Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагародна


Віталь Сямашка, Пагародна

У гэтую вандроўку я літаральна паляцеў, адкінуўшы ўсе справы. Інфармацыя была выключная. Патэлефанаваў сябра з Гарадзеншчыны — краязнаўца Ўладзімер Круцікаў. У мястэчку Пагародна Воранаўскага раёну ён знайшоў сьведчаньні жыцьця і сьмерці там утваральніка ды першага галоўнакамандуючага войска БНР генэрала Цыпрыяна Кандратовіча. Вось як гэта было:

(Круцікаў: ) “У часе вандровак сутыкнуліся з прозьвішчам Кандратовіч. І я заўважыў, што імя Кіпрыян. А ў адным з дакумэнтаў у “Полымі” я прачытаў — Цыпрыян. Тады ў мяне ўзьнікла здагадка — можа, сапраўды гэта той, што быў у Радзе БНР?! Паступова выйшла, што гэта той генэрал, што нарадзіўся ў Ваверцы Лідзкага раёну, сышоў зь Літвы ў адстаўку, купіў тут маёнтак — і тут прайшлі апошнія гады жыцьця”.

На пачатку мінулага веку Цыпрыян Кандратовіч камандаваў 9-й Усходне-Сібірскай дывізіяй царскай арміі. У войску за высокую прафэсійную дакладнасьць яго называлі таксама “элегантным генштабістам”. Спадар Цыпрыян быў цяжка паранены ў часе расейска-японскай вайны. Пасьля даслужыўся да камандзіра 1-га Каўкаскага армейскага корпусу. А ў часе першай усясьветнай дабіўся дазволу генэрала Духоніна на стварэньне беларускага армейскага корпусу. Працу ня даў давяршыць бальшавіцкі пераварот. І ў сьнежні 1918-га разам з Вацлавам Ластоўскім Кандратовіч узначальвае Раду дзяржаўнае бясьпекі БНР, у 1919-м уваходзіць у склад беларускай дэлегацыі на мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы.

Як дагэтуль цьвердзіць Беларуская Энцыкляпэдыя, там ён застаўся жыць, і далейшы лёс яго невядомы. Сёньня можна сказаць, што гэта сьвядомы падман беларускай савецкай гістарыяграфіі, бо працавалі тыя гісторыкі…

(Русялевіч: ) “Каб не ўгнявіць уладаў!”

Гэта са словаў настаўніцы ды краязнаўцы Ганны Русялевіч, якой удалося назьбіраць два дзясяткі фатаздымкаў апошніх гадоў жыцьця бэнээраўскага галоўнакамандуючага ў Пагародні. Яна ж распавяла і яшчэ пра адну сэнсацыю — цікаўным мясцовым краязнаўцам зь Менску, аказваецца, падавалі Кандратовіча толькі як… генэрала царскай арміі і, як вы чулі, нават пад другім імем. Такія вось гістарычныя неадпаведнасьці. Можна было зразумець шакаваную ад неінфармаванасьці спадарыню Русялевіч.

(Русялевіч: ) “Што рабіць, калі за “дзякуй” вядзецца работа…”

Між іншым, што да гістарычных падменаў, дык у Пагародненскім музэі баявой славы дагэтуль праслаўляюць старшыню тамтэйшага саўгасу Жураўлёва, пры якім у савецкі час гаспадарка стала так званым “мільянэрам”. Але ён жа гадамі вёў сапраўдную вайну зь мясцовым касьцёлам, пабудаваным у сярэдзіне 18 стагодзьдзя. Закрыем і гэтую “белую пляміну” з дапамогай Уладзімера Круцікава:

(Круцікаў: ) “Жураўлёў прыгнаў бульдозэры, яны з чатырох бакоў спрабавалі парушыць сьцены, але сьцены вытрымалі. Далей у яго была думка ўзарваць яго. А каб узарваць такія магутныя муры, трэба было адсяляць усю вёску. Таму сьцены захаваліся, рэстаўраваныя, і адноўлены на іх і герб Тышкевічаў…”

Князь Людвік Тышкевіч зрабіў у той час Пагародну цэнтрам сваіх земляў з 65 вёсак і чакаў прыезду да сябе польскага караля Станіслава Аўгуста. Але прыезд праз стагодзьдзе генэрала Кандратовіча ў мястэчка на аўтамабілі, кажуць, зрабіў на сялянаў ня меншае ўражаньне. Апошнія гады, аж да 31 кастрычніка 1932 году, калі яго адпелі ў Пагародненскай Капліцы пахаваньня, спадар Цыпрыян правёў у інвалідным вазку, пакутуючы на страту каардынацыі. Жонка Ада наняла яму сталую прыслугу. У Пагародне нам удалося адшукаць аднога зь іх — спадара Ўладзіслава Янавіча Струкеля, 1916 году нараджэньня, які чатыры гады працаваў у сядзібе садоўнікам. І вось мы слухаем ягоны ўспамін пра сям’ю Кандратовічаў у ягонай хаце:

(Струкель: ) “Ён быў ужо старэнькі. Ён нічога не рабіў. Лёкая меў — зь ім даваў рады. Залатую шаблю меў і залатыя гузікі на шынэлі, у якім быў паранены і ў якім пахаваны ў пагародненскай Капліцы пахаваньня. А яна была малодшая — да яе з Францыі, Англіі прыяжджалі, дык дачка й выйшла замуж за ангельскага мастака. Калі немцы заходзілі, дык яна не ўцякала, а калі саветы прыйшлі, дык у Літву лятак выклікала і — ў Англію. Восемдзесят кароваў, дваццаць канёў — усё кінула”.

У дзядзькі Ўладзіславва сучасныя ўлады не ў пашане. Памяць захоўвае, як пані Ада Кандратовіч шляхетна сустракала першыя вазы новага ўраджаю ды ўласнаруч налівала сялянам па кілішку гарэлкі. Сам Струкель атрымліваў тады 90 пудоў жыта на год плюс корм для быдла, ды бульбы колькі трэба. Параўнаньне з сучаснасьцю — не на карысьць апошняй.

(Струкель: ) “Вэтэран я — і як хочаш, так і жыві. Сена прасіў карове — не далі, салому трэба падаслаць — няма чым…”

Тым ня менш, унутраны аптымізм сям’і Струкеляў, здаецца, не скарыць нічым, што й прадэманстравала жонка — спадарыня Генэфа.

(Генэфа: ) “Мы старыя — яму яшчэ толькі 88, мне яшчэ толькі 77. (Сьмяецца.) У нас і цыбуля, часнык, гарод пасаджаны. Штаны надзену ды поўзаю, бо нахіліцца галава баліць. Як на Куцьцю, наварыш расолу з грыбоў, вушкі грыбныя, кісель, мак трэш — дванаццаць страваў. Усё ўмею рабіць — рыба, сялёдка, аладкі, расол, з варэньнем нешта, кампоты”.

* * *

Згодна зь цяперашнімі меркамі рэспубліканскае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Пагародна” — гаспадарка прыстойная. Дзейнічае экспэрымэнтальная база вытворчасьці элітнага збожжа. Захоўваецца статак. Маецца ўласны кілбасны цэх. Колькасьць працаздольнага насельніцтва — а разам у мястэчку каля дзьвюх тысяч чалавек — ня проста перавышае колькасьць пэнсіянэраў. Павялічылася нараджальнасьць! А гэта ўжо для сучаснай беларускай вёскі ці не фэномэн. Па камэнтар зьвяртаюся да сакратаркі Пагародненскага сельскага савету Вольгі Сінельнікавай:

(Сінельнікава: ) “Па-першае, стабільнасьць гаспадаркі. Жыльлё — у нас за год пабудавана дзесяць катэджаў маладым сем’ям жывёлаводаў. Плюс гаспадарка пакупае хаты, старыя паміраюць. Калі людзі хочуць працаваць — працаўладкуем. Гаспадарка выплачвае зарплату”.

Як заключны афіцыйны акорд — інфармацыя па тэлефоне галоўнага бугальтара Яніны Ладыш пра тое, што сярэдні месячны заробак у Пагародне — 120–140 тысяч рублёў. Але на сьвежым зімовым паветры простымі месьцічамі сытуацыя ўспрымаецца інакш, чым у начальніцкіх кабінэтах. Гутару з 35-гадовым паляводам Пашам:

(Паша: ) “Калі вясной на сеялках, на бульбе — будзе, а зімой — не! Толькі 40–50 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Народ твайго ўзросту не імкнецца заставацца ў мястэчку?”

(Паша: ) “Як няма дзе дзявацца, дык застаецца”.

(Карэспандэнт: ) “А шмат такіх?”

(Паша: ) “Шмат. І ўсе маладыя…”

Гэта тычыцца і былога заатэхніка Віталя Русялевіча, які чатыры месяцы таму адкрыў першую ў мястэчку камэрцыйную краму — нібы ў супрацьвагу, насупраць адной з чатырох дзяржаўных. І пакупнікамі яна ўжо поўніцца — прыйшлося нават зачыніць дзеля размовы. Але пачалі з прычынаў сыходу з асноўнай прафэсіі:

(Віталь: ) “У калгасу няма пэрспэктывы. Па-першае, калгасу не дадуць падняцца з каленяў тымі самымі крэдытамі. Вясной далі крэдыт на пасевы, паліва. Лета прайшло — пасадзілі, убралі, прыйшла пара аддаваць з працэнтамі. І калгас ізноў безь нічога”.

(Карэспандэнт: ) “Ці хутка прыйшоў камэрцыйны посьпех да вас?”

(Віталь: ) “На трэці месяц заўважыў”.

(Карэспандэнт: ) “Чым змаглі абысьці дзяржаўныя крамы?”

(Віталь: ) “Хіба асартымэнтам — у мяне большы выбар, і тэрмін прыдатнасьці зусім іншы. Па-другое, цана. Я бяру на аптовай базе, стараюся, каб вясковаму чалавеку было даступна. Я, можа, больш ветлівы зь людзьмі, нікога не падганяю. Не спадабаецца, я мяняю чалавеку тавар: дзень, два, тры — праблемаў няма”.

Затое багата праблемаў у мясцовай больніцы на дваццаць месцаў. Яе зьбіраюцца закрыць, будынак зьняць з балянсу, а палову пэрсаналу з больш чым дваццаці мэдыкаў звольніць. Пры тым, што дзясятак месцаў — так званага сацыяльнага забесьпячэньня, дзе ляжаць старыя, якія ня могуць паклапаціцца пра сябе. Расказваюць санітарка Ніна Гір ды кухар Леакадзія Навакунская:

(Навакунская: ) “У нас, у асноўным, знаходзяцца людзі сталага веку — ну, куды ім зьвярнуцца?! Да Воранава 15 кілямэтраў, калі што, хуткая дапамога калі прыедзе…”

(Гір: ) “У нас і ноччу ў дзяцей бывае прыступ, ці чалавек во прыйшоў на ўкол. А што будзе, калі бальніца закрыецца?! Зайдзіце, у любога чалавека спытайце”.

Ідзём у палаты.

(Карэспандэнт: ) “Як завуць вас?”

(Спадарыня: ) “Вайцюкевіч Ванда Станіславаўна. А як гэта закрыюць?! А куды мы падзенемся? Нас і кормяць, і глядзяць добра. А куды ісьці, як я бяз ног, не магу выйсьці на падворак? А што нам рабіць — вяроўку на шыю ды вешайся!”

Як і ў кожным старажытным мястэчку, у Пагародне ёсьць шмат аднолькавых прозьвішчаў, якія сьведчаць пра даўнія роднасныя сувязі. Гэта тыя ж Струкелі, Азяроўскія, Куроўскія. Таму прасьцей таго ці іншага жыхара знайсьці па мянушцы. Яна Куроўскага клічуць Казбэк. Не ведаю, які першапачатковы сэнс укладаўся ў гэты назоў, але, відавочна, што паводле памеру падсобнай гаспадаркі ды размаху гаспадарчай дзейнасьці ён для іншых пагародненцаў гэткі ж сёньня недасягальны, як вяршыня памянёнай гары. Пры чым не было ні банкаўскіх крэдытаў, ні дапамогі “добрага дзядзькі“. Дзевяць гадоў быў Ян Курэўскі на заробках у Прымор’і.

(Курэўскі: ) “Вярнуўся і купіў адну сьвіньню, другую, сьвінаматкі свае, парасяткі свае, цяпер сто чатырнаццаць сьвіней, чатыры сьвінаматкі. Я магу трымаць і трыста, і чатырыста галоваў”.

(Карэспандэнт: ) “Паспрабуеш?”

(Курэўскі: ) “Ня ведаю, ужо 43 гады. Як дзяржава сельскай гаспадаркі не падтрымлівае, такія, як раней называлі, буржуі і будуць. (Сьмяецца.) Хто захоча рабіць, той і будзе”.

(Карэспандэнт: ) “А ты нармальна да слова “буржуй” стаў ставіцца?”

(Курэўскі: ) “Я — не. Я і не кулак. Проста нармальны, бляха, мужык. У калгасе месяцамі ня плацяць, а тут свой заробак. Колькі выгадаваў, прадаў — капейка ёсьць”.

Я ўжо быў на прыпынку, калі мяне знайшла вядомая вам ужо краязнаўца спадарыня Русялевіч і папрасіла данесьці да слухачоў Радыё Свабода свае пажаданьні, якія, мяркую, ня страцілі актуальнасьці:

(Русялевіч: ) “Каб жыла наша нацыя, каб была дзяржава, каб можна было сказаць, што нашы дзеці захаваюць нашы традыцыі, звычаі. Безь мінулага няма будучыні. Калі ня будзем ведаць пра нашу вёску, нашых продкаў, ня будзе будучыні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG