Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёмкава. Сядзіба апошняга менскага ваяводы


Калі б апошні менскі ваявода Адам Хмара апынуўся ў сёньняшнім дні, наўрад ці знайшоў бы сваю сядзібу. Настолькі непазнавальна за апошнія гады памяняўся ляндшафт. Там, дзе некалькі дзесяцігодзьдзяў таму былі палі ды пералескі, вырас пасёлак Сёмкава. Які сваімі хатамі і катэджамі назаўжды закрыў колішні маляўнічы краявід — пэйзажны парк, даліну ракі Чарнушкі, мураваную аднапавярховую сядзібу. Толькі дзякуючы Напалеону Орду мы можам уваскрэсіць колішняе хараство.

Гледзячы сёньня на доўгую руіну з чырвонай цэглы бяз даху, цяжка ўявіць, што некалі тут быў велічны барокавы комплекс. З уязной брамай, аранжарэямі, паркам з альтанкамі і сажалкамі. Толькі старажытныя ліпы і клёны, рэшткі колішніх прысадаў, нагадваюць, што гэта ня лес, а колішні парк.

Побач зь сядзібай — будынак колішняй школы. Прыгожая расейская пані Алена Наважылава, ранейшая яе дырэктарка, у 90-я гады была апантаная ідэяй адраджэньня сядзібы.

— Я тут ваявала з усёй вёскай. Я не давала тут нічога будаваць. Я хацела захаваць тут усё ў тым, першапачатковым выглядзе. І калі я была дырэктарам, Белпрампраект рабіў тут праект рэканструкцыі. Я атрымала ахоўную грамату. Што аб’ект ахоўваецца дзяржавай. Але вы ведаеце, як у нас ахоўваецца дзяржавай. Яна ахоўвае толькі тое, што можна скрасьці. А што скрасьці нельга, яна не ахоўвае. Я накрыла гэты будынак шыфэрам. Нават старыя вокны былі. Потым усё раскралі.

Ня так даўно комплекс перайшоў на балянс Беларускай праваслаўнай царквы. Але што тут плянуюць зрабіць — таямніца вялікая ёсьць. Нават старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч не раскапаў яе. Але адзін флігель ужо атынкаваны. А пасярод двара зьявілася шыльда, што комплекс ахоўваецца дзяржаваю. Таямніцу крыху прыадкрыў малады спадар, які праходзіў побач.

— Яны плянавалі ў вучэбным корпусе рэстаран, бані-шмані, пакоі для адпачынку. Яны не пасьпелі прыехаць, ужо хадзілі па вёсцы, коней шукалі. Каб ужо адразу грошы пайшлі. Турыстаў катаць. Ім тут як ударылі па руках. Тут помнік архітэктуры. Аднавіць — калі ласка, аднаўляйце.

Мой суразмоўца — прадпрымальнік, будаўнік. Дзясятак гадоў таму, калі ваколіцы Сёмкава забудоўваліся катэджамі, у яго не было праблемаў з кліентамі.

— Зь дзяржаўнымі арганізацыямі лепш працаваць. Прыватнікі могуць кінуць. Калі ня ўзяў па перадаплаце.

— А ў вас ёсьць кліенты, якія будуюць дамы?

— Ну, тут, каторыя катэджы будавалі… Тут ужо вольнай зямлі няма ў Сёмкаве. Быў пэрыяд, практычна за кошт гэтых прыватнікаў і выжывалі. Калі кармушка адкрылася, было ім што красьці, зь імі было нармальна працаваць. А зараз пайшла хваля, яны цэлае лета самі раствор мяшаюць лапатай.

Сёньняшні крызіс мае розныя абліччы. Каму на бутэльку не хапае, каму на новы аўтамабіль. Сёмкаўскі прадпрымальнік пакутуе ад недахопу кваліфікаваных кадраў. Бо многія зьяжджаюць у Расею.

— Калі малады хлопец прыходзіць, бярэш — ён нічога ня ўмее. Я сам вучу. Пажылога возьмеш — ён сьпіты. А маладыя, іх таксама мала, нічога ня ўмеюць. А ён год папрацаваў і пайшоў ад цябе. Вось такая рэчаіснасьць.

— А на каго вучыце?

— У мяне няма экскаватаршчыка. Я ўсіх разагнаў, сам сядаю.

— А дзеці ў вас ёсьць?

— Ёсьць адзін.

— Вы хочаце, каб ён заставаўся, ці не?

— Я пра гэта яшчэ ня думаў. Езьдзіць трэба. Трэба, каб чалавек езьдзіў па сьвеце. Калі просты чалавек паедзе хоць у Новую Зэляндыю і пабачыць, што можна зрабіць дома, ён прыяжджае і пачынае. Прагрэс, цывілізацыя павінны ў сьвеце, як вада, круціцца. Каб бачыць, трэба езьдзіць.

Самыя старыя дамы ў Сёмкаве пабудаваныя ў 60-я гады. Але Ніну Кабанаву можна назваць сапраўднай старажылкай. Бо яна жыла тут падчас акупацыі. У былой сядзібе Хмараў немцы зрабілі дзіцячы прытулак. Пасьля вызваленьня старая засталася жыць у Сёмкаве.

— Я тут была, калі мне было 6 гадоў.

— А вы нарадзіліся тут?

— Я нарадзілася ў Смаленскай вобласьці. Калі бацьку павесілі, нас прывезьлі ў канцлягер у Слуцку. Я была разам з ваеннапалоннымі. Нас ваенныя падкормлівалі. Дзяцей не кармілі ўвогуле. Там маці памерла, дзьве сястры памерлі. Брата расстралялі. Ён дакрануўся да дроту. А нас дзесяць чалавек, такіх мацнейшых, прывезьлі сюды.

— А што тут тварылася падчас вайны?

— Бралі кроў. Не кармілі, не паілі. Голыя, босыя. У мяне на галаве не было валасоў, суцэльная кароста. Старэйшыя дзеці хадзілі па вёсках, хто што дасьць. Яны прыносілі, нас кармілі. А што немцы давалі, усё Генералаў забіраў сабе. На свае п’янкі.

— Зь лягера можна было выйсьці і вярнуцца?

— Так. Сыходзілі старэйшыя.

— Як гэта ў немцаў называлася? Прытулак?

— Так. Прытулак.

— Яны, так бы мовіць, ласку вам рабілі.

— Ага. Тут не было ні немцаў, ні паліцыі. Тут быў Генералаў такі, дырэктар. Пасьля яго партызаны кудысьці зьвезьлі. Калі Конеў стаў, лепш стала жыць. Здабываў, прывозіў хоць нешта дзецям. Пасьля Генералава быў дырэктар Конеў. А колькі тут чалавек памерла! 500 чалавек тут было. Панскі дом стаяў. Партызаны яго спалілі. Немцы адступалі. Ім патрэбны быў шпіталь. Немцам не далі засяліцца.

І ўсё ж гістарычнае месца ўплывае на навакольле. І невыпадкова ў аграсядзібе, якую адкрыў непадалёк ад палаца былы спартовец-біятляніст Васіль Сідарэнка, першае, што бачыць госьць, — гэта партрэты вялікіх князёў літоўскіх.

— Гэта арыгінальныя працы ці вы купілі?

— Я спэцыяльна рабіў. Фатаграфаваў іх з палотнаў. Потым аддаваў у друкарню. І мне на спэцыяльных тканінах аддрукавалі. Воіны Вялікага Княства Літоўскага.

— Ага. Сапега вісіць.

— Наша гісторыя зьвязаная з гэтымі гістарычнымі пэрсанажамі.

— Вітаўт вісіць. «Бітва пад Воршай». Дайце руку пацісну.

— Разьвіцьцё агратурызму прадугледжвае тое, каб паказваць гісторыю сваю. Ня тую, якая была пасьля 45-га году. А тую, якую мы мелі 500 гадоў. Яе вельмі мала паказваюць на дзяржаўным узроўні. Але мы як грамадзяне краіны абавязаныя паказаць, як нашы продкі жылі.

— Наколькі моцна вас прыціснуў гэты крызіс?

— Калі да Новага году быў добры прыток турыстаў, то ў гэтым годзе значна менш. Бо людзі лічаць грошы. Калі няма прытоку турыстаў, то і будаўніцтва запавольваецца.

— Расейцы — яны прывыкаюць, што яны за мяжой?

— Імпэрскія замашкі заўжды былі і застаюцца. Яны на нашу гісторыю кажуць, што яна польская. Чаму так адбываецца? Мо таму, што з часоў Кацярыны гісторыя была перапісаная?

Больш за ўсё мяне ўразіла ў гэтай утульнай сядзібе — суседзтва шаста пасярод танцавальнай падлогі і выяваў князёў.

— Я бы такі шост паставіў у кожную беларускую хату і кватэру. Каб яны крыху разьняволіліся і пачалі час ад часу гаварыць тое, што яны думаюць на самой справе.

— Гэты шост прызначаны для той моладзі, якая прыяжджае сюды. Накрываюць сталы. П’юць гарэлку, піва. Напіваюцца, і больш няма чаго ім рабіць. Мне хочацца, каб моладзь была больш культурная. Раптам некаму стала добра. Ён пайшоў, пад музыку самастойна патанцаваў. Асабліва дзяўчына. А то глядзяць адзін на аднаго ў комплексах.

Ці дапаможа моладзі стаць больш культурнай танцавальны шост? Ня ўпэўнены. Але неабыякавыя да гісторыі людзі не павінны забываць адрас апошняга менскага ваяводы.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG