Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арлоў: Беларуская лацініца не належыць толькі мінуламу


З марай пра адраджэньне беларускай лацінкі Ўладзімер Арлоў новую кнігу паэзіі выдаў адразу ў дзьвюх вэрсіях. Побач зь вершам на кірыліцы друкуецца варыянт, набраны лацінскімі літарамі.

У зборніку «Сьвецяцца вокны ды нікога за імі» — выбраныя творы з папярэдніх кніг, а разьдзел «На поўнач ад каханьня» склалі вершы, што друкуюцца ўпершыню.

Кніга адметная сваім афармленьнем: усе творы падаюцца паралельна ў двух варыянтах беларускага альфабэту.

Уладзімер Арлоў расказаў «Свабодзе», што даўно хацеў выдаць кнігу на лацініцы:

«Калісьці ідэяй выдаць кнігу на лацінцы я падзяліўся з нашай паэткай, сьветлай памяці, Нінай Мацяш. Яна астудзіла мой запал. Ніна, памятаецца, сказала, што наш чытач не гатовы да лёгкага ўспрыманьня лацінкі. Пасьля той размовы нарадзілася ідэя выдаць кнігу паэзіі ў двух вэрсіях. Мяне падтрымаў мой рэдактар Валянцін Акудовіч. Ідэя спадабалася і фундатару кнігі Паўлу Бераговічу. Урэшце кніга зьявілася ў вельмі густоўным афармленьні Генадзя Мацура. Таксама хачу сказаць шчыры дзякуй Аляксандры Макавік, перад якой стаяла задача працы з двума тэкстамі. Гэтаксама няпроста было і аўтару макета Сяргею Кандраценку».

У 2009 годзе тапанімічная камісія пры Акадэміі навук выдала афіцыйны варыянт беларускага лацінскага альфабэту. Але Уладзімер Арлоў пайшоў усьлед за Франішкам Багушэвічам, Янкам Купалам, «Нашай Нівай» і выбраў варыянт лацінкі пачатку ХХ стагодьдзя — з гачыкамі і крэскамі.

Зварот да лацінкі пісьменьнік тлумачыць проста: наша культура належыць да эўрапейскай цывілізацыі. Ён лічыць, што беларуская лацінка не памерла:

Уладзімер Арлоў з новай кнігай у руках
Уладзімер Арлоў з новай кнігай у руках


«Я б не пагадзіўся, што толькі смс-кі пішуць лацінкай. Паглядзіце на беларускія форумы ў сеціве і вы ўбачыце там шмат лацінічных каментароў. Я думаю, што беларуская лацініца не належыць толькі мінуламу. Паездзіўшы па сьвеце, я пераканаўся, што ў краінах, якія традыцыйна карыстаюцца кірыліцай, лацінка заўжды прысутнічае ў жыцьці грамадзтва. Калі казаць пра Чарнагорыю, дык там лацінка ўжо перамагае кірыліцу.У Сэрбіі вялікі корпус літаратуры выходзіць лацініцай. Я бачыў у гэтых краінах падручнікі, якія так і называліся «Вучым лацініцу».

Рэдактар кнігі «Сьвецяцца вокны ды нікога за імі» Валянцін Акудовіч хоць і падтрымаў ідэю кнігі на лацінцы, але не падзяляе аптымізму наконт яе вялікіх пэрспэктываў.

Акудовіч раіць ставіцца да такіх кніг перш за ўсё як да мастацкай зьявы:

«Я не ўпэўнены, што калі-небудзь, нават у тыя часы, калі мы будзем бліжэй да ўласна эўрапейскай культуры, функцыянальна лацінка возьме верх. Зараз праблем з мовай нам хапае больш чым дастаткова. Палітычна я лічу немэтазгодным распачынаць шырокі рух за лаціну. У якасьці эстэтычнага факта, напаміну пра тое, што лацініца як культура для нас натуральная — так. Бо былі цэлыя эпохі, калі мы былі ў дыскурсе лацінскае цывілізацыі. А ў дадзеным выпадку для мяне гэта вельмі ўдалая эстэтычная падзея, і бачыць гэты ход як лікбез — загубіць кнігу як паэтычную падзею».

Фрагмэнт вокладкі кнігі
Фрагмэнт вокладкі кнігі


Наклад кнігі — 500 асобнікаў. Неўзабаве ад прыватнага выдаўца Логвінава зборнік зьявіцца ў кнігарнях Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG