Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масла, алей, алiва


Юрась Бушлякоў, Менск

Створаны ў 1990-ыя аднатомны “Тлумачальны слоўнiк беларускай лiтаратурнай мовы” патлумачыў слова масла як “харчовы тлушч, прыгатаваны з рэчываў жывёльнага, раслiннага або мiнеральнага паходжання”. Хiба мае масла ў нашай лiтаратурнай мове такое шырокае значэньне? Слоўнiк, вiдавочна, перабольшвае, i прычына такога перабольшваньня ў тым, што працытаваная дэфiнiцыя амаль даслоўна перанесеная з “Слоўнiка расiйскае мовы” (“Словарь русского языка”) Сяргея Ожагава.

Традыцыйна па-беларуску маслам называлi й называюць прадукт, тлушч, якiя гатуюць зьбiваньнем сьмятаны або вяршкоў. Называючы масла, не прынята ў нас дадаваць, што яно сьметанковае – гэта само сабою зразумела. Прыметнiкавае ўдакладненьне тут лiшняе, яно – вынiк калькаваньня. На ўсякае тлушчавае рэчыва, якое мае расьлiннае паходжаньне, выраблена з расьлiннага насеньня, ёсьць у нас слова лацiнскага паходжаньня алей. Алей бывае льняны, канапляны, сланечнiкавы, макавы, гарчычны, какосавы й г. д. На алеi расьцiраюцца фарбы, таму гаворым, што мастак пiша алеем, працуе ў алейным жывапiсе. Поруч з алеем маем яшчэ адзiн лацiнiзм – слова алiва. Алiва – гэта ня толькi субтрапiчнае дрэва й плод такога дрэва, ня толькi алiўкавы алей. Назоўнiк алiва ў беларускай мове ужываўся й ужываецца таксама для называньня таго тлушчавага рэчыва, якое iдзе на тэхнiчныя патрэбы. Можа быць, напрыклад, машынная алiва. У Максiма Лужанiна чытаем: “… машына тая адменна гула, i пабразгвала, i нязвыкла пахла алiваю. Алiва – даўняе, традыцыйнае ў нашай мове слова. Па-беларуску перасьцерагаюць: “Хлусьня, як алiва, – заўсёды выйдзе наверх”.

Пры канцы папрактуем ужываньне трох словаў: масла, алей, алiва. Масла можам намазаць на батон, робячы сабе, да прыкладу, бутэрброд, на алеi смажым, алеем запраўляем салату, алiваю змазваем дэталi, алiву можам залiць у машыну.
XS
SM
MD
LG