Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёлягі не прагназуюць ні байкоту, ні плошчы


Спадзяваньні некаторых прадстаўнікоў беларускай апазыцыі на байкот маючых адбыцца 19 сьнежня прэзыдэнцкіх выбараў вельмі прывідныя. Да такой высновы прыйшлі спэцыялісты Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў /НІСЭПД/.

Па выніках нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў кастрычніку, высьветлілася, што на выбарах кіраўніка дзяржавы абавязкова ці хутчэй за ўсё будуць галасаваць 73,2 % апытаных. І толькі 13,9 % хутчэй за ўсё ці сапраўды ня будуць удзельнічаць у галасаваньні. Такім чынам "відавочна, што надзеі на байкот гэтых выбараў ня маюць пад сабой ніякіх рэальных падстаў", – адзначаюць у НІСЭПД.

Гэтак жа нерэальнымі, паводле апытаньня НІСЭПД, можна лічыць і спадзяваньні апазыцыі на масавыя акцыі пратэсту ў выпадку фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Па выніках дасьледаваньня толькі 10,9 % апытаных заявілі пра намер прыняць удзел у масавых пратэстах, каб паспрабаваць зьмяніць вынікі, яшчэ 24,1 % апытаных адказалі: "Не паверу гэтым вынікам і буду вельмі засмучаны, але ў масавых акцыях пратэсту ўдзельнічаць ня буду". А 40,5 % апытаных выказалі такую пазыцыю: "Пагаджуся з вынікамі, таму што іх ужо нельга будзе зьмяніць".

Паводле апытаньня, выбарчая кампанія актуалізавала інтарэс беларусаў да палітыкі. Так, 32,3 % рэспандэнтаў сёньня ведаюць, што У.Някляеў (якога яшчэ нядаўна ведалі толькі як паэта) зьбіраецца балятавацца на цяперашніх прэзыдэнцкіх выбарах (А.Лукашэнку назвалі 72,3 %, А.Саньнікава 13.6 %, Я. Раманчука6.2 %).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG