Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэліярацыя


Гісторыя Беларусі ў ХХ стагодзьдзі збольшага ўкладваецца ў пяць словаў: "рэвалюцыя", "вайна", "мэліярацыя", "чарнобыль" і "незалежнасьць".

За кожным з гэтых словаў стаяць апакаліптычныя падзеі, але я наважуся сьцьвярджаць, што найвялікшае зь іх пазаначанае словам мэліярацыя. Пасьля мэліярацыі ў нас няма, і ўжо ніколі ня будзе той краіны, якую Багушэвіч назваў жаночым імём Беларусь.

Літаральна за некалькі дзесяцігодзьдзяў раней сарамліва схаваная за балацінамі, хмызамі й купамі дрэваў краіна выгалілася да небакраю, зрабілася адкрытай і плоскай, як планшэт, на якім пад транспарцір накрэсьленыя простыя лініі каналаў. Аніякі землятрус ня змог бы нагэтулькі зьмяніць ляндшафт Беларусі, як зьмяніла яго мэліярацыя.

Але ж ці толькі ляндшафт зрабіўся іншым? Мэліярацыя не была адно касьметычнай дзеяй. Не. Гэта была апэрацыя па зьмене, калі можна так сказаць, полу краіны. Пасьля яе завяршэньня Беларусь разьвіталася са сваёй жаночай сутнасьцю.

Чалавеку мэдыцына мяняе пол ужо досыць даўно. Але, здаецца, упершыню падобнае было прароблена з цэлай краінаю. І хаця праз плястычныя маніпуляцыі жанчына можа прыдбаць сабе фалас, а мужчына -- грудзі, але ж жаночы фалас ня здольны апладніць улоньне, а з цыцак мужчыны ня выцясьніш і кроплі малака для немаўляці.

Напэўна, сяго-таго мае апошнія словы трохі зьбянтэжаць. Буду шчырым -- мяне таксама бянтэжыць мэтафара Беларусі, як жанчыны з фаласам. Якая звонку выдае на мужчыну, але няздольная ня вывергнуць жыцьцядайнае семя, не прыняць яго ў сябе.

І я б вокамгненна зьмяніў яе на іншую, каб празь перамену мэтафараў можна было вярнуць жыцьцядайнасьць зьнявечанаму мэліярацыяй чэраву краіны, якую Багушэвіч калісьці назваў жаночым імём Беларусь.

Валянцін Акудовіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG