Слова гэтае прыжылося й атрымала даволі шырокі ўжытак у дэмакратычным
і маладым асяродку ў апошнія гады, гады грамадзкага змаганьня ды ідэі нацыянальнага
адраджэньня. Яно стала своеасаблівай заменаю афіцыйнаму "лістоўка", што
азначае, як гаворыцца ў даведніках, "друкаваны або рукапісны лісток звычайна
злабадзённага палітычнага зьместу".
Само гучаньне слова "ўлётка" мне падаецца ё больш узьнёслым,
і намнога мякчэйшым, чым халоднае, строгае "лістоўка". А калі яшчэ прыгадаць,
што самым напасрэдным чынам улёткі зьвязаныя з шматтысячнымі менскімі
шэсьцямі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, і з апазыцыйнымі мітынгамі, і
з абаронаю ад рэпрэсіяў уладаў -- дык можна лёгка вызначыць іх прыкметнае
мейсца ня толькі ў палітычных слоўніках нашага часу, а і ў ня надта ахайных
міліцэйскіх пратаколах.
І сам корань слова паяднаны з палётам, лётам, выглядае тут у пэўным
сэнсе сымбалічным. Шырока разьлятаюцца на крылах улётак і напаміны
аб слаўнай гісторыі роднага краю, і сумная статыстыка пакутаў і няўдачаў
сёньняшняга дня, і палымяны заклік да працы ў імя народнага шчасьця й волі.
Вельмі хацелася б, каб у зусім ужо блізкім ХХІ стагодзьдзі філялягічна-рамантычнае
слова ўлётка асацыявалася яшчэ й звысокім узьлётам змагарнага духу
беларусаў, заслужанага аўтарытэту мілай Бацькаўшчыны.
Генадзь Бураўкін
Самае папулярнае
1