Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Райскі сад у былой ГДР


Джэні Эрпэнбэк
Джэні Эрпэнбэк

Пісьменьніца Джэні Эрпэнбэк (нар. 1967) напісала кніжку пра сваё дзяцінства ў ГДР, «Слоўнік» («Wörterbuch», 2004). Гэтым мяне й зацікавіла. У дзяцінстве я таксама жыў у ГДР, у вайсковым гарадку. Хацелася пачытаць кніжку былой усходненямецкай школьніцы.

Адразу набыў і раман Эрпэнбэк пра дом ля возера пад Бэрлінам («Heimsuchung», 2008), загаловак якога ў польскім перакладзе гучыць інакш, чым у арыгінале: «Ключ ад саду». Напэўна, ад райскага саду, які бывае ў дзяцінстве: у вёсцы ў бацькоў ці дзядоў або на дачы. Такі сад быў якраз і ў мяне, менавіта ў ГДР: з буйнымі, ажно чорнымі чарэшнямі, якіх я раней ніколі не каштаваў. Два гады таму наведаўся туды: дрэвы спляжаныя.

Бэрлінская школьніца

«Слоўнік» — жыцьцё ў былой ГДР, паказанае вачыма школьніцы. Гэта краіна, дзе заўсёды сьвеціць сонца, але адбываюцца незразумелыя рэчы, аб якіх няма ў каго спытаць. У аўтобусе два мужчыны раптам груба хапаюць і выцягваюць вонкі жанчыну, і няма каму заступіцца. Добры пяшчотны бацька працуе ў палацы, на якім намаляваныя вокны, дзе, як высьвятляецца пры канцы, зьбіваюць людзей. Чамусьці кавярні зачыняюцца, а ходнікі зарастаюць травой. А на вуліцах зьяўляюцца «людзі з каменю».

У нямецкай школе так, як у савецкай. Урачыстая «лінейка» — пастраеньне вучняў у гальштуках, пад барабан выносіцца сьцяг, на які трэба зважаць, суправаджаючы поглядам. Толькі пілёткі і гальштукі не чырвоныя, а сінія.

Над галавой лятаюць самалёты, а дзяўчынкі выдумляюць, што ўнутры іхнія бацькі, і яны паляцяць далёка за межы: у Рым ці на Аляску. У нашай гераіні дома цёплая сямейная атмасфэра. Ты наш найбольшы скарб, кажуць ёй бацькі. Падарункі на дзень народзінаў, запаленыя сьвечкі. Срэбная зашпілька для валасоў, кніжка казак, пісьмовая папера з вадзянымі знакамі і зь яе імем, ёй дораць таксама глыбокую талерку з малюнкам і ружу. Праўда, смачнае пірожнае ператвараецца ўнутры цябе ў дрэнь, раптам адкрывае для сябе дзяўчынка. Але як ёй падабаюцца лыжка з зайчанём, відэлец з мішкам і ножык з галоўкай коціка.

Сям’я дзяўчынкі жыве даволі заможна. Дом з мансардай, домработніца, пральная машына, поўная лядоўня, у яе фартэпіяна. Антыкварная мэбля, жырандолі. Дываны, карціны, люстры. Аднойчы яна пытаецца ў бацькі: а хто тут жыў раней? Ды так, адзін такі, які «рабіў левыя інтарэсы», адказвае ён.

Бацька аднойчы прызнаецца ёй: быць чалавекам — гэта аграмадная праца...

Пры канцы зьмяняецца звычайная плынь аповеду. Бацька забірае сям’ю, яны некуды едуць, спыняюцца, напэўна, на мяжы. Далей кідаюць машыну і ўзьбіраюцца ў горы, каб перайсьці на другі бок. У гарах спыняюцца ў чужым доме з выламаным замком, з занядбаным садам навокал. За домам строма і далей раптам мора. Бацьку хочацца гаварыць. Ён выдае службовыя сакрэты: як катаваць, каб здабыць праўду. Падрабязнасьці — як з інструкцый інквізыцыі. Фантазія ў нас ня ведае межаў, кажа бацька. Прычым ён зьвяртаецца да дачкі, як зьвяртаецца да вучаніцы настаўнік, нібы выкладае ёй урок. Усе спосабы прыдатныя, абы выцягнуць праўду...

Калі іх знаходзяць, яна сядзіць у бацькі на каленках, і патрэбны нож, каб іх аддзяліць адно ад аднаго. Хаця, можа, яна папросту заснула ў яго і ён нічога не гаварыў, здаецца ёй потым.

Яе бацькі апынаюцца пад судом, бо яна — чужая дачка, а яе сапраўдных бацькоў цяперашнія... што? Забілі? Наратар не вымаўляе гэтага слова. Толькі кажа, што яны «прыўлашчылі» дзяўчынку. І дзень народзінаў адзначалі несапраўдны. Шок? Яна прымушае сябе вызваліцца ад усяго, што было ў папярэднім жыцьці, шчасьлівым і сонечным, як здавалася. Яе бацькі пойдуць у турму, а сапраўдныя «даўно не жывуць».

Калі яна аднойчы наведае зьняволенага бацьку, ён скажа: «Не забывайся, што будучыня належыць нам. Каменных папраўдзе скінулі, але іхняе карэньне разрастаецца пад усім горадам. Пачакай толькі... Яны ня ведаюць нават, як нармальна трэба мардаваць. Дылетанты». Так, адказвае яна. Калі людзі праходзяць міма палацу, дзе служыў бацька, яны сплёўваюць.

Дом пакідаюць ёй у якасьці кампэнсацыі. Праз тры гады вяртаецца з турмы маці. Яны зноў жывуць разам. Гатуючы, тая загортвае лушпайкі ў газэты, «у якіх ужо даўно пасьміхаюцца новыя невядомыя твары». Апошні сказ кнігі: «Двума гадамі пазьней бацька таксама вяртаецца дадому».

Дом ля «бэрлінскага мора»

Вядомыя кадры даваеннай кінахронікі: на бэрлінскіх азёрах сотні ветразяў, пляжы, жыхары сталіцы бавяць летнія выходныя. На беразе самага вялікага возера, названага «бэрлінскім морам», мела дом заможная габрэйская сям’я. Пашанцавала толькі аднаму сыну, які зьехаў працаваць у Афрыку. Астатнія, падрыхтаваўшы пашпарты, не пасьпелі, загінулі ў канцлягеры.

Дом перайшоў да архітэктара, які працаваў у Шпэера. Ён застаўся ва Ўсходняй Нямеччыне, пашкадаваў дом. Аднак пазьней перабраўся на Захад. Дом аддалі сям’і пісьменьніцы, габрэйкі, якая ратавалася ад фашыстаў у СССР. Там таксама аднойчы запахла паленым, калі пачалі браць антыфашыстаў. Але яе з мужам небясьпека абмінула. Яны вярнуліся ў Нямеччыну «рабочых і сялян». Яна прывезла назад сваю старую пішучую машынку са сьцёртымі літарамі.

Усім, хто жыў у доме ля возера, было ў ім добра. Калі яны рыхтаваліся пакінуць яго, то закопвалі срэбныя сталовыя прыборы пад кустом. Але вялікіх трагедый тут не адбывалася. Толькі аднойчы кароткая драма. У 1945 сад часова ператварылі ў стайню пад адкрытым небам, зямлю перакапыцілі дзьвесьце коней кавалерыйскай часткі. І тут вока раптам спатыкаецца: пісьменьніца піша, што будучаму камандзіру было пятнаццаць год, калі немцы забілі яго маці і сястру на вёсцы, сам ён ацалеў. Цяпер ён адразу маёр. Не стыкуецца. Ды няхай. Малады камандзір займае наверсе спачывальню гаспадароў. Аднойчы ён выкрывае, што за дзьвярыма шафы-гардэробу хаваецца гаспадыня, жонка архітэктара. Мінула ўжо некалькі дзён! Што ён бачыць? Перапалоханую кабету. І перапоўнены начны гаршчок.

Заканчваецца даволі натуралістычнай сцэнай сэксу, хаця выпісанай псыхалягічна амаль бездакорна. Аднак «Frankfurter Allgemeine Zeitung» назвала сцэну самым слабым месцам у рамане, «безгустоўнай палітычнай парнаграфіяй»... Адначасова газэта ацэньвае вельмі высока агулам творчасьць Джэні Эрпэнбэк, называючы яе адной з найбуйнейшых прадстаўніц новага пакаленьня нямецкіх пісьменьнікаў.

Прыходзяць новыя часы, нашчадкі архітэктара патрабуюць вярнуць дом. Гэта выконваецца. Аднак жыць у ім яны не зьбіраюцца. Дом прадаюць, каб зруйнаваць. Прыяжджаюць работнікі, якія гэта зробяць. Напэўна на яго месцы пабудуюць новы, але пакуль прырода можа пабыць сама сабой.

Каб напісаць раман, Джэні Эрпэнбэк атрымала фінансавую падтрымку, у прыватнасьці, ад сэнату горада Бэрліну і ад фонду Боша. Што дзівіцца, калі пісьменьніца за апошні час атрымала нямала літаратурных прэмій, у тым ліку вельмі прэстыжных — імя Інгэборг Бахман і Хайміта фон Додэрэра.

Джэні Эрпенбэк можна пазайздросьціць. Яе бацька, Ён Эрпэнбэк, быў пісьменьнікам, маці перакладчыцай. Дзед Фрыц Эрпэнбэк пісаў дэтэктывы, бабуля Геда Цына(-нэр) — раманы. Што ёй яшчэ заставалася?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG