Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна перамагчы генэтычную спадчыннасьць?


Мікола Іваноў, Прага

У экспэртаў амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі Realage адказ на гэтыя пытаньні толькі адзіны: так, так і яшчэ раз так.

Той, хто разам з намі адказваў на пытаньні тэсту Realage для вызначэньня рэальнага біялягічнага ўзросту, памятае, што адным з галоўных фактараў, які ўплывае на cтан вашага здароў’я, сапраўды зьяўляецца так званая генэтычная спадчыннасьць альбо іншымі словамі: колькі гадоў пражылі вышыя бацькі, якімі спадчыннымі хваробамі яны хварэлі.

Эксперты Realage вызначылі, што ў сувязі з максымальна нэгатыўнай генэтычнай спадчыннасьцю ваш рэальны біялягічны ўзрост можа быць ажно на 9 год большы, чымся пашпартныя дадзеныя. Але тыя самыя экспэрты Realage аўтарытэтна cьцьвярджаюць, што, калі вы будзеце выконваць усе іхныя рэкамэндацыі ў галіне здаровага стылю жыцьця, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа скараціцца ажно на 16 гадоў.

А вось, што гаворыць на гэтую тэму вядомы канадыйскі лекар, былы прэзыдэнт Лекарскай Асацыяцыі канадыйскай правінцыі Антарыё Барыс Рагуля.

(Рагуля: ) “Ад самага майго пачатку лекарскай працы я верыў у тое, што чалавек сам сабе стварае хваробы і сам здольны вылячыць сябе. Я лічу, што фізычная актыўнасьць, правільная дыета ёсьць падстава добрага здароў’я. Генэтыка – справа будучыні, але ўжо цяпер відавочна, што нейкія зьмены магчымыя. Але гэта можа адбыцца не раней як за 10-15 год. Цяпер жа адзіны рэальны рэцэпт на добрае здароў’е – здаровы стыль жыцьця, правільная дыета, а таксама духовы спакой і задавальненьне з таго, што чалавек робіць. Тыя, хто задаволены сваёй працай, яны могуць працаваць болей і хварэюць менш”.

Так што, мяркуйце самі: здаровы стыль жыцьця можа зь лішкам кампэнсаваць страты вашага здароў’я ад дрэннай генэтычнай спадчыннасьці. Больш таго, адзін з галоўных экспэртаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я прафэсар Гельсынскага ўнівэрсытэту Тыну Рантанен лічыць, што з дапамогай адпаведнай дыеты, спэцыяльных спартовых практыкаваньняў і пазьбяганьня дрэнных звычак можна дасягнуць надзвычайных вынікаў у змаганьні са спадчыннымі хваробамі.

Іншымі словамі, калі вашая маці і ваш бацька хворыя на цукроўку ці іншую спадчынную хваробу, гэта зусім не азначае, што гэтай хваробай павінны захварэць і вы. Тое самае датычыць раку і сардэчна-судзінных захворваньняў, галоўных забойцаў чалавека ў сёньняшнім сьвеце.

Барысу Рагулю 82 гады. Узрост, як бачым, вельмі блізкі мяжы доўгажыхарства. Ці ёсьць нейкі сакрэт ягонага доўгалецьця? А калі ёсьць, дык у чым ён палягае?

(Рагуля: ) “У мяне ёсЬць звужэньне артэрыяў. Калі я быў на мэдычным аглядзе апошні раз, дык мой кардыёляг мне кажа: ведаеш, Барыс, дзякуючы тваім лыжам, дзякуючы тваім гонкам, плаваньню, тэнісу ты падоўжыў сабе жыцьцё на многа гадоў. Лёнданская прэса была вельмі зацікаўленая маёй дзейнасьцю. Час ад часу выходзілі артыкулы з маімі фотаздымкамі, як я гуляў у тэніс. Летам на лыжах на колах, зімой на лыжах па сьнезе. Я браў удзел у лыжным марафоне на адлегласць 160 км. Паміж Манрэалям і Атавай. Два дні працягвалася гонка. Каб прыняць у гэтым удзел трэба было цэлае лета і цэлую зіму трэнавацца. Нягледзячы на вялікую нагрузку ў працы, я заўсёды знаходзіў час на гэтыя трэніроўкі. І гэта дало мне магчымасьць, каб і сёньня я мог са сваёй жонкай цешыцца жыцьцём. У мяне чацьвёра дзяцей і дзесяць унукаў. Гэта адбываецца так, таму што я сам клапачуся пра маё здароў’е”.

А вось, што вядомы канадыйскі кардыёляг Барыс Рагуля расказвае пра некалькі вельмі цікавых выпадкаў зь ягонай лекарскай практыкі. Як здаровы стыль жыцьця перамагае самыя цяжкія хваробы.

(Рагуля: ) “Пацыент 44-х гадоў. Выклікае мяне, таму што моцна баліць у грудзях. Калі яго прывезьлі хуткай дапамогай, ён амаль не памёр. З вялікімі цяжкасьцямі яго ўдалося ажывіць. Калі я пазнаёміўся зь гісторыяй ягонай хваробы, я даведаўся, што ягоны бацька памёр у 46 гадоў, адзін брат у 47 гадоў, другі брат у 45 гадоў. Яму ж было 44 гады, ён курыў два пачкі цыгарэтаў у дзень. Еў шмат тлустай ежы. Ня меў ніякіх фізычных нагрузак. І вось высокі ўзровень халестэролу прывёў яго на шпітальны ложак. І вось мы кардынальна зьмянілі ягоны стыль жыцьця. Паставілі яму найлепшую дыету, ён спыніў курэньне. Ён пачаў рэгулярна працаваць фізычна. Ня трэба было бегаць. Дастаткова было хадзіць, гадзіну ў дзень хадзіць па сьвежым паветры. І вось калі ён памёр, яму было 79 гадоў. Ён пражыў ад 44 да 79 дзякуючы выключна зьмене абставінаў.

Другі выпадак. Пацыент 50 гадоў, вагой больш за 80 кг. Высокі, здаровы дзяцюк прыйшоў на мэдычны агляд. І вось ён хоча, каб я нешта прапісаў яму ад высокага ціску. Ягоны ціск быў 240. Гэта сапраўды многа. Ён курыў, піў, дрэнна харчаваўся. Я агледзеў яго і адмовіў яму выпісаць лекі на зьніжэньне ціску. Я паставіў яму некалькі ўмоваў: спыніць курэньне, перайсьці на дыету, якую я прыпішу, і як мінімум поўгадзіны ў дзень хадзіць пешшу ў якасьці фізычнай зарадкі. Калі я адмовіўся прыпісаць яму лек, ён амаль матам па-ангельску аблаяў мяне і пакінуў мой кабінэт. Але ўжо наступным вечарам ён пазваніў і папрасіў прабачэньня. Пасьля таго, як ён пачаў выконваць мае ўмовы, на працягу двух месяцаў ягоны ціск прыйшоў у норму. Пазьней ён паехаў у ЗША, і адтуль я атрымаў ад яго вестку, што ён браў удзел у бастонскім марафоне. Ён прабег 42 км! Безь ніякай шкоды для ягонага здароў’я. Такім чынам, чалавек ня толькі з дапамогай здаровага стылю жыцьця ўратаваў свае жыцьцё, але й зрабіў яго прыемным”.

Памятайце, што неабходна зрабіць рэальны канкрэтны і станоўчы першы крок на шляху аздараўленьня, каб пасьпяхова змагацца з нэгатыўнай спадчыннасьцю. Экспэрты Realage прапануюць наступны плян аздараўленьня:

- Кардынальная зьмена стылю вашага харчаваньня.

- Пачатак рэгулярных заняткаў спортам.

- Сталы кантроль над вагой вашага цела.

- Адмова ад дрэнных звычак (курэньне і піцьцё алкаголю).

- Кардынальная зьмена духовага жыцьця: сьвядомы ўдзел у Богаслужбах, штодзённая мэдытацыя альбо сьвядомы кантроль над пачуцьцямі.

Калі вы будзеце строга выконваць гэтыя рэкамэндацыі Realage, посьпех у аздараўленьні вашага арагнізму гарантаваны.

А цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця” некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Скура чалавека адна з найбольш чульлівых на стрэс часткаў чалавечага цела. І яе старэньне наўпрост зьвязанае з тым, як часта тая ці іншая асоба знаходзіцца пад уплывам стрэсу. Як паведамляе Realage, у выніку навуковага экспэрымэнту амэрыканскіх навукоўцаў высьветлілася, што здольнасьць скуры аднаўляцца ў людзей, якія знаходзяцца ў стане стрэсу, у два-тры разы мешая, чымся ў людзей, якія захоўваюць спакой у стрэсавых сытуацыях. Дрэнны стан скуры таго ці іншага чалавека сьведчыць пра ягоную нэрвовасьць.

2. Калі вы хочаце наталіць прагу, Realage рэкамэндуе не
спакушацца таннымі нізкакалярыйнымі моцна разрэклямаванымі напоямі кшталту кока-колы лайт ці мэрынды. Нягледзячы на тое, што яны сапраўды маюць мала калёрыяў, яны адыгрываюць ролю даволі моцнага ўзбуджальніка апэтыту і пасля іх спажываньня вам папросту захочацца есьці. І ўвесь эфэкт іх нізкакалярыйнасьці ідзе намарна.

3. Штодзённая малітва, як высьвятляюць экспэрты Realage, можа мець у шмат якіх выпадках даволі моцны лячэбны эфэкт. Апошнія дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць аб тым, што духовае аднаўленьне, якое дасягаецца падчас малітвы, уплывае ня толькі на стан духа, але і на фізычнае здароў’е. Тое самае датычыць і моцнай эмацыйнай духовай дапамогі (ці спачуваньню) з боку сваякоў хворага чалавека.

4. Дастатковая колькасьць кальцыя ў вашым штодзённым мэню – гэта галоўны гарант супраць крохкасьці касьцей, іх магчымага зламаньня. Традыцыйная крыніца кальцыя – малочныя прадукты. Але як высьвятляюць экспэрты Realage, фтор, які знаходзіцца ў фтораванай вадзе, таксама зьяўляецца эфэктыўным сродкам супраць крохкасьці касьцей. Realage рэкамэндуе піць мінімум тры шклянкі фтараванай вады штодня. Гэта таксама можа быць эфэктыўным сродкам супраць узьнікненьня остэопарозу.

Калі вы, паважаныя радыёслухачы, будзеце дапільноўваць гэтыя ды іншыя парады Realage, эфэкт можа быць надзвычайны. Ваш біялягічны ўзрост можа быць маладзейшы ажно на 16 гадоў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG