Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое добразычлівы сэксізм і віктымблэймінг. Вялікая размова зь Вікай Біран пра мову варожасьці ў дачыненьні жанчын


Віка Біран
Віка Біран

Паразмаўлялі з дасьледчыцай культуры Вікай Біран пра варожую камунікацыю ў бок жанчын. Даведаліся, як добразычлівы сэксізм пераходзіць у варожасьць, як дзяржаўныя ўлады ўзрошчваюць у грамадзтве мізагінію і што рабіць, калі нянавісьць праявілі да вас.

Віка Біран — дасьледчыца культуры, калюмністка, праектная мэнэджарка ў журналісцкай НДА n-ost. Вучылася на журфаку БДУ ў Менску, супрацоўнічала зь Беларускім Свабодным тэатрам у якасьці акторкі і мэнэджаркі, была сузаснавальніцай праекту MAKEOUT пра гендэр і сэксуальнасьць.

З 2020 году Віка жыве ў Нямеччыне, вывучае культурніцкія дасьледаваньні ва ўнівэрсытэце Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры, працуе ў праекце пра квірную журналістыку Unit пры журналісцкай НДА n-ost у Бэрліне, як фрылансэрка піша тэксты, арганізуе мерапрыемствы.

Што такое варожая камунікацыя?

Віка Біран
Віка Біран

«У дакумэнтах Рады Эўропы пазначаюць, што мова варожасьці — гэта ўсе віды выслоўяў, якія падбухторваюць, заахвочваюць, распаўсюджваюць або апраўдваюць гвалт, нянавісьць або дыскрымінацыю ў дачыненьні да чалавека ці групы людзей, якія іх прыніжаюць з прычыны прыпісаных ім асабістых характарыстык або статусу. Адна з гэтых характарыстык — пол або гендэр», — тлумачыць Віка Біран.

Жанчыны таксама ўваходзяць у сацыяльныя групы, якіх дыскрымінуюць, але калі гаворка ідзе пра пол або гендэр, то звычайна гавораць пра сэксісцкую мову, мову варожасьці ці нянавісьці, кажа Віка.

«Гэта камунікацыя, выказваньні вэрбальныя або невэрбальныя, якія закліканыя падзяліцца здагадкай, пераканаць кагосьці, зрабіць сьцьвярджэньне, жэст ці дзеяньне, накіраванае на выраз пагарды да чалавека на падставе полу ці гендэру, на тое, каб назваць гэтага чалавека непаўнавартасным, то бок зьвесьці характарыстыку і ўсе асаблівасьці асобы да палавой прыкметы. Напрыклад: ты разумная, дурная, вялікая, малая, у цябе гэта атрымліваецца ці не атрымліваецца, бо ты жанчына».

Сэксісцкія выказваньні не абавязкова будуць прыкметныя зь першага позірку, часам яны носяць «мілы» характар, дадае Віка: можна нават адразу не зразумець, ці гэта камплімэнт зрабілі, ці «зьвялі» жанчыну да яе гендэру ці полу.

Сярод прыкладаў варожай да жанчын камунікацыі можа быць віктымблэймінг (абвінавачваньне ахвяры), рэвіктымізацыя (спроба зноў зрабіць некага ахвярай).

«У штодзённасьці гэта можа выяўляцца, напрыклад, у такіх выразах: „У цябе кароткая спадніца, таму цябе згвалтавалі“, „Ты занадта прыгожая, таму ты дурная“. Ёсьць і слатшэймінг — гэта засаромліваньне жанчын за іх сэксуальна актыўныя паводзіны. Бо, як мы памятаем, „жанчыны павінны захоўваць некранутасьць і чакаць прынца“. Існуе і бодышэймінг — розныя выказваньні пра цялеснасьць, абразьлівыя камэнтары, якія зьмяшчаюць у сабе часткова нейкія факты, якіх людзі не хаваюць (напрыклад, пра сваю сэксуальнасьць, гендэрныя ролі), але іх выкарыстоўваюць, каб абразіць чалавека».

«Твае пытаньні мне ня важныя. Ты ў мяне наогул студэнткай была»

Асобную катэгорыю складаюць «камплімэнты» або «жарты», якія некаму падаюцца сьмешнымі, але насамрэч яны зьневажаюць, высьмейваюць чалавека і загадзя задаюць парадыгму, у якой зразумела, хто мае ўладу, хто дазваляе сабе выказвацца, а хто павінен гэта моўчкі прымаць, тлумачыць дасьледчыца.

«Я нядаўна ўдзельнічала ў канфэрэнцыі, дзе зьбіраліся беларусы і немцы са сьвету палітыкі і НДА. Мадэратарка гэтага мерапрыемства задала пытаньне аднаму з удзельнікаў панэлі, і ён адкрыта адказаў ёй: „Твае пытаньні мне ня важныя, я падрыхтаваў прамову, а ты тут сядзі і адпачывай, бо ты ў мяне наогул студэнткай была“».

Як рэагаваць на праявы варожай камунікацыі?

Віка Біран
Віка Біран

«Першае, што трэба зрабіць, — не сумнявацца: тое, што адбываецца, — няправільна. Так не павінна быць. Калі вы адчуваеце сябе дрэнна, разумееце, што вас нехта прыніжае, адчуваеце нейкае асаблівае стаўленьне ці большую колькасьць жартаў у свой бок ад сваіх калегаў-мужчынаў, то не павінна так быць. Вы гэтага не заслугоўваеце».

Далей трэба глядзець, у якім кантэксьце ўсё гэта адбываецца, якім чынам сытуацыю можна зьмяніць, кажа Віка. Калі такая сытуацыя здарылася з вамі на працы, варта зьвярнуцца ў HR-аддзел.

«Там ёсьць спэцыяльныя людзі, якія атрымліваюць грошы, каб атмасфэра на працы была добразычлівай і не дыскрымінацыйнай. У гэтым аддзеле знойдуць варыянты, як разабрацца з чалавекам, як зрабіць унутранае расьсьледаваньне».

Таксама дасьледчыца заўважае, што ў эўрапейскіх краінах падобныя сэксісцкія, варожыя выказваньні забароненыя законам. Калі гаворка ідзе пра прыніжэньне годнасьці чалавека, паклёп, калі вам пагражаюць апублікаваць інтымныя здымкі ці нешта падобнае, то самы час зьвярнуцца ў паліцыю, падкрэсьлівае Віка.

«Варта памятаць, што не прамаўчаць у гэтай сытуацыі — значыць прадухіліць паўтарэньне гэтых сытуацый, як для сябе, так і для іншых людзей. Таксама варта разумець, калі мы знаходзімся ў публічным полі або на працы, у прафэсійным асяродзьдзі існуе этыка камунікацыі, і, напэўна, калі чалавек ня можа ёю кіравацца, то ён прафэсійна некампэтэнтны».

Калі вы сталі сьведкай сытуацыі, дзе праявілася варожая камунікацыя, то тут няма адназначнага ўнівэрсальнага рашэньня, як лепш на гэта адрэагаваць, дадае Віка.

«Магчыма, сваёй рэакцыяй мы паставім чалавека, што стаў ахвярай, у яшчэ больш уразьлівае становішча. Можна проста пасьля сам-насам даць візытоўку з кантактамі арганізацый, дзе ёсьць юрысты, якія дапамагаюць. Можна публічна нейкую заяву зрабіць. Важна таксама адукоўваць сябе і быць чульлівай да такіх сытуацый».

«Надзела абцасы, значыць, ты правільная і прыгожая»

Мяжа, калі добразычлівы сэксізм пераходзіць у мову варожасьці і нянавісьці, тонкая, кажа Віка.

«Добразычлівы сэксізм — гэта той самы сэксізм, які не адкрыта прыніжае жанчыну, які ня кажа наўпрост усялякія абразьлівыя словы. Аднак ён выражаецца ў стварэньні вобразу жанчын як слабых, што яны такія прыгожыя, клапатлівыя, чульлівыя, іх трэба абараняць, бо яны наш сусьветны скарб. І тут адбываецца такое заахвочваньне жаноцкіх паводзінаў: абула абцасы, значыць, ты правільная і прыгожая».

Таксама добразычлівы сэксізм часта суправаджаецца патэрналісцкімі выразамі, калі мужчына займае ролю апекуна, бацькі, тлумачыць дасьледчыца.

«Быццам толькі ён здольны прымаць рашэньні, толькі ён ведае, як правільна жыць. А ў гэты час жанчыне выдзяляецца пазыцыя прыгожай істоты, якою можна ўпрыгожыць калектыў. Бывае яшчэ, калі робяць камплімэнт так, што лепш бы ўвогуле прамаўчалі. Таму важна правяраць: навошта гэты камплімэнт робіцца? Што ён хоча сказаць? Як ён характарызуе чалавека? Можа, лепш прамаўчаць у гэтым месцы?»

«Жанчынам адмоўлена ў суб’ектнасьці, яны ня маюць права вырашаць, з кім спаць, колькі нараджаць»

Віка заўважае, што цяпер існуе праблема сэксісцкіх, варожых выказваньняў, якія паходзяць ня толькі ад афіцыйных беларускіх уладаў, але і ад дэмакратычных дзеячоў.

Віка Біран
Віка Біран

«Па-першае, прыклад вобразу Лукашэнкі як бацькі ўсёй краіны, у якой жанчынам выдзяляецца тая самая пазыцыя традыцыйных роляў, дзе яна маці, гаспадыня, яна клапоціцца, ёсьць куча дзяцей. І Канстытуцыя зробленая не пад яе. Улада, згодна з рыторыкай Лукашэнкі, — справа мужчыны».

Таксама Лукашэнка выказваўся і пра лесьбіянак: «Дзяўчынкам я дарую. Значыць, мы дзесьці там не дапрацавалі. Што тычыцца геяў, то гэта вычварэнцы, мярзота апошняя».

«Такім чынам, жанчынам адмоўлена ў суб’ектнасьці, яны ня маюць права вырашаць, з кім спаць, колькі нараджаць. Роля жанчыны зводзіцца да машыны па нараджэньні дзяцей, каб гэтыя дзеці маглі працаваць на заводах, ішлі на вайну і станавіліся гарматным мясам, розным чынам абслугоўвалі дзяржаўную машыну».

«Немагчыма казаць „Вы дыскрымінуеце беларускую мову!“ і пры гэтым дыскрымінаваць жанчын»

Дасьледчыца заўважае, што беларускія НДА і ініцыятывы трымалі тэму дыскрымінацыі на парадку дня, праводзілі мерапрыемствы, маніторынгі, каб падвысіць агульны ўзровень адукаванасьці і чульлівасьці.

«Я думаю, шмат хто разумее, што нам хочацца жыць у дэмакратычным грамадзтве, у бясьпецы, а значыць, немагчыма прыніжаць людзей па адной характарыстыцы, а ўзвышаць іншыя. Немагчыма казаць „Вы дыскрымінуеце беларускую мову!“ і пры гэтым дыскрымінаваць жанчын. Немагчыма казаць „Вы дыскрымінуеце людзей, якія займаюцца ІТ!“, а ў гэты самы момант дыскрымінаваць лесьбіянак. Усё гэта адна гісторыя. І гэтая ўзаемасувязь, мне падаецца, шмат каму відавочная, бо сёньня ты можаш быць агрэсарам, а заўтра ты станеш ахвярай».

Віка прыгадвае слоган праекту MAKEOUT — «Большасьці не існуе».

«Мне падаецца, беларускаму грамадзтву на сваім прыкладзе можна зразумець, як гэтай большасьці не існуе. Асабліва цяпер, калі трэба гаварыць пра праблемы дыскрымінацыі ў сувязі з поўнамаштабным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну. Як цяжка прамаўляць свае праблемы, шукаць для гэтага розныя крыніцы, адчуваць гэтую дыскрымінацыю на сваёй уласнай скуры. І я маю надзею, што людзі правядуць паралелі, і такім чынам на практыцы зразумеюць, як працуюць дыскрымінацыйныя мэханізмы, як важна гэта ў сабе правяраць і не паўтараць гэта ні па якіх крытэрах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG