Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова


Слова – што тут казаць – Бог. Цуд маўленьня – найвялікшы на гэтым сьвеце. У параўнаньні зь ім – нішто нават само стварэньне сьвету. Невымаўлены і праз маўленьне нявыяўлены сьвет – нешта настолькі жахлівае, што ня мае роўнажахлівага слова.

Узьнікаюць і гінуць галяктыкі, запальваюцца і згасаюць сонцы, плывуць над сьнягамі аблокі, туляцца ў пушчах зьвяры, а ў водах рыбы. Але бяз слова ўсяго гэтага дзіва ніхто ня бачыць, не трымае ў памяці, не беражэ да наступнага дня. І хаця сьвішча вецер, трушчацца камяні, рыкае зьвер, аднак глухая цішыня няўцямнасьці пануе ўсюдна: усё ёсьць – і нічога няма. Жудаснае відовішча. Як быццам чалавек яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр.

Пакуль сьвет ня быў названы сьветам – яго як не было. Усё, што ёсьць – ёсьць толькі таму, што мае сваё слова.

Адам, надаўшы істотам ды існасьцям імёны, вызваліў іх зь вязьніцы небыцьця. І тады ўсё, што было, сталася словам, а што не сталася словам, таго не знайсьці.

Натуральна, слова – Бог. Спачатку было слова. Напрыканцы слова зноў ня будзе.

Апакаліпсіс – гэта ня енк, лямант, мальба. Апакаліпсіс – гэта той дзень, калі нам усім разам адыме мову. “Гэта канец сьвету,” – пасьпее сказаць чалавек, але ўжо не пачуе ніводнага слова.

Валянцін Акудовіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG