Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПАЗНАЦЬ СТРЭС І ЗМАГАЦЦА ЗЬ ІМ?


Кастусь Бандарук, Прага

Сучасны лад жыцьця прымушае нас хутка прымаць рашэньні, дасягаць мэтаў, павышаць кваліфікацыю, спаборнічаць дзеля дасягненьня посьпеху, быць спраўным фізычна, заўсёды ўсьмяхацца, быць прыгожым і маладым.

Безьліч задачаў, абавязкаў і праблемаў неаднойчы перавышаюць нашыя фізычныя і псыхічныя магчымасьці. Пачынаем адчуваць трывогу, стомленасьць і злосьць. Усё гэта вынік стрэсу – гэтак назваў рэакцыю арганізму на розныя неаптымальныя чыньнікі й увёў гэтае паняцьце ў навуку канадыйскі вучоны Ганс Сэлье.

Нядоўгі стрэс можа мабілізаваць да дзеяньня, але працяглы нішчыць арганізм. Эмоцыі выклікаюць нэўрозы і псыхічны разлад. Не паглыбляючыся ў навуковыя падрабязнасьці, адзначым, што першапачатковым заданьнем стрэсу была мабілізацыя дзеля барацьбы, абароны або ўцёкаў. Пад уплывам стрэсу нашыя продкі, на якіх кідаўся, прыкладам, дзікі зьвер, былі здольныя справіцца зь небясьпечнай сытуацыяй.

Паводле псыхолягаў, ёсьць два віды стрэсу. Добры (eustres) дапамагае выйсьці зь цяжкога становішча, палепшыць эфэктыўнасьць дзеяньня, утрымаць арганізм у стане раўнавагі й пільнасьці. У гэтым сэнсе стрэс можна назваць прыправай жыцьця.

Аднак прыправы можа быць зашмат. Працяглы, дрэнны стрэс (dystres) празь зьмены ў гарманальнай і нэрвовай сыстэмах паступова закранае ўсе жыцьцёва важныя органы і прыводзіць нават да сьмерці.

Як пазнаць стрэс? Ягонымі сымптомамі могуць быць: часты галаўны боль, раптоўныя сутаргі, высыпка, пачуцьцё стомленасьці, алергіі, павышаны крывяны ціск, моцнае сэрцабіцьцё, хуткае дыханьне, ваніты й непрытомнасьць, пашыраныя зрэнкі, падвышаны цукар у крыві, сухія вусны, бледная і халодная скура.

Існуюць таксама папераджальныя сыгналы стрэсу. Гэта бяссоньніца, начныя кашмары, цяжкасьці з канцэнтрацыяй, эмацыйная нестабільнасьць, баязьлівасьць, раздражнёнасьць і дэпрэсія.

Амэрыканскія вучоныя лічаць, што стрэс зьяўляецца прычынай хваробаў у амаль паловы дарослага насельніцтва ЗША. Стрэс павялічвае рызыку ўзьнікненьня хваробаў сэрца, лёгкіх, печані, раку, а таксама бывае прычынай аўтакатастрофаў і самагубстваў – а гэта шэсьць асноўных прычынаў сьмерці. Штогод стрэс цягне матэрыльныя страты на 300 мільярдаў даляраў – гэта хваробы працаўнікоў, меншая прадуктыўнасьць і выплаты кампэнсацыяў.

Амэрыканскія навукоўцы Гольмс і Рагэ з Вашынгтонскага ўнівэрсытэту выпрацавалі шкалу залежнасьці паміж хваробамі й стрэсам. Кожную стрэсавую сытуацыю яны акрэсьлілі ў пунктах. Сьмерць мужа або жонкі – 100 пунктаў, сьмерць сябры – 37 пунктаў, звальненьне з працы – 45 пунктаў, неспадзяваная цяжарнасьць – 40, праблемы з шэфам – 23 пункты, зьмена кватэры – 20 пунктаў і г. д.

Калі сума пунктаў за два гады складзе 300, верагоднасьць захворваньня складзе 80%, а калі іх будзе менш за 150, тады верагоднасьць хваробы зьмяншаецца да 30%.

Стрэсу немагчыма пазьбегнуць, таму трэба навучыцца жыць зь ім і зводзіць да мінімуму яго нэгатыўны ўплыў. Амэрыканскія спэцыялісты ў галіне мэдыцыны працы Стыў і Кімбэрлі Бэрнс, а таксама Ўэйн Нікенс з Фонду нацыянальнай адукацыі ў справах алькагалізму і наркаманіі выпрацавалі шэраг практычных парадаў адносна важнай і найбольш стрэсавай часткі жыцьця – працы. Вось некаторыя зь іх:

- Падумай аб прычынах стрэсу, вызначы, што цябе найбольш раздражняе і перашкаджае на працы. Магчыма, можна нешта зьмяніць, выступіць зь нейкай ініцыятывай і дасягнуць разумнага кампрамісу.

- Навучыся гаварыць “не”. Усе нечага ад цябе патрабуюць, эксплюатуюць тваю зычлівасьць і дабрыню, але ты адчуваеш, што табе не хапае сілаў для сваіх справаў. Пачні адказваць: “Не магу, ня маю часу, даруйце”.

- Калі ў цябе адказная пасада, ня думай, што на табе сьвет клінам сышоўся, што безь цябе астатнія нічога ня зробяць як трэба. Падзялі абавязкі зь іншымі, дазволь ім выявіць сваю ініцыятыву, паказаць, што самі ўмеюць.

- Не імкніся любой цаной да таго, каб усе цябе любілі. Праўда, ніхто ня любіць антыпатыі й незычлівасьці з боку калегаў, але ўсім не дагодзіш.

- Навучыся выказваць свае эмоцыі. Не зьбірай у сабе жаль і крыўду – ветліва, але рашуча заяўляй: “Гэта мне не падабаецца”, “Не рабі гэтак”, “За гэта я маю да цябе прэтэнзіі”.

- Не пераймайся з-за праблемаў, якіх пакуль яшчэ няма. Не абмяркоўвай начамі сцэнары найгоршых варыянтаў. Дрэнна быць наіўным аптымістам, які недаацэньвае праблему, але й неразумна перабольшваць неістотнае.

- Хвалі сябе, не папракай сябе бясконца за нейкае слова ці прамашку, на якія мо’ ніхто не зьвярнуў увагу. Падумай ня толькі пра свае недахопы, але й пра відавочныя перавагі. Прыгадай, што нядаўна цябе хвалілі, хаця ня мусілі рабіць гэтага.

Амэрыканскія спэцыялісты рэкамэндуюць таксама спрабаваць зрабіць больш рэгулярным і прадказальным плян дзённых заняткаў і абавязкаў. Усё павінна быць як найлепш разьмеркаванае, на ўсё павінен быць свой час, безь неспадзевак і непатрэбнай мітусьні. У працы варта зрабіць перапынак і перадышку. Праца даўжэйшая за 40 гадзінаў на тыдзень дадае 40 стрэсавых пунктаў на вышэй згаданай шкале. Вось яшчэ пара парадаў:

- Паколькі ўмовы працы часта цяжка зьмяніць, перад працай займайцеся ранішняй зарадкай (гімнастыкай), пасьля працы паляжыце ў ваньне, насыпце ў ваду солі, найлепш зь вялікай колькасьцю брому, які супакойвае нэрвовую сыстэму.

- Як мага болей трэба займацца спортам, танцамі, мэдытацыяй, любімымі заняткамі, пазьбягаць гоману. Спажывайце болей гародніны і харчоў багатых на магній, вітаміны. Калі трэба – зьвяртайцеся да лекара.


* * *

А цяпер пра тое, чым тлумачаць сваю даўгавечнасьць тыя, хто пражыў больш за 100 гадоў.

Найстарэйшы чалавек у сьвеце – Гаірхан Ірышанаў жыве ў дагестанскай вёсцы на мяжы з Чачэніяй. Паводле мясцовай адміністрацыі мястэчка Кізыл-Юрт, сёлета яму споўніцца 135, хаця дакладных дакумэнтаў няма і гэта цяжка праверыць.

Дагестанец захаваў сьветлы розум, ён добра памятае ўсе падзеі са свайго доўгага жыцьця. Ірышанаў меў тры жонкі, у яго 10 дзяцей і 40 унукаў і больш як 50 праўнукаў. Ён ніколі не паліў і амаль не ўжываў алькаголю, затое рэгулярна харчуецца баранінай.

Сёлета 14 лютага ў Доме для старых у Стоўне (Вялікабрытанія) ва ўзросьце 115 гадоў памерла Эва Морыс. Днямі раней яна была адзначаная ў Кнізе рэкордаў Гінэса як найстарэйшая жанчына ў сьвеце. Морыс, былая хатняя гаспадыня, тлумачыла сваю даўгавечнасьць тым, што кожны дзень яна выпівала невялікую колькасьць віскі й ела вараную цыбулю. Паводле Кнігі рэкордаў Гінэса, дагэтуль найстарэйшай жанчынай была францужанка Жана Луіза Кальмэнт. Яна памерла ў 1997 годзе, пражыўшы 122 гады і 164 дні.

Днямі македонскае тэлебачаньне паведаміла пра найстарэйшага жыхара краіны. Ібрагім Айроскі ўсё жыцьцё быў земляробам, ён дагэтуль жыве ў вёсцы і ніколі дагэтуль сур’ёзна не хварэў. Паводле яго самога, сакрэт доўгажыхарства і добрага здароў’я – у адпаведным харчаваньні й мёдзе. Суседзі цьвердзяць, што дзед Ібрагім – вельмі ўраўнаважаны чалавек: ён ніколі ні з кім не канфліктаваў. Найстарэйшы македонец штодзень выпівае каву ля вясковай крамы і шмат ходзіць. Ён не прымае ніякіх лекаў і яшчэ сёлета мае намер працаваць ў агародзе, дзе пасадзіў кавуны й дыні.

Аднаму з найстарэйшых людзей у сьвеце, жыхару Сардыніі Антоніё Тода, споўнілася 112 гадоў. Ён сам адчувае сябе выдатна і кажа, што дажыве да 130 гадоў. Сакрэт доўгажыхарства жыхароў Сардыніі, дзе жыве некалькі дзясяткаў чалавек, якім больш за 100 гадоў, стаў прадметам навуковых дасьледаваньняў.

З нагоды Тодавага дня народзінаў міністар сельскай гаспадаркі Італіі Альфонса Пэкарара Сканьё ўручыў даўгавечніку пасьведчаньне пра тое, што ён зьяўляецца сымбалем барацьбы з хваробай шалёных кароваў. Справа ў тым, што Антоніё Тода ніколі ня еў ялавічыны. Ён кожны дзень п’е чырвонае віно, есьць шмат сыроў і ягняціны. У гутарцы з журналістамі Тода прызнаў, што яшчэ да 104 году жыцьця ён хадзіў пехатою некалькі кілямэтраў у храм, а пасьля рэгулярна заходзіў у мясцовы бар і выпіваў куфаль піва.

Яшчэ адзін з найстарэйшых людзей у сьвеце – 109-гадовы кітаец Лу Зіянг патлумачыў сакрэт сваёй даўгавечнасьці тым, што кожны дзень на сьняданак ён зьядае чатыры яйкі, шэсьць лусьцікаў хлеба і выпівае шклянку малака з соі. Ён кажа, што наесьціся трэба зранку, крыху болей зьесьці ў абед, затое вельмі мала на вячэру. Сам ён аддае перавагу гародніне. Лу Зіянг сьпіць 8 гадзінаў у суткі й пры тым рэкамэндуе спаць на правым баку, каб ня ціснуць на сэрца і гэтак палепшыць кровазварот. Усё жыцьцё ён аддаваў перавагу самотнаму жыцьцю, аднак зараз больш пачаў цікавіцца сьветам.

Наагул, разумныя людзі жывуць даўжэй – вынікае з дасьледаваньняў, вынікі якіх апублікаваныя ў “British Medical Journal”. Навукоўцы цьвердзяць, што дзеці з высокім індэксам інтэлекту маюць болей шанцаў дажыць 70 гадоў.

Навукоўцы абсьледавалі каля трох тысяч жыхароў гораду Абэрдэн у Вялікабрытаніі, якія нарадзіліся на пачатку 1930-х гадоў. Атрымалася, што найдаўжэй жывуць тыя, чый індэкс інтэлекту ў дзяцінстве быў каля 102 балаў. Затое раней памерлі тыя, чый індэкс інтэлекту ў сярэднім складаў 97 балаў. Пакуль невядома, якім чынам інтэлект уплывае на працягласьць жыцьця.


* * *
А цяпер некалькі парадаў “Real Age”:

- Каб павялічыць колькасьць вітаміну В6 у арганізме, вы павінны есьці болей бананаў. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што вітамін В6 станоўча ўплывае на нэрвовую сыстэму. Ён таксама прадухіляе псыхічныя разлады – такія, як дэпрэсія. Для хуткага і лёгкага засваеньня арганізмам вітаміну В можа дадаваць бананы да мюсьлі. У адным сярэднім банане – 1 міліграм гэтага вітаміну. Паводле “Real Age”, калі спажываць 4 міліграмы В6 штодня, ваш біялягічны ўзрост будзе на адзін год малодшы.

- Чалавечаму арганізму патрэбны калій. Нізкакалярыйная і багатая на калій гародніна – цукіні. Сярэдняй вялічыні цукіні дае ўсяго 30 калёрыяў, але зьмяшчае 450 міліграмаў кальцыю. Паводле “Real Age”, калі пяць разоў на дзень спажываць розныя віды гародніны, біялягічны ўзрост будзе на чатыры гады меншы.

- Карысна ўзбагаціць дыету невялікай колькасьцю арахісавага масла. Тлушч з арахісавых арэхаў і масла дапаможа зьменшыць вагу. Таксама надзвычай карыснае льняное семя. Яно дапамагае ўтрымаць належны ўзровень халестэрыну ў крыві, а таксама зьмяшчае рэчывы, якія рэгулююць крывяны ціск.

- З нагоды ірляндзкага нацыянальнага сьвята, Дня Сьвятога Патрыка, “Real Age” нагадвае, што для чалавечага арганізму надзвычай карысная капуста, якую ірляндцы ядуць зь ялавічынай. У гэтай гародніне вялікая колькасьць мікраэлемэнтаў, якія прадухіляюць рак. Заміж традыцыйных блюдаў, дзе дамінуе ялавічына з капустай, варта зьменшыць да мінімуму порцыю мяса, асабліва засоленага, але дадаць капусты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG