Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнэлёпа як сучасная беларуска


Канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд.
Канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд.

Канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд распавяла гісторыю Пэнэлёпы і Адысэя ад імя самой Пэнэлёпы, і аказалася, што Адысэй быў няспрытным слабаком і аматарам паразмаўляць пасьля аргазму пра ўласныя подзьвігі, Сызыф — сьлізкім тыпам, а Пэнэлёпа, паводле традыцыі патрыярхальнага грамадзтва, недалюблівала іншых жанчын.

Пэнэлёпа дужа нагадвае сучасных постсавецкіх жанчын.

А яшчэ Пэнэлёпа дужа нагадвае сучасных постсавецкіх жанчын. Мы ня хочам быць сымбалямі, нам надакучыла, што нас выкарыстоўваюць у прапагандзе, пазбаўляючы сапраўдных жывых рысаў і пакідаючы толькі адпаліраваныя «жаноцкасьць», «самаахвярнасьць», «мацярынства». Нас робяць зручнымі для таго, каб ставіць у прыклад — неістотна нават, добры ці кепскі, але абавязкова надзвычай яскравы.

І як Пэнэлёпа і дзяўчаты-служкі ў творы Этвуд узбунтаваліся супраць такога становішча, так і мы сёньня пратэстуем супраць загнаньня нас у патрыярхальныя межы, дзе з нас зробяць прыгожыя сымбалі. Служкі казалі: «Навошта ўяўляць нас сапраўднымі дзяўчатамі, з сапраўднага цела і крыві, што цярпелі сапраўдны боль праз сапраўдную несправядлівасьць? Вас гэта залішне прыгнобіць. Так што махніце рукой на гнюснасьці. Лічыце нас чыстым сымбалем. Мы ня больш сапраўдныя за грошы».

Але калі б Пэнэлёпа была выключна змагаркай за тое, каб надаць жаноцкай гісторыі права на голас, яна так і засталася б клясычнай літаратурнай гераіняй, ідэальна адпаліраванай да чыстага павучальнага вобразу, і зусім не падобнай да жывых нас. І мы б чыталі «Пэнэлёпіяду» і казалі б іншым: «Глядзіце на Пэнэлёпу, якая яна гераіня, як яна адчайна змагаецца за нашу і вашу свабоду!». Але Этвуд зрабіла Пэнэлёпу сапраўды жывой асобай, поўнай супярэчнасьцяў.

Такая вядомая нам, сучасным беларускам, вывучаная бездапаможнасьць.

Яна чакае Адысэя доўгія гады, застаецца яму вернай і пакутуе ад незьлічоных жаніхоў, што так хочуць заняць месца яе мужа, які невядома, ці вернецца калі-небудзь ўвогуле. І яе становіцца безумоўна шкада, бо яна вымушана змагацца з гэтымі нахабнымі мужчынамі і, разам з тым, з плёткамі вакол сваёй асобы. Але Пэнэлёпа займае ўва ўсім гэтым вельмі зручную пазыцыю ахвяры, ад якой зусім нічога не залежыць. Такая вядомая нам, сучасным беларускам, вывучаная бездапаможнасьць. Такі прыемны спосаб пазьбегнуць любой адказнасьці са свае дзеяньні.

Такая «пастаноўка сілаў» дае нам вялізныя магчымасьці «таптаць слабейшых».

Безумоўна, на ўсіх нас уплываюць традыцыі, мы жывем у патрыярхальным грамадзтве, і ісьці насуперак таму, як усё склалася ў соцыюме, вельмі складана і нават небясьпечна. І, што вельмі важна, такая «пастаноўка сілаў» дае нам вялізныя магчымасьці «таптаць слабейшых». Бо мы нібыта не затоптваем іх, а ратуем сябе. Як і Пэнэлёпа не паспрыяла згвалтаваньням і забойству служак, а выратавала сябе. Магчыма, ёй нават давялося сябе ўгаварыць, што яна таксама ахвяра ў той сытуацыі. І што Адысэй — ня жорсткі забойца-садыст, а чалавек, які памыліўся і нават «прыняў пакараньне, прачытаў малітвы, ён ачысьціўся».

Чым прыняць страшную праўду, у якой ты таксама вінаватая ў сьмерці бязьвінных дзяўчат, прасьцей адмежавацца ад гэтага ўсяго, і вырашыць, што раз іх ужо не вярнуць, дык і гараваць няма чаго. І ўвогуле, гэта ўсяго толькі служкі.

І хай Пэнэлёпа пратэстуе супраць таго, каб жанчыны ў гісторыі заставаліся чыстымі сымбалямі, і хай яна кажа, як важна глядзець на сьвет жаночымі вачыма, ейная рэвалюцыйнасьць мае вельмі жорсткую мяжу.

Не ламаць жа добраму чалавеку празь іх жыцьцё.

«Ну, гэта ўжо занадта» — выраз, які мы ў цяперашняй Беларусі чуем амаль кожны раз, калі заяўляем, што жанчыны мусяць быць больш бачнымі. Тое ж самае, падобна, прамаўляла і Пэнэлёпа, калі вобразы забітых служак не давалі спакою ёй і ейнай сям’і. Гэта ж усяго толькі служкі, якіх ужо й не вярнуць. Не ламаць жа добраму чалавеку празь іх жыцьцё.

З часоў, калі жыла Пэнэлёпа, мінулі тысячагодзьдзі, а мы працягваем жыць такімі ж надзеямі на цуд (што вечна адсутны муж на самой справе хоча быць побач), часта недалюбліваем іншых жанчын і карыстаемся вывучанай бездапаможнасьцю, пазьбягаючы наступстваў уласных рашэньняў. Але хопіць гуляцца ў патрыярхальныя гульні — у іх прынцыпова немагчыма выйграць. Давайце ўжо проста жыць!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG