Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палепшыць свой IQ?


Ці магчыма павялічыць свой каэфіцыент інтэлекту (IQ), то бок, узровень сваіх разумовых здольнасьцяў, узровень сваёй кемлівасьці?



Існуе перакананьне, што падвысіць свой IQ магчыма толькі ў раньнім дзяцінстве. Але досьлед, апублікаваны летась у часопісе «Nature», падрывае гэтае перакананьне ў корані. Аказваецца, IQ можна пабольшыць і адмысловай трэніроўкай у сталым узросьце, і нават не па пункт ці два, а на цэлых 28 цягам чатырох гадоў! Досьлед таксама паказаў, што некаторыя цягам чатырох гадоў могуць свой IQ панізіць на 18 пунктаў.

Каэфіцыент інтэлекту канкрэтнага чалавека вызначаецца пры дапамозе тэстаў адносна ўзроўню сярэднестатыстычнага чалавека такога ж узросту. Тэсты IQ распрацоўваюцца такім чынам, каб вынікі апісваліся звычайным разьмеркаваньнем (разьмеркаваньнем Гаўса) зь сярэднім значэньнем IQ, роўным 100, і такім роскідам, каб 50% людзей мелі IQ паміж 90 і 110 і па 25% — ніжэй 90 і вышэй 110.

Сярэдні IQ выпускнікоў амэрыканскіх ВНУ складае 105, выдатнікаў — 130-140.

Што раяць рабіць амэрыканскія навукоўцы, каб павысіць IQ?

Вось некаторыя з падказак:

Па-першае, трэніруйце сваю памяць (гэтак званую «кароткатэрміновую памяць»). Завучвайце на памяць вершыкі. Напрыклад, санэты Максіма Багдановіча або фрагмэнты «Новай зямлі» Якуба Коласа.

Па-другое, старайцеся засяроджваць сваю ўвагу і пазьбягаць расьсеянасьці пры кожнай нагодзе.

Хадзіце на шпацыры, прынамсі тры разы на тыдзень і прынамсі 45 хвілін на адзін шпацыр.

Калі можаце, старайцеся падрамаць гадзіну-паўтары кожнага дня папаўдні, недзе пасьля 14-й гадзіны.

Піце каву, і абавязкова з кафэінам!

Вывучыце прынамсі дзьве мовы і карыстайцеся імі папераменна.

Пішыце рукою на паперы, а не клявіятурай на экране кампутэра.

А калі ўжо пішаце на клявіятуры, дык пішыце хутчэй агляды і ацэнкі розных рэчаў (напрыклад, кніжак у інтэрнэт-кнігарнях, рэстаранаў у вашым горадзе), чым голыя камэнтары і лаянку на розных сайтах і ў сацыяльных сетках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG