Шорты – ангельскае слова, якое і на мове арыгіналу і ў перакладзе азначае
кароткія нагавіцы да калена або карацейшая, зробленыя ў розных стылях для
нефармальнага ўжываньня, альбо дзеля спорту. Гэтае апошняе дало магчымасьць
чэхам называць шорты, апрача шорткы, яшчэ й трэныркы.
Яшчэ гадоў з дваццаць таму пра дарослага чалавека ў шортах сказалі б
што ходзіць голы і, казаў той, як дурня абсьмяялі б. Нават на крымскія
пляжы ў 30 градусную сьпёку людзі валакліся ў доўгіх нагавіцах. Што ўжо
там у Беларусі, дзе сярэдняя тэмпература летам зазвычай і да 20 градусаў
не сягае. На захадзе было ня лепш, але там усё ж хутчэй дапялі, што парыцца
трэба ў лазьні, а сьмярдзець потам і наагул ня трэба.
У Беларусі ўласна шорты першымі апранулі дзеці. Але й перад тым яны
насілі кароткія нагавіцы са шлейкамі праз рамёны, якія сьпераду зашпіляліся
на гузік. Гэтыя нагавіцы так і называлі: штаны са шлейкамі. А яшчэ такія
штаны былі часткай піянэрскай формы.
Магчыма, што першым дарослым чалавекам, які зьявіўся ў Беларусі ў шортах
быў будучы забойца штатаўскага прэзыдэнта Джона Кэнадзі -- Лі Харві Освальд,
які жыў у Менску напрыканцы 50 – пачатку 60 гадоў. Першыя ж спробы дарослых
беларусаў апрануцца ў шорты былі зробленыя хіба ў 70-ых. Тады гэтых незвычайных
людзей затрымлівала, а часам і арыштоўвала, міліцыя каб запатрабаваць апрануцца
“як людзі”. Шорты на дарослым чалавеку сталіся прыймальнымі толькі ў сярэдзіне
80-ых, калі камуністычная сыстэма пачала дыхаць на ладан і айцам народу
стала не да змаганьня з заходнімі ўплывамі на побыт савецкага чалавека.
Яны ліхаманкава пачалі шукаць сабе месца ў новых гістарычных варунках і
знайшлі. Цяпер і яны, а многія зь іх людзі ня бедныя, ходзяць у часіну
летняе сьпёкі ў кароткіх нагавіцах – шортах. Яны спрэс паслугоўваюцца замежнымі
словамі тыпу сатэліт, пэйджмэйкер, біпэр, побач зь якімі шорты выглядаюць
бязьвінным ягняткам.
Цяперашнія беларускія ўлады таксама нічога ня маюць супраць шортаў.
Калі беднасьць і падткі сьцягнуць з чалавека апошнія штаны – гэта будзе
не канец, застануцца… шорты.
Сяржук Сокадаў-Воюш
Самае папулярнае
1