватая! Я не распавяла Эўрыклеі пра наш плян!

(...) Што мне было рабіць? Галашэньні ня вернуць да жыцьця маіх цудоўных дзяўчатак. Я прыкусіла язык. За ўсе гэтыя гады я так часта прыкусвала язык, што проста дзіва, як не адкусіла.

Мёртвыя ёсьць мёртвыя, сказала я сабе. Я буду маліцца і прыносіць ахвяраваньні за іхныя душы. Але таемна, іначай Адысэй западозрыць і мяне.

«З часоў, калі жыла Пэнэлёпа, мінулі тысячагодзьдзі, а мы працягваем жыць такімі ж надзеямі на цуд (што вечна адсутны муж на самой справе хоча быць побач), часта недалюбліваем іншых жанчын і карыстаемся вывучанай бездапаможнасьцю, пазьбягаючы наступстваў уласных рашэньняў. Але хопіць гуляцца ў патрыярхальныя гульні — у іх прынцыпова немагчыма выйграць. Давайце ўжо проста жыць!»

Якое «жыла надзеямі на цуд»? Пэнэлёпа — жанчына вельмі разумная, яна трывала аблогу ў сваёй «Іліядзе», выжывала насуперак скрайне неспрыяльным абставінам, «рабіла сябе», дзейнічала нестандартна і творча.

У адным я згодная з Настай Захарэвіч: ня варта гуляць у чужыя гульні. Ні ў «патрыярхальныя», ні ў «фэмінісцкія», ні ў якія іншыя.

Калі ў Беларусі зьявіліся фэміністкі, я сьпярша хацела пачуць іхныя ўласныя, самастойныя, а не запазычаныя думкі, добра знаёмыя ад фэміністак заходніх. Напрыклад, што ў нас ёсьць сем’і, дзе мужчына пад хвартухом у жонкі, што яскравае ўвасабленьне роўнасьці мужчыны і жанчыны за савецкім часам — жанчыны ў жудасных кухвайках, якія разам з мужчынамі робяць цяжкую фізычную працу (я не хачу такой роўнасьці!), што, каб адстаяць свае інтарэсы, значна больш плённа бачыць у мужчынах ня ворагаў, а партнэраў, і дамаўляцца, а не змагацца. Але чую чамусьці даўно пачутае ад іншых пра «патрыярхатнае грамадства», «жаночы голас», «аб’ектыфікацыю», «права распараджацца сваім целам», «роўны заробак» і гэтак далей па сьпісе... Дык ці варта зьдзіўляцца, калі Валянцін Акудовіч піша: «... мозг мужчыны прыдатны для самастойнага абстрактнага і канцэптуальнага мысьленьня, а мозг жанчыны — не, не прыдатны», — а Аляксандар Лукашук у прадмове да «Дуліны ад Барадуліна» дазваляе сабе зварот: «Шаноўныя чытачкі і іншыя маральна няўстойлівыя асобы»? У адным я згодная з Настай Захарэвіч: ня варта гуляць у чужыя гульні. Ні ў «патрыярхальныя», ні ў «фэмінісцкія», ні ў якія іншыя. Лепш ствараць свае. І проста жыць. Лепш — шчасьліва.

PS. Шмат гадоў таму сп-ня Гапава мела намер зрабіць «фэмінісцкі» нумар «ARCHE». Ня склалася, бо яна лічыла разважаньні сваёй знаёмай пра грудзі паэзіяй, а я — не. Я прапаноўвала замест той, на маю думку, «грамафоніі» — таленавітую, кранальную, вельмі-вельмі чалавечую, як на мяне, «Пэнэлёпіяду» Маргарэт Этвуд.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG