Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Случак прапанаваў рабіць шыльды з назвамі вуліцаў на дзьвюх мовах. «Моўны інспэктар» здаўся?


У Міры ўсталёўваюць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц, ілюстрацыйнае фота

Грамадзкі актывіст і ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак пачаў збор подпісаў за тое, каб законам абавязаць рабіць шыльды з назвамі вуліц па-беларуску і па-расейску.

У сацыяльных сетках ужо задаліся пытаньнем, чаму актывіст, які выступае за пашырэньне беларускай мовы і якога называюць «моўным інспэктарам», выступае за ў тым ліку расейскую мову на шыльдах у Беларусі.

«Я, вядома, разумею крытыку і ў іншых варунках ніколі б не прапаноўваў на замежнай мове рабіць шыльды, — тлумачыць Свабодзе Случак. — Але, зь іншага боку, мы сёньня жывем у тым прававым полі, у якім жывем: у нас паводле Канстытуцыі дзьве дзяржаўныя мовы, беларуская і расейская».

У Менску ж беларускамоўныя шыльды. Чаму не патрабаваць такіх паўсюль?

«Вядома, калі ты жывеш у Менску, ты не адчуваеш праблемы зь візуалізацыяй беларускае мовы на шыльдах. Але я жыву ў Гомлі — да апошняга часу наагул не было беларускай мовы на шыльдах.

Мне прыходзілася падыходзіць да вырашэньня гэтага пытаньня з розных бакоў: хадзіць па горадзе і фатаграфаваць шыльды з дэфэктамі, дасылаць у выканкамы прапановы, каб мянялі гэтыя шыльды, але калі мянялі, то на беларускамоўныя альбо дзьвюхмоўныя; калі ідуць перайменаваньні вуліцаў, прыходзіцца прасіць, каб калі мянялі шыльды, рабілі іх беларускамоўнымі або дзьвюхмоўнымі. Толькі праз гэта недзе 15-20% беларускамоўных шыльдаў.

Я бываў, напрыклад, у Магілёве — там наагул беларускамоўных шыльдаў няма. У той жа Рэчыцы толькі расейскамоўныя...»

Як дэсаветызаваць назвы менскіх вуліцаў і пляцаў?

Случак мяркуе, што варта прапаноўваць ня «максымум», а прапаноўваць тое, на што хутчэй пагодзяцца: прапанову аб толькі беларускамоўных шыльдах (або на беларускай кірыліцай і лацінкай) могуць адрынуць, спаслаўшыся на дзьве дзяржаўныя мовы і правы расейскамоўных. Але прапанову зь дзьвюхмоўнымі шыльдамі адрынуць цяжэй, а калі яе прымуць, «беларускай мовы стане ў шмат раз больш на вуліцах, яна стане такой жа ўжыванай, як расейская».

«Я ня супраць расейскай мовы — я хачу, каб беларускай мовы было болей», — рэзюмуе Случак, дадаючы, што як чалавек мо і хацеў бы толькі беларускамоўныя шыльды, але як юрыст бачыць канстытуцыйную норму пра дзьве дзяржаўныя мовы, хай і ня лічыць яе абгрунтаванай у монаэтнічнай краіне.

Ёсьць жа закон пра геаграфічныя назвы: назвы даюцца найперш па-беларуску, а на расейскую толькі трансьлітаруюцца

У Беларусі дзейнічае закон «Аб найменьнях геаграфічных аб’ектаў», артыкул 17 якога кажа: у Беларусі найменьні геаграфічным аб’ектам даюцца на беларускай мове, зь якой праз трансьлітарацыю перадаюцца на расейскую мову, а ўлік назваў вядзецца і на той, і на другой мове. Чаму не патрабаваць беларускамоўных шыльдаў, спасылаючыся на той закон?

«Усе ведаюць пра гэты закон, але ня ўсе ведаюць, што гэты закон распаўсюджваюць толькі на тыя вуліцы, якія былі створаныя пасьля 2010 году, калі гэтыя зьмены ў закон былі прынятыя, — распавядае Случак. — На ўсе старыя вуліцы, што ўжо існуюць, гэты закон не распаўсюджваецца.

І ўсе шыльды могуць быць расейскамоўныя. Калі вуліца была да 2010 году вуліцай „Строителей“, то яе можна так і пісаць „Строителей“. А калі ўжо пасьля 2010 году зьявілася вуліца Будаўнікоў, то ўжо па-расейску гэта будзе „улица Будауникоу“. Але гэты закон не забараняе пісаць вулічныя ўказальнікі толькі на той адной мове.

Магчыма, гэта гучыць непатрыятычна, што я прапаную дадаць да тых вуліцаў, што ўжо беларускамоўныя, яшчэ і расейскую назву. Але толькі ў некаторых гарадах, як Менск ці Горадня, беларуская мова прысутнічае, у большасьці гарадоў расейская мова асноўная, а беларуская калі і прысутнічае, то збольшага яшчэ на савецкіх шыльдах, а новыя шыльды па змоўчаньні робяцца расейскамоўнымі».

Случак нагадвае, што калі просіць мясцовыя ўлады зрабіць новыя шыльды беларускамоўнымі, іх робяць беларускамоўнымі, а калі дзьвюхмоўнымі — робяць дзьвюхмоўнымі. Але дадае: гэта паўмера, бо гэта толькі адзінкавыя рэакцыі на запыты, а не агульнае правіла.

Ён упэўнены, што калі беларусам дадуць магчымасьць весьці ўсю камунікацыю таксама і на беларускай мове, калі зьявяцца беларускамоўныя ўнівэрсытэты і законы, пашырацца беларускамоўныя школы і дзіцячыя садкі, беларусы пабачаць, што беларуская мова «такая ж практычная, як і расейская» і пяройдуць на беларускую мову. Цяпер жа ў беларусаў часта няма выбару.

Памылка Ігара Случака. Піша Вінцук Вячорка

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG