20 лістапада суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзіць адміністрацыйную справу супраць старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Яго абвінавачваюць у парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў за ўдзел у акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў каля будынку КДБ у Менску 29 кастрычніка.
«Лідэр АГП плянуе наведаць гэтае шоў, каб асабіста засьведчыць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца», — паведаміла прэс-служба АГП.
За акцыю каля КДБ суд 12 лістапада пакараў 9-мільённымі штрафамі апазыцыянэраў Мікалая Статкевіча, Уладзімера Някляева і Максіма Вінярскага.
Судзьдзя тады задаволіла хадайніцтва Лябедзькі аб пераносе пасяджэньня. Палітык матываваў гэта ўдзелам у сустрэчы зь міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам, які знаходзіўся ў Менску.
Таксама 20 лістапада Менскі гарадзкі суд разгледзіць скаргу Анатоля Лябедзькі на рашэньне суду Цэнтральнага раёну ад 28 кастрычніка, згодна зь якім палітыка аштрафавалі на 9 мільёнаў рублёў. Судзьдзя прызнала яго вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня вулічнага мерапрыемства паўторна цягам аднаго года за ўдзел у «Шэсьці нацыянальнага сьцяга» ў Менску 10 кастрычніка.