Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна зь нямногіх публічных сфэраў, дзе беларускую мову рэальна відаць, — гарадзкая гаспадарка. Толькі беларускамоўныя шыльды з назвамі вуліц ды іншых аб’ектаў гарадзкой тапаграфіі можна пабачыць у Полацку, Горадні, Баранавічах, Міры ды шмат дзе. У іншых гарадох іначай. Але галоўнае, што такімі шыльдамі цягам дзесяцігодзьдзяў пазначаюцца вуліцы сталіцы.

На шчасьце, так склалася, што ў вулічнай і транспартнай гаспадарцы Менску пануе беларуская мова, і на гэтую традыцыю нават падчас піку «мяккай русыфікацыі» (і ўсякай іншай паводле ступені жорсткасьці русыфікацыі) не пасьмелі або не змаглі замахнуцца.

У Менску жыве амаль чвэрць народу Беларусі. Аргумэнт «Так заведзена ў Менску» дзейнічае на мясцовую ўладу ў рэгіёнах, дае адпаведныя падважнікі ўплыву рэгіянальным актывістам. Але галоўнае — сталічны фактар уплывае на сьвядомасьць нацыі ў цэлым, падвышае прэстыжнасьць беларускае мовы. Так што шклянка напалову поўная.

Случак прапанаваў рабіць шыльды з назвамі вуліцаў на дзьвюх мовах. «Моўны інспэктар» здаўся?

І тут маеш! Новая пэтыцыя Ігара Случака дае ўладным ахвотнікам увесьці расейскую мову на менскія вулічныя табліцы (а таксама ў транспарт і г. д.) жалезны аргумэнт: дык гэта ж «вашыя» і хочуць там расейскай мовы! Цяпер чакайма адпаведнай перадачкі на БТ?

У нас ані не праводзілі сацыялінгвістычных дасьледаваньняў, ані ў перапісы насельніцтва не ўключалі адпаведнага пытаньня, але ступень пасіўнага валоданьня беларускаю моваю вельмі высокая. Нехта мае дыялектную базу, хай сабе перанятую ад бацькоў-дзядоў. Усе вывучалі беларускую мову як прадмет у школе, а значыць, прынамсі літары ведаюць. І шыльды прачытаюць.

А паводле арт. 17 дзейнага Закону аб найменьнях геаграфічных аб’ектаў, «...найменьні геаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, зь якой спосабам трансьлітарацыі перадаюцца на расейскую мову». Гэтае палажэньне закону цалкам адпавядае міжнароднай практыцы, ухваленай адпаведнымі структурамі ААН. Трансьлітарацыя — гэта ў нашым выпадку палітарная перадача тэксту, напісанага беларускім альфабэтам, сродкамі расейскага альфабэту. А не пераклад! Г. зн. паводле закону калі ўжо надта трэба напісаць па-расейску, то мусім дубляваць надпіс «вул. Жнівеньская» радком «ул. Жнивеньская», «вул. Вясёлкавая» — «ул. Вясёлкавая», а «вул. Будаўнікоў» — «ул. Будауникоу» (праўда, у сумнеўных тлумачэньнях улады чамусьці абмяжоўваюць гэтае патрабаваньне толькі назвамі, нададзенымі гарадзкім аб’ектам пасьля прыняцьця закону).

Але навошта гэта рабіць наагул? А калі назва ў дзьвюх мовах супадае, то пісаць «вул. Сухая — ул. Сухая»? Ці ня больш лягічна ў Гомлі ды ўсюды патрабаваць заканадаўча першаснага і зразумелага кожнаму носьбіту кірылічнага пісьма напісаньня «Будаўнікоў»? І дамагацца скасаваньня не зразумелага іншаземцам, шкоднага для асноўнай функцыі тапонімаў — арыентаваць чалавека ў прасторы — тапанімічнага дубляжу накшталт «Перамогі — Победы».

Ігар Случак шмат якіх рэчаў у справе вяртаньня беларускай мове належных функцыяў здолеў дамагчыся індывідуальнай працай. Але гэтым разам ён стратэгічна памыліўся. Прысутнасьць менавіта і найперш беларускай мовы ў гарадзкой візуальнай інфармацыі — ніякі ня «максымум», а норма, якая ў тым самым Менску не выклікала і не выклікае ні ў кога праблемаў. Нельга рабіць замах на норму толькі таму, што недзе ў адпаведнай функцыі беларускае мовы няма.

І наагул лепш не падыгрываць так званаму «двумоўю», прынамсі ў гэтай сфэры. (Пагатоў калі праграмная мэта дамагацца дзяржаўнага аднамоўя ціха зьнікла з праграмных дакумэнтаў ТБМ). Лепш дамагацца паралельнага напісаньня назваў беларускаю лацінкаю, каб спрасьціць жыцьцё меркаваным шматлікім іншаземным турыстам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG