Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спорт дапамагае мозгу


Фізычныя практыкаваньні станоўча ўплываюць на разумовыя здольнасьці.

Чалавек зрабіўся такім, якім ён ёсьць, таму, што мільёны гадоў назад перасоўваўся на вялікія адлегласьці. New York Times нагадвае, што ў 2004 годзе біёлягі-эвалюцыяністы Даніэль Лібэрман з Гарварду і Дэніс Брамбл з унівэрсытэту штату Юта (ЗША) апублікавалі вынікі дасьледаваньня, зь якіх вынікае, што нашыя продкі выжывалі, у немалой ступені, дзякуючы здольнасьці хутка бегаць, каб здабываць харчаваньне. Пра гэта паведамляе New York Times.

У выніку натуральнага адбору выжывалі больш спартовыя – і паступова ногі рабіліся даўжэйшымі, пальцы – карацейшымі, удасканальваўся вэстыбулярны апарат – дзеля падтрыманьня цела ў вэртыкальным стане.

Так, рух у немалой ступені фармаваў форму чалавечага цела – але ён уплываў і на мозг. Мозг рос у памерах, і сёньня, як лічаць антраполягі, ён прыблізна ў тры разы большы, чым можна было б чакаць, з улікам памеру нашага цела.

Сёньня навукоўцы знаходзяць усё больш доказаў таго, што фізычная актыўнасьць ўплывае на мозг чалавека і на тое, што прынята лічыць разумовымі здольнасьцямі.

Антраполяг з арызонскага ўнівэрсытэту Дэвід Райхлен, які дасьледуе эвалюцыю чалавечага мозгу, лічыць, што фізычная актыўнасьць нашых продкаў стымулявала павелічэньне тканіны мозгу – у выніку, здольнасьць разважаць рабіла больш пасьпяховай адсочваньне здабычы, а значыць і стварала лепшыя ўмовы для выжываньня нашчадкаў. Паступова гэта трансфармавалася ў здольнасьць апэраваць катэгорыямі вышэйшай матэматыкі і вынайсьці iPad – праўда, некалькі пазьней.

Але і сёньня, лічаць навукоўцы, фізычная актыўнасьць уплывае на фармаваньне структураў нашага мозгу і дапамагае удасканаліць разумовыя здольнасьці. Рэгулярныя фізычныя практыкаваньні (у тым ліку і такія простыя, як хада ці бег), станоўча ўплываюць на розум.

Так што – будзьце актыўнымі. Стывам Джобсам вы, магчыма, ня станеце, але разумнейшым – будзеце!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG