Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 27 траўня)
У Беларусі зьявілася арганізацыя пад назваю “Ліга ліцьвіноў”, сябры якой не жадаюць больш называцца “беларусамі” і зьбіраюцца актыўна прапагандавць ідэю вяртаньня ў сьвядомасьць народу гістарычных традыцыяў Вялікага Княства Літоўскага. Найбольш экстрэмісцкая частка “ліцьвіноў” мае намер дамагацца падзелу Беларусі ды стварэньня на тэрыторыі яе заходняе часткі незалежнае дзяржавы Літванія.

Арганізацыя гэта пакуль нешматлікая і афіцыйна незарэгістраваная, але ідэя вяртаньня Беларусі да гістарычнае назвы Літва зусім ня новая.

З канца 80-х гадоў такое радыкальнае меркаваньне ня раз паўставала ў асяродках рамантычна настроенай адраджэнцкае моладзі. Але далей рамантычных мараў справа ня йшла.

Прыкладна год таму літвінская ідэя пачала набываць больш рэальныя абрысы. У разьдзеле прыватных абвестак газэты “Наша Ніва” пачалі раз-пораз зьяўляцца абвесткі, аўтары якіх заклікалі ўсіх прыхільнікаў ідэі Вялікага Княства й Рэчы Паспалітае аб’яднацца каб “адрадзіць гістарычную Бацькаўшчыну”. Побач былі зьмешчаныя і тэлефоны для кантакту.

Пэўны час ішоў збор сілаў і сродкаў “новых ліцьвіноў”, а таксама абмен ідэямі, і вось некалькі дзён таму яны правялі сваю першую акцыю. Двадцаць пяць чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі сабраліся ў першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага – Наваградку – і падпісалі гэтак званы “Акт пра абвяшчэньне існаваньня літвінскае нацыі”.

Як піша ў сваім сёньняшнім нумары “Белорусская деловая газета”, народ у Наваградку сабраўся розны. Кіраўніцтва “Лігі ліцьвіноў”, знаходзіцца на даволі памяркоўных пазыцыях адносна ідэі вяртаньня да гістарычных літвінскіх каранёў. Гэтыя людзі найперш бачаць сваю арганізацыю як культурніцкую. Яны ня хочуць называцца “беларусамі”, бо лічаць, што ўсё самае лепшае ў гісторым краіны было зьвязанае з пэрыядам Вялікага Княства, а назва “Беларусь” была накінутая штучна. Сярод гэтае групы літвінаў найбольш вядомымі асобамі зьяўляюцца гісторык Вітаўт Чаропка і паэт-бард Андрэй Мельнікаў.

Гаворыць Вітаўт Чаропка:

(Чаропка: ) “Ёсьць гістарычная вобласьць у Беларусі, якая звалася Літва. Яшчэ і зараз палешукі называюць ліцьвінамі беларусаў. Перад намі, перш за ўсё, стаяць культурныя мэты. Мы хочам вывучаць гісторыю Літвы, адрадзіць гэтае найменьне на Беларусі. Склалася нейкая супольнасьць, грамадзянская, як яна называецца – беларусы, але ёсьць людзі, якія сябе ня лічаць беларусамі. Яны лічаць сябе ліцьвінамі”, – паведаміў спадар Чаропка.

Але ёсьць у “ліцьвінскай лізе” і больш радыкальныя асобы. Так, група студэнтаў зь Пінску адкрыта выказвае думку пра тое, што раскол Беларусі паводле югаслаўскага сцэнару ёсьць непазьбежным, і яны прыкладуць усе намаганьні дзеля стварэньня ў заходняй яе частцы краіны пад назваю “Літванія”.

Пінскія сэпаратысты нават спадзяюцца, што беларускія ўлады пачнуць этнічныя чысткі супраць літвінаў, але пасьля ўмяшаньня сілаў NATO Літванія нарэшце стане незалежнаю. Вось такі гэапалітычны сцэнар.

Наяўнасьць у шэрагах іх арганізацыі падобных экстрэмістаў не адмаўляе і Вітаўт Чаропка, але ён лічыць такія заявы несур’ёзнымі. Сам жа спадар Чаропка, паводле ягоных словаў, зьяўляецца перакананым прыхільнікам еднасьці Літваніі-Беларусі.

Этнічны сэпаратызм – зьява для Беларусі не зусім новая – на пачатку 90-х зь ідэяй стварэньня незалежнае Палескае Ятвяскае дзяржавы выступаў Мікола Шэляговіч. Ідэя гэтая папулярнаю сярод палешукоў ня стала і апошняй публічнай акцыяй спадара Шэляговіча стаў уваход у 93-м годзе ў пракамуністычны “Народны рух Беларусі”, а з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі лідэр “яцьвягаў” бясьсьледна зьнік з палітычнай арэны краіны.

Адзін з кіраўнікоў Сацыял-Дэмакратычнае “Народнае Грамады” гісторык Анатоль Сідарэвіч лічыць, што падобны лёс можа чакаць і новых сэпаратыстаў…

(Сідарэвіч: ) “Гэта я не ўспрымаю сур’ёзна. Ёсьць такія ў нас разумнікі, якія хацелі б ператварыць Беларусь у Літванію. Гэта не навіна. Гэта ня мае пад сабой ніякай рэальнай глебы. Гэта тая самая шэлягоўшчына. Гэта гістарычная рамантыка. У палітыцы заўсёды знаходзяцца рамантыкі. У свой час у Польшчы былі рамантыкі, якія марылі адрадзіць Рэч Паспалітую ад мора да мора. Былі рамантыкі, якія казалі, што вы тут ня ўбачыце Беларусь. Прайшло 50 год – ёсьць Рэспубліка Беларусь. Хто толькі не абвяшчаў нам сьмерць”,

– лічыць спадар Сідарэвіч.

Анатоль Сідарэвіч ня думае, што экстрэмісцкаю часткаю ліцьвіноў маніпулююць спэцслужбы Лукашэнкі. Ён больш схільны лічыць падобныя заявы праявамі юнацкага максімалізму маладых людзей.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG