Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адказ на 2020-ы»: што ня так з „годам жанчыны“, — тлумачыць экспэртка Ірына Сідорская


Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Ілюстрацыйнае фота.
Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Ілюстрацыйнае фота.

Як улады выкарыстоўваюць абвешчаны «год жанчыны»? Ці меў Лукашэнка на ўвазе лідэрку дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую, Марыю Калесьнікаву, якая была адным з сымбаляў пратэстаў 2020 году, абвяшчаючы 2026 год «годам жанчыны»?

Пра гэта ў выніковым «ПіКу Свабоды» запыталіся мэдыяэкспэртку, доктарку навук Ірыну Сідорскую.

Ірына Сідорская
Ірына Сідорская

— Я думаю, што наўрад ці Аляксандр Лукашэнка думаў менавіта пра Сьвятлану Ціханоўскую альбо Марыю Калесьнікаву, але кантэкст 2020-га года тут відавочны, бо менавіта ў 20-м годзе ўпершыню беларускія жанчыны ў такім масавым маштабе паказалі сябе палітычнай сілай, суб’ектнай, салідарнай і небясьпечнай для ўлады. І мяркую, што для ўлады і пэрсанальна для Аляксандра Лукашэнка гэта была траўма, бо жанчыны ўпершыню выйшлі з прызначаных ім роляў. Увесь час Лукашэнка хацеў бачыць іх маці, памочніцамі, захавацельніцамі традыцый, чымсьці такім, а тут жанчыны паказалі, што яны палітычныя субʼекты. І я думаю, што вось гэта рашэньне — гэта спроба вярнуць жанчын у кантраляваныя і бясьпечныя для ўлады ролі, каб яны далей былі маці, былі працаўніцамі, але абавязкова ляяльнымі і не палітычнымі.

— З нагоды абвешчага Лукашэнкам «году жанчыны» былая палітзьняволеная Натальля Кукішава, якая адсядзела два гады за камэнтары ў сацсетках, апублікавала відэа, у якім расказала як у беларускіх турмах ставяцца да жанчын. Яе відэа ў TikTok за некалькі дзён набрала некалькі мільёнаў праглядаў, соткі тысячаў лайкаў і тысячы камэнтароў. Калі ўлады сапраўды хочуць гаварыць і вырашаць праблемы жанчын, якія праблемы найперш трэба ўздымаць акрамя нечалавечых умовах у жаночых вязьніцах?

— Калі б улада насамрэч клапацілася пра жанчын, калі б улада бы паважала жанчын, яна б імкнулася вырашыць тыя вялікія і шматлікія праблемы, якія стаяць перад беларускімі жанчынамі. І я бы пачала таксама з абароненасьці жанчын перад гвалтам, і ня толькі ў турмах. Гвалт існуе, на жаль, у адносінах да жанчын як сыстэмная зьява ў Беларусі, і мы можам браць любую сфэру, і там гэты гвалт таксама існуе. Гэта і сытуацыя на працы, калі жанчыны даволі часта сутыкаюцца і з сэксуалізаваным харасмэнтам, і з іншымі відамі гвалту. Гэта гвалт у дзяржаўных установах, гэта гвалт у сямʼі і беспакаранасьць тых, хто гэты гвалт рэалізуе. Гэта такая важная праблема, як эканамічная няроўнасьць жанчын. Калі мы возьмем вось сфэру працы, эканамічных стасункаў, то жанчынам складана ўладкавацца на працу, асабліва калі ў іх ёсьць малыя дзеці. Вялікая розьніца вось паміж сярэднім заробкам мужчын і жанчын у Беларусі. Гэтыя 27% — гэта вельмі вялікая розьніца. Гэта шкляная столь, якая ёсьць у жаночай карʼеры. І двайная, а то і трайная нагрузка на жанчын, калі жанчына працуе ня толькі на працы, але выконвае значна больш вялікі абʼём хатняй працы, чым мужчыны. Гэта таксама значная праблема. Ёсьць іншыя праблемы — гэта адсутнасьць рэальнага палітычнага прадстаўніцтва жанчын, бо зразумела, такія квазі-грамадзкія арганізацыі, такія як Беларускі саюз жанчын, альбо там квазі-прадстаўніцтва жанчын у парлямэнце ні ў якім разе не вырашаюць рэальных праблемаў жанчын. Гэта і рэпрадукцыйныя правы, і гендэрныя стэрэатыпы, якія перашкаджаюць жанчынам. Вельмі шмат праблемаў, але пра гэтыя праблемы ня тое што не гаворыцца, а нават дзяржава забараняе пра іх гаварыць. Гэта відавочны паказчык таго, што на самой справе гэты год жанчын — прыгожыя словы і імітацыя, а не вырашэньне рэальных праблемаў.

— На абвешчаныя ўладамі тэматычныя «гады» прапагандысты ствараюць адпаведныя мэтадычкі. Гомельскі партал homeldays заўважыў праўладны ананімны акаўнт у Інстаграме (які называецца настаўніцай Аленай), які прапануе і прадае па 4 рублі мэтадычкі ў «год жанчыны» з наступнымі тэмамі: уклад беларускіх жанчынаў у разьвіцьцё Беларусі, удзел у эканоміцы і вытворчасьці, захаваньне культурных традыцыяў, сям’я і мацярынства, грамадзкая актыўнасьць, «Беларускі саюз жанчынаў». Ці эфэктыўная прапаганду ў навязваньні пэўных гендэрных роляў і стэрэатыпаў?

— Я згодная з тым, што прапаганда працуе на то, каб навязаць жанчынам вельмі вузкі набор роляў, бо жанчына ў публічным афіцыйным дыскурсе фігуруе выключна альбо як маці, альбо як такі дэкаратыўны элемэнт, які прызначаны ўпрыгожваць і натхняць мужчын, альбо як памочніца, працаўніца, але без аніякіх амбіцый, тым больш палітычных. І прапаганда праз усе свае інструмэнты, вось праз дзяржаўную адукацыю, праз Беларускі саюз жанчын і іншыя квазі грамадзкія арганізацыі, яна працуе над гэтым, здаецца, усе гады кіраваньня Аляксандрам Лукашэнкі. Але нават па грамадзкай рэакцыі, напрыклад, у тых жа сацыяльных мэдыях мы бачым, што ня можа прапаганда падмануць людзей, калі гаворка ідзе менавіта пра іх жыцьцёвы досьвед. І гэтыя ўсе жарты, іронія пра тое, што нездарма год беларускай жанчыны прызначаны менавіта на год каня, пра тое, як шмат працуе на самой справе беларуская жанчына, колькі яна выносіць на сваіх плячах. Гэта такі вельмі добры паказчык, бо менавіта ў гэтым пытаньні вельмі складана падмануць грамадзкае меркаваньне. Але я тут бы хацела б зрабіць увагу, як прапаганда зараз працуе у гэтым годзе беларускай жанчыны. Яна працуе праз добразычлівы сэксізм. Гэта значыць, што жанчын ніхто не абражае, не прымушае штосьці рабіць. Наадварот, гаворыцца, якія беларускія жанчыны важныя, што без іх нічога немагчыма, але вось таму яны павінны пастарацца. Але ад таго, што сэксізм добразычлівы, ён не перастае быць сэксізмам, гэта тое ж самае навязваньне роляў і функцыяў, але пад маркай гэтых прыгожых словаў. Таму я думаю, што прапаганда як заўсёды будзе даваць свае гэтыя прапагандысцкія наратывы, але менавіта ў тых сфэрах, якія закранаюць рэальнае жыцьцё людзей, яна наўрад ці можа іх падмануць.

— Апошнія дні, параўноўваючы сытуацыю ў Вэнэсуэле і Беларусі, назіральнікі дапускалі, што старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава магла б стаць выканаўцам прэзыдэнта ў выпадку адхіленьня Лукашэнкі, што не азначала б зьмену рэжыму. Ці лічыце вы такое параўнаньне дарэчным?

— Спадзяюся, гэтай сытуацыі ня будзе, бо яна не прыводзіць на самой справе ні да чаго добрага, але думаю, што ў любым выпадку зьмены ўлады, якія ў Беларусі таксама непазьбежная, але спадзяюся пры больш нармальных абставінах, я ня думаю, што гэта будзе Натальля Качанава. Гэта будзе хтосьці з мужчынаў, таму што менавіта так пабудаваная гэтая сыстэма.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Яшчэ на гэтую тэму

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG