Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працадзень


Працадзень – слова, якое прысутнічае толькі ў мовах народаў былога Савецкага Саюзу, і якое архіскладана перакласьці на любую мову гэтак званага далёкага замежжа.

Тлумачальны слоўнік беларускае мовы паведамляе, што працадзень – гэта адзінка ўліку працы ў калгасах, якая вызначала долю калгасьнікаў у даходах.

У творчай спадчыне песьняра сацыялістычных перамогаў Пятруся Броўкі ёсьць узьнёслыя радкі:

“Насыпаем сваё збожжа,
Ганарымся працаднямі.
Хутка вернецца машына,
І ў наступны пойдзе рэйс”

Дзе народны паэт бачыў калгасьніка, які ганарыўся сваімі працаднямі – застаецца загадкаю. Хіба што ў вар’ятні.

Вельмі часта матэрыяльным эквівалентам працадня былі нават не крыху збожжа й ня колькі бульбінаў, а ўсяго толькі крывыя палачкі ў зашмальцаваным зшытку калгаснага “ўчотчыка”.

Але адначасна кошт працадня мог быць і надзвычай высокім – за падслуханую сэксотам размову пра нішчымныя калгасныя працадні можна было атрымаць 10 гадоў сталінскіх лягераў.

Працадзень сьпісалі ў архіў сацыялістычнага будаўніцтва толькі ў 60-я гады. Але калі наш унікальны рынкавы сацыялізм будзе разьвівацца хуткімі тэмпамі, зноў можна чакаць увядзеньня яшчэ зусім сьвежага ў памяці беларусаў працадня, пра які прыгоннае калгаснае сялянства склала па-народнаму трапную прыпеўку: “працадзень наш, працадзень, зноў у сраку цэлы дзень”…

Уладзімер Арлоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG