Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беражыце вушы!


Шум, а ня ўзрост зьяўляецца асноўнай прычынай страты слыху.

Калі вы не абароніце вашы вушы ад празьмернага шуму цяпер — рана ці позна будзеце мець праблемы ў разуменьні нават звычайнай гаворкі. Пра гэта папярэджвае New York Times.

Дзясяткі мільёнаў амэрыканцаў, сярод іх 15 адсоткаў дзяцей школьнага ўзросту, ужо маюць праблемы ў выніку пагаршэньня слыху, і гэта выклікана паўсядзённым шумам, які мы прызвычаіліся прымаць як неад’емны факт жыцьця.

«Сумная ісьціна палягае ў тым, што многія з нас не ўсьведамляюць уласную адказнасьць за страту слыху», — піша Кэтрын Баўтон у сваёй новай кнізе «Крык не дапаможа: Чаму я — і 50 мільёнаў іншых амэрыканцаў — ня чую». Небясьпеку нясе, тлумачыць яна, «шум, якому мы бестурботна падвяргаем сябе дзень за днём».

Хоць існуе мноства спосабаў абароны людзей, якія працуюць у шумных умовах, па-за межамі працы цяжка абараніцца ад такіх носьбітаў шуму, як партатыўныя музычныя прылады, рок-канцэрты, фэны, сырэны, газонакасілкі, пыласосы, аўтамабільныя сыгналізацыі і незьлічонага мноства іншых крыніц.

Мы жывем у шумным сьвеце, і кожны год ён, здаецца, становіцца больш шумным. Так узровень шуму ва Ўнівэрсытэце Канзасу часта перавышае шум, які робіць ланцужная піла.

Пасьля дрэннага абслугоўваньня, шум зьяўляецца другой скаргай у рэстаранах. Уласьнікі лічаць, што людзі больш ядуць і п’юць у ажыўленых кавярнях, і многія зь іх адмыслова павялічваюць гучаньне музыкі.

Вушы — далікатны інструмэнт. Калі ідуць гукавыя хвалі, яны выклікаюць вібрацыю барабаннай перапонкі. Ваганьні перадаюцца ва ўнутранае вуха, дзе вадкасьць пераносіць іх на акуратна арганізаваныя шэрагі валасковых клетак. Гэта, у сваю чаргу, стымулюе слыхавыя нэрвы, кожны зь якіх настроены на іншую частату. Гэтыя імпульсы праходзяць праз слыхавы нэрв у мозг, дзе яны інтэрпрэтуюцца як, скажам, словы, музыка або шум ад транспарту.

Празьмерная гучнасьць, альбо хранічны шум, хай бы нават і ня вельмі гучны, могуць наносіць шкоду валасковым клеткам, прыводзячы да іх выраджэньня.

Мы нараджаемся з фіксаваным лікам валасковых клетак, і як толькі яны памруць, яны не адновяцца, і слыхавая адчувальнасьць будзе канчаткова страчаная.

Доктар Майкл Д. Зайдман зь Мічыгану раіць выкарыстоўваць затычкі для вушэй, калі даводзіцца сушыць валасы фэнам, альбо выкарыстоўваць газонакасілкі. Сродкі абароны слыху зьяўляюцца абавязковымі для людзей, якія езьдзяць на матацыклах або выкарыстоўваюць пнэўматычныя дрылі.

Але звычайныя музычныя плэеры на максымальнай магутнасьці могуць рабіць на вашы вушы больш адмоўнае гукавое ўзьдзеяньне, чым шум авіяцыйнага рухавіка.

Памятайце: калі музыка ў вашых навушніках гучыць на такім ўзроўні, што блякуе звычайную гаворку — вы наносіце сьмяротны ўдар сыстэме вашага слыху. І зусім верагодна, што праз колькі гадоў замест навушнікаў на вашых вушах будзе адмысловы слыхавы апарат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG