Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 6 КРАСАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Голас Беларуса”, 1924 год:

“Беларуская Драматычная Майстроўня (Каапэратыўнае Таварыства Працы) у нядзелю, 6 красавіка 1924 году, у залі Майстроўні (Вострабрамская №9). Сэрыя папулярных лекцыяў. Трэцяя лекцыя Язэпа Драздовіча “Старадаўняе будаўніцтва на Беларусі”. Лекцыя будзе ілюстравацца спэцыяльна падрыхтованымі аўтарам малюнкамі. Пасьля лекцыі канцэртны аддзел. Дзеля захаваньня парадку ды цішы ўваход у залю пасьля 3-га сыгналу забаронены. Уваход для ўсіх вольны”.

“Сталинская молодежь”, 1954 год:

“Набліжаецца пасяўная. Горача рыхтуюцца да яе хлебаробы вёскі Ляхавічы. Хата-чытальня ў гэтыя дні таксама жыве клопатамі аб пасяўной. Агітатары А.Агіевіч і А.Глушчэня, акрамя гучных чытак газет, знаёмяць працаўнікоў калгасу з творамі значных вучоных нашага часу — Вільямса, Лысенкі, Ціміразева. Хату-чытальню наведваюць каля 120 калгасьнікаў. Нядаўна агітатары наладзілі тут гучную чытку кнігі М.Шолахава “Паднятая цаліна”.

“ЛіМ”, 1984 год. Зварот да пісьменьнікаў сьвету:

“Мы, пісьменнікі — удзельнікі ХХ сустрэчы кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў сацыялістычных краін, звяртаемся да сваіх калег, пісьменнікаў усіх кантынентаў, зрабіць сумесна ўсё магчымае для захавання міру, неабходнага для існавання чалавецтва. Сваёй творчасцю, сваёй дзейнасцю грамадзяніна і мастака мы гаворым не спробам развязаць ядзерную вайну! Давайце аб’яднаем свае сілы з усімі міралюбівымі людзьмі свету і запатрабуем вывядзення з Еўропы амерыканскіх ядзерных ракет першага ўдару”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG