Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства вольных літаратараў паўстала зь бязьвер'я.


Міхась Скобла, Менск

Калі ў 1993 годзе на літаратурнай мапе Беларусі зьявілася Таварыства вольных літаратараў, калегі з афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў толькі паціснулі плячыма. Маўляў, усе мы вольныя, а ня толькі новапаўсталая суполка, якой не прарочылі доўгага жыцьця.

Але час ішоў, Таварыства патроху дужэла. Неўзабаве пры ім узьнікла невялікае выдавецтва "Полацкае ляда", а потым і свой пэрыёдык — літаратурна-мастацкі альманах "Калосьсе". Да ажыцьцяўленьня гэтых праектаў спрычыніўся мой сёньняшні суразмоўца, паэт і крытык з Полацку Алесь Аркуш.

(Міхась Скобла: ) "У "Спробе маніхвэсту" Таварыства вольных літаратараў, каардынатарам якога ты зьяўляесься, было запісана літаральна наступнае: "Мы больш ня верым нікому". Што прымусіла вас гэтак татальна зьняверыцца?"

(Алесь Аркуш: ) "У той час зьяўлялася вельмі шмат розных дэклярацыяў. Але я нешта ня памятаю, каб яны спраўджваліся. Таму мы ад пачатку вырашылі гаварыць толькі ад свайго імя і адказваць за свае ўласныя справы.

Наша зьняверанасьць зьявілася ў выніку адвечнага беларускага "плачу". Бо практычна кожная тэза, кожная нота гэтага "плачу" была няпраўдаю.

"Плакальшчыкі" жаліліся, што беларусы ўжо не чытаюць па-беларуску. Але беларускамоўная газэта "Звязда" выходзіць накладам 70 000 асобнікаў! Памножце гэтую лічбу на 2 або на 3, як раяць сацыёлягі, і вы будзеце ведаць, колькі чытачоў амаль штодзень чытаюць па-беларуску. А дзе тая беларускамоўная кніга, якая выйшла б сёньня хоць бы 100-тысячным накладам?

Значыць, прычына не-чытаньня палягае зусім у іншай плашчыні. Магчыма, чытач проста не знаходзіць актуальных, цікавых для сябе тэкстаў. Але скардзіцца на няўвагу і "плакаць" над загубленым лёсам беларускай кнігі заўчасна. Мы ня верым у скон беларускай літаратуры. Наадварот, сёньня на Беларусі самыя спрыяльныя часы для прыгожага пісьменства.

Мы зьвяртаемся да моладзі. Бярыце адказнасьць на сябе. Стварайце літаратурныя суполкі, аб'ядноўвайцеся па эстэтычных, канцэптуальных або якіх іншых схільнасьцях. Стварайце свае выдавецтвы, друкарні. У адной Варшаве каля 500 выдавецтваў.

Мы адмыслова больш нікога не прымаем у ТВЛ. Мы ня хочам ствараць другога "Маладняку". Спаборнічайце з намі. Мы гатовыя ўзгадняць з вамі дзейнасьць, даваць парады і нават дапамагчы з друкаваньнем кніг. Але кнігі гэтыя мусяць стаць адметнымі падзеямі!"

(Скобла: ) "Ты зьяўляесься рэдактарам найбольш доўгатрывалага праекту Таварыства — літаратурна-мастацкага альманаху "Калосьсе". Выйшла ў сьвет ужо 9 нумароў. Альманах выдаецца безь дзяржаўнай падтрымкі й друкуецца за мяжой.

Ці не азначае гэта, што "вольныя літаратары" залічаюць сябе да апазыцыі палітычнаму рэжыму? Ці вы заклапочаныя найперш мастацкім роўнем сваіх твораў? Як выгукнуў стамлёны сацрэалізмам паэт: "Дайце верш, каб зоры зарыдалі!" Над альманахам "Калосьсе" ужо "зоры зарыдалі"?"

(Аркуш: ) "Для нас найважней тое, што мы — сапраўдныя. Мы — шчырыя. Да гэтай пары беларускія літаратары наўрад ці маглі быць шчырыя, паколькі над імі быў Галоўліт, безьліч розных чыноўнічкаў. Таму іхная шчырасьць хавалася ў нейкія беларускія нетры, беларускія балоты. Для нас было вельмі важна знайсьці й выгукнуць гэтую шчырасьць. І сёньня мы такую магчымасьць маем, і ніхто, ніякі рэжым не забароніць нам гэтага зрабіць.

Акрамя альманаху мы выдаем бібліятэку "Калосься". Мы даўно марылі, каб мець магчымасьць выдаваць ня толькі маленькія кнігібкі (мы іх выдаем з пачатку 1990-х), а сур'ёзныя, важкія кнігі прозы, эсэістыкі.

Нарэшце мы зрушылі гэты праект зь месца. Летась выйшла некалькі цікавых кніг. Дарэчы, усе яны былі заўважаныя нашым кволым літаратуразнаўчым друкам. Напрыклад, мы выдалі "Апошнія вершы Леаніда Галубовіча", якому споўнілася 50 гадоў. Вядома ж, паэту, які, мякка кажучы, не ляяльны да сёньняшняй улады, разьлічваць на падтрымку дзяржвыдавецтваў не прыходзілася.

Цяпер мы рыхтуем да друку пісьменьніка з Докшыцаў Івана Фурсевіча, на жаль, нядаўна памерлага. Ён быў сябрам Саюзу Беларускай Моладзі, потым вязьнем сталінскага Гулагу. Пэўна ж, Дзяржкамдрук таксама не дапаможа выдаць ягоную спадчыну.

Заплянаваная ў бібліятэчцы да выданьня й кніга заўчасна памерлага горадзенскага паэта Андрэя Пяткевіча, а таксама зборнік цікавай паэткі Галы Гары. Усё гэта мы павінны рабіць самі, а не чакаць дзяржаўнай падтрымкі".

(Скобла: ) "Ці ня кожнае новае літаратурнае пакаленьне самасьцьвярджаецца, адмаўляючы тое, што было створана папярэднікамі. Як гаварылі на Беларусі яшчэ з 1920-х гадоў — ідзе са старымі ў рожкі. Вось і "тэвээлаўцы" не абмінаюць гэтай традыцыі, хоць да пачаткоўцаў залічаць вас не выпадае, гады — рэч упартая.

І тым ня менш, чытаю ў тваёй кнізе "Выпрабаваньне развоем", што выйшла летась: "Старэйшыя пісьменьнікі ня маюць шанцаў трапіць у сусьветны архіў — і гэта сьмяротная небясьпека для беларускай літаратуры".

Патлумач, у чым перавага Алеся Аркуша, Юр'я Гуменюка ці Ігара Сідарука над Быкавым, Брылём, Барадуліным, Шамякіным, Гілевічам перад дзьвярыма таго сусьветнага архіву?"

(Аркуш: ) "Мы ня мелі на ўвазе, што Быкаў, Гілевіч ці Караткевіч не актуальныя для сусьветнага літаратурнага кантэксту. Проста былая сыстэма не дазваляла зь іх зрабіць постаці літаратурныя. Саюз пісьменьнікаў не агучваў беларускую літаратуру на міжнароднай арэне, ён больш займаўся праблемамі ганарараў, кватэрамі й г.д.

Я ня памятаю ніводнай кампаніі па "раскрутцы" таго ж Васіля Быкава, якую правёў бы Саюз пісьменьнікаў. Я ведаю, што падобную кампанію правяла газэта "Наша Ніва", выдала некалькі кніг, інсьпіравала і рыхтавала ў замежным друку матэрыялы пра Быкава, рупілася, каб ягоныя кнігі перакладаліся. Беларускі ПЭН-цэнтар таксама гэтым займаўся".

(Скобла: ) "Ты пасьлядоўны прыхільнік рэгіянальных культурніцкіх рухаў. Сапраўды, тое, што табе ўдалося зрабіць у Полацку, выглядае прывабна.У тым ліку й для сталіцы.

Чаму ж ты лічыш, што Менск "зьедліва і фанабэрыста" назірае за вамі? Аднойчы ты нават напісаў, што "сталіца сабатуе рэгіянальныя праекты". Адкуль такія высновы?"

(Аркуш: ) "Такія высновы — з аналізу тае посттаталітарнае сытуацыі, якая была ў Беларусі. Можна доўга гаварыць пра тое, як сталіца высмоктвала ўсе сілы з рэгіёнаў, як павальна зьяжджалі пісьменьнікі ў Менск.

Дастаткова паглядзець, што ў выніку сталася з тым жа Полацкам. Правінцыя ня бачыла ніякай пэрспэктывы, не паўставала новых ініцыятываў, праектаў, не ўзьнікалі рэгіянальныя суполкі. Сытуацыя патрабавала неадкладных зьменаў. Вось Таварыства вольных літаратараў і спрабуе зьмяніць існуючае становішча.

Нядаўна мы пачалі выдаваць новы часопіс, які так і называецца — "Правінцыя". Я думаю, літаратурных выданьняў падобнага роўню і сталіца ня бачыла. Самыя вядомыя сталічныя пісьменьнікі друкуюцца ў нашых выданьнях, і гэта для нас ужо перамога".

(Скобла: ) "Беларускія літаратары апошнім часам апынуліся ледзь не ў ізаляцыі. Сапраўды, перакладаў зьяўляецца мала, а тыя, што ёсьць, не заўсёды якасныя. Улады строга лімітуюць міжнародныя культурніцкія кантакты.

ТВЛ назапасіла тут пэўны вопыт. З кім вы супрацоўнічаеце ды які плён гэтае супрацы?"

(Аркуш: ) "Ад першых дзён ТВЛ у нас запачаткаваліся добрыя стасункі з калегамі з Польшчы і Ўкраіны. Днямі я прыехаў зь літаратурнага фэстывалю "Паэзія плюс 1" з Харкава, у нас даўнія кантакты з тамтэйшым часопісам "Украінскі засіў".

Арганізатары фэстывалю зьвярнуліся да ТВЛ, дэлегацыю фармаваў я. Я запрасіў ад наймалодшай генэрацыі Андрэя Хадановіча й Славаміра Адамовіча, а таксама гурт "Зэт". Упоруч з расейцамі ды ўкраінцамі мы добра выглядалі, шмат каму спадабаліся. Верш Хадановіча "З чаго пачынаецца Жодзіна" нават друкаваўся ва ўкраінскім часопісе па-беларуску.

Мы кантактуем з польскімі літаратурнымі выданьнямі. Я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы беларускага нумару ольштынскага часопіса "Borusija". Творы сяброў Таварыства зьмяшчаліся ў беластоцкім часопісе "Kartki". Рыхтуецца беларускі нумар познаньскага альманаху "Kresy", вядуцца перамовы з варшаўскім часопісам "Literatura na swiecie".

(Скобла: ) "Алесь, і пытаньне на адвітаньне. Давай паспрабуем адстароніцца ад Таварыства вольных літаратараў, ідэолягам і каардынатарам якога ты зьяўляесься. Ці ўдаецца табе задаволіць свае ўласныя творчыя амбіцыі?"

(Аркуш: ) "Раней я быў фіксатарам, аморфным наглядальнікам тых падзеяў, што адбываліся навакол, выкладаў свае пачуцьці ў вершах. Але гэтага, як высьветлілася, мала. Патрэбныя суб'екты літаратурнага працэсу, патрэбныя ініцыятывы — а гэтага нам акурат бракуе.

Беларускай літаратуры недастаткова трох-чатырох дзяржаўных часопісаў для нармалёвага разьвіцьця. Напрыклад, у той жа Польшчы дзяржава фінансуе толькі 4 часопісы, а ўсяго літаратурных выданьняў існуе больш за сотню! І ў нас літаратурныя праекты зьяўляюцца адзін за адным. Творчага патэнцыялу ў нас хопіць!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG