Наўрад ці яшчэ ў якой мове слова “самота” мае столькі ж, як і
ў нас, сынонімаў альбо проста падобных па сэнсе словаў.
Сум, нуда, жаль, роспач, маркота, скруха, паныласьць, смутак, жальба,
шкадоба, ростань, туга…І гэта толькі тое, што згадалася адразу, а колькі
засталося? Вось яшчэ адно – вусьціш. Той найвелькі стан бязьмежнай самоты,
калі сэрца чалавека раптам працінае жах сьмерці і небыцьця.
Але ці можам мы з гэтага казаць, што беларуская мова – гэта мова самоты?
Мяркую, што можам. І на карысьць гэтага меркаваньня ўся беларуская паэзія,
у якой, калі пільна ўгледзецца, няма нічога іншага, апроч жалю, тугі, смутку.
Долю мы выбіраем самі, лёс нам наканаваны мовай. Мы ня можам быць іншымі
ад таго, чым ёсьць нашая мова. І як бы калі шчасна не склалася для Беларусі
гульня гістарычных падзеяў, і на які б заможны лад аднойчы не ўпарадкаваўся
наш дабрабыт, мы назаўсёды застанемся самотным народам.
Дарэчы, калі хтосьці староньні пытае, чаму гэта беларусы цураюцца роднай
мовы, з чаго яны на злом галавы кідаюцца ад яе хоць у якую іншую, то я
зазвычай удакладняю – яны не ад мовы ўцякаюць, а ад таго лёсу, які наканаваны
ім мовай.
Але і ня трэба ганіць тых, хто эміграваў ад нас у больш утульныя лёсы.
Тыя людзі хутчэй вартыя шкадобы. Бо якая гэта пакута, жыць з сэрцам, набрынялым
самотай, і не знаходзіць, колькі ў той мове не шукай, словаў, каб
гэтую самоту вымавіць хаця б самому сабе.
Нездарама ў нас кажуць: лёс на кані не аб’едзеш.
Валянцін Акудовіч
Самае папулярнае
1