Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Ігар Бабкоў і Ганна Серэхан


КНІГАГЛЯД


ГАННА СЕРЭХАН: «МАЛЕНЬКІ ЧЫТАЧ ПАВІНЕН УМЕЦЬ РАЗМАЎЛЯЦЬ З БОГАМ»


Ганна Серэхан

У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла ў сьвет кніга маладой аўтаркі Ганны Серэхан «Пане, будзь заўжды са мной». Жанр яе незвычайны — паэтычны малітоўнік для дзетак. Чым было абумоўлена зьяўленьне такой кнігі, паэтка расказала ў гутарцы зь Міхасём Скоблам.


Міхась Скобла: «Ганна, а як вам прыйшла ідэя напісаць кнігу ў такім незвычайным жанры, як паэтычны малітоўнік?»


Ганна Сэрэхан: «Шчыра кажучы, гэта не мая ўласная ідэя. Гэтую ідэю мне падказаў знаёмы сьвятар, які вельмі клапатліва адносіцца да праблемы выхаваньня дзяцей у рэлігійным духу. Менавіта ён заахвоціў мяне пісаць кароценькія дзіцячыя запамінальныя малітвы. І трэба было, каб, з аднаго боку, яны былі дастаткова творчымі, а з другога — традыцыйнымі. Паколькі гэта ўсё ж малітва, нягледзячы на тое, што вершаваная. Гэты сьвятар даў мне канкрэтныя парады, дабраславіў мяне на гэтую справу. І пасьля, у працэсе працы, вельмі актыўна дапамагаў, дасылаў розныя дзіцячыя малітоўнікі падобнага кшталту, напісаныя на замежных мовах — на польскай, на нямецкай. Трэба сказаць, што ў Польшчы і Нямеччыне ў гэтым сэнсе вельмі багатая традыцыя ўжо склалася. А ў нас гэта першы досьвед».


Скобла: «І якія водгукі маеце ад сваіх маленькіх чытачоў?»


Серэхан: «Першыя водгукі прыйшлі да мяне на радзіме, на Лідчыне, калі я са сваёй кніжкай прыехала дадому. Мая мама працуе ў дзіцячым садку, і дзеці нават кароткія малітвачкі павывучвалі на памяць. Было вельмі прыемна чуць іх з дзіцячых вуснаў. З маім татам працуюць маладыя бацькі, якія вельмі ахвотна бралі маю кнігу, прасілі, набывалі для сваіх маленькіх дзетак. Зачытаю адну малітвачку, якая была напісана, калі я падслухала размову ў краме. Побач са мной стаялі маці з дачушкай, напярэдадні Божага Нараджэньня яны, відаць, выбіралі камусьці падарунак. І вось дачушка скардзілася маме, што сьвяты Мікалай да яе не прыходзіць. Мяне гэта настолькі кранула, што нарадзіўся верш «Малітва да сьвятога Мікалая»:


«Мікалаю, Мікалаю,

пэўна, ты мяне шукаеш,

каб салодкі пачастунак

мне прынесьці ў падарунак.

Ну а што ж я маме, тату

падару? Сястрычцы, брату?

Падкажы, мо па цукерцы?

Падару сваё ім сэрца!


Скобла: «Вы сябе ў гэтай кніжцы праявілі як спрактыкаваны пэдагог. Вы вучыце дзетак размаўляць з Богам».


Серэхан: «Я хачу падкрэсьліць, што мой паэтычны малітоўнік мае ня столькі забаўляльнае, колькі пэдагагічнае значэньне. Маленькі чытач павінна ўмець размаўляць з Богам, у яго павінен складвацца адпаведны вобраз Бога, да якога трэба зьвяртацца ня толькі з просьбамі: „Божа, дай!“, „Божа, учыні!“, „Божа, зрабі“. Напрыклад: „Божа, учыні так, каб мяне заўтра настаўніца ня выклікала!“ Потым, можа, Бог і дапаможа, настаўніца ня выкліча, і дзіця падумае: „Вось, здарыўся фокус“. Гэта няправільныя адносіны да Бога, гэта памылковы вобраз Бога. Дзіця павінна ўспрымаць Бога праз любоў, уступаць у адносіны з Богам як асобай. Трэба сказаць, што дзецям гэта добра ўдаецца. Дзеці вельмі блізкія да Бога па сваёй натуры.

Гэта потым мы вырастаем, перастаем давяраць сваёй інтуіцыі, сьвету фантазіі, сьвету казачнаму, цудоўнаму. Дзіця вельмі ахвотна верыць у цуды, яно рэальна ўспрымае анёлаў».


Скобла: «Надзвычай удала аздобіла вашу кнігу мастачка Галіна Хінка-Янушкевіч — да кожнага верша-малітвы яна зрабіла сьветлыя, жыцьцярадасныя малюнкі. Як вам працавалася ў вашым паэтычна-мастацкім тандэме?»


Серэхан: «Спачатку былі напісаныя тэксты. Я ведала, што будзе працаваць з гэтымі тэкстамі Галіна Хінка-Янушкевіч. Але калі я ўбачыла размаляваную кніжку, я вельмі зьдзівілася! Для мяне гэта была ўжо зусім іншая праца, зусім іншая кніжка — я проста яе не пазнала!»


Скобла: «Каб пісаць вершы-малітвы, хай сабе і дзіцячыя, трэба ведаць гісторыю хрысьціянства. Гэтага вымагае, скажам, разьдзел вашай кнігі, дзе ёсьць малітвы да сьвятога Францішка з Асызу ці Дамініка Савіо... Як вы прыйшлі да гэтых ведаў і ўвогуле да веры?»


Серэхан: «Да веры я прыйшла яшчэ ў дзяцінстве. Гэтую веру прышчапілі мне мае бацькі і мае катэхэты ў парафіі Спасланьня Сьвятога Духу на Лідчыне. Пра названых сьвятых я таксама даведалася ад іх, але ўжо стаўшы дарослай. Сьвяты Францішак з Асызу, гэты незвычайны беднячок — апякун інтэлігенцыі. Зразумела, для дзяцей трэба было падаць іншы вобраз Францішка Асызкага, бо той яго бок, якім захапляецца інтэлігенцыя, ім быў бы яшчэ не даступны. Дзіцячая малітва павінна быць простая, канкрэтная, лягічная, бяз лішніх паэтычных выкрунтасаў. Асоба Францішка Асызкага настолькі ўнівэрсальная, што дзецям ім захапляцца проста. Гэта той сьвяты, які размаўляў з прыродай. Ён называў сонца братам, братамі для яго былі і воўк, і месяц. Ён ведаў, што прырода жывая, мог размаўляць на мове птушак і нават прапаведваць птушкам. Гэтым захапляецца ўвесь сьвет на працягу ўжо семісот гадоў».


Скобла: «Вы працуеце ў каталіцкім выдавецтве „Про Хрысто“, дзе выходзіць у сьвет ня толькі тэалягічная літаратура. Што зь цікавых кніжных навінак пад маркай „Про Хрысто“ нас неўзабаве чакае?»


Серэхан: «Рыхтуецца да друку кніга „Сьвятая імша. 100 пытаньняў і адказаў“. Хутка выйдзе ў сьвет малітоўнік для моладзі».


Скобла: «Таксама ў вершах?»


Серэхан: «Не, гэта будзе малітоўнік празаічны. У „Про Хрысто“ неўзабаве таксама выйдзе кніга паэзіі нобэлеўскай ляўрэаткі Віславы Шымборскай у перакладзе на беларускую мову Ніны Мацяш. Там будуць пададзеныя паралельныя тэксты — польскія і беларускія. Кніга будзе мець назву „Двукроп’е“. Як напісала ў прадмове да яе Хрысьціна Лялько: „Двукроп’е — нібы абяцаньне працягу“.


АЎТАР І ТВОР


ІГАР БАБКОЎ: „ТРЭБА ЎСПРЫМАЦЬ ЛІТАРАТУРУ НЕ ЯК НАЦЫЯНАЛЬНУЮ І ЎСЯСЬВЕТНУЮ, А ШУКАЦЬ У ЁЙ ІНДЫВІДУАЛЬНЫЯ КАНОНЫ“


Ігар Бабкоў

Госьць нашай сёньняшняй менскай студыі — паэт, філёзаф і куратар кніжнай сэрыі „Галярэя Б“ Ігар Бабкоў. Пра новыя выданьні гэтага праекту, штудыі старакітайскай мовы і ролю роднай мовы ў творчасьці зь ім гаворыць Валянціна Аксак.


Валянціна Аксак: Cпадар Ігар, у пасьлямове да вашай кніжкі „Адам Клакоцкi i ягоныя ценi“ напісана: »...вось ужо другое стагодзьдзе мову нашу мы абараняем, песьцiм, распавядаем ёй пра яе мiлагучнасьць, матчыннасьць i беларускасьць. Сама за сябе гаварыць яна ўжо вiдавочна развучылася. У падтэксьце кнiгi ляжыць цьмяны спадзеў, што мова нашая калicьцi вымкне зь пялюшак лёгiкi й граматыкi на больш пракаветную прастору і тады задушыць усiх сваiх абаронцаў."Вы верыце, што родная мова калісьці вось так будзе пачувацца на прасторы той зямлі, дзе вы жывяце й творыце?«


Ігар Бабкоў: «Сама заўвага, канечне, была крышачку іранічная — я не хацеў бы, каб мова каго-небудзь задушыла. У падтэксьце тут ідэя пераўтварэньня мовы з аб’екту, якім мы ўсе займаемся, пра які мы многа гаворым, клапоцімся, у суб’ект. Для паэзіі гэта асабліва важна, каб не паэт гаварыў мовай, а каб мова прамаўляла праз паэта. У беларускай традыцыі такіх прыкладаў важных, калі мова прамаўляе ў большай ступені, чым паэт валодае мовай, ня так і многа. Гэта, можа быць Жылка, можа быць Разанаў, і мне хацелася б патрапіць у гэты шэраг».


Аксак: «А што для вас першаснае ў паэзіі: мова, міт, эмоцыя, веда?»


Бабкоў: «Напэўна, эмоцыя і мова. Напачатку, можа быць начытаўшыся Гайдэгера, а можа быць, начытаўшыся ўлюблёных паэтаў сваіх, мне здавалася, што задача паэта ўслухоўвацца вось у гэты пошум моўкнасьці, услухоўвацца ў тое, што прамаўляе сама мова. І тое, што ў мяне паўставала ў вершах на пачатку — гэта быў такі мэтафізычны экспрэсіянізм. Першыя вершы былі спробай адкрыць для мовы гэтыя важныя шлюзы. Зь цягам часу на першы плян усё ж такі выйшла паэтычная эмоцыя, а мова стала хутчэй інструмэнтам, з дапамогай якога гэтая эмоцыя выяўляецца. Тэксты сталі больш празрыстыя і можа быць паэзія праясьнілася крышачку».


Аксак: «Вы перакладалі шмат са старажытнакітайскай, у прыватнасьці, легендарнага паэта Лі Бо. Скажыце, калі і дзе вы навучыліся старажытнакітайскай мове?»


Бабкоў: «У сярэдзіне 80-х у Менск прыехалі першыя стажоры-кітайцы. У нас тады была невялічкая каманда аматараў старажытнакітайскай паэзіі, завітваў да нас тады і Алесь Разанаў, дарэчы. Нам пашэнціла, што адзін з кітайскіх перакладчыкаў згадзіўся выкладаць нам старакітайскую паэзію і старакітайскую мову. Мы разьбіралі крок за крокам гэтыя вершы два гады. На жаль, гэта перарвалася і цяпер я ўжо нічога практычна з іерагліфікі ня памятаю. Спадзяюся, што калі-небудзь усё ж вярнуся да яе».


Аксак: «Днямі ў Менск прыяжджала вядомая польская пісьменьніца Вольга Такарчук. На прэзэнтацыі беларускага перакладу сваёй кніжкі „Правек ды іншыя часы“ яна сказала, што падзел сучаснай літаратуры на сусьветную ды нацыянальную — гэта анахранізм. Як вы ставіцеся да падобнага цьверджаньня?»


Бабкоў: «Я думаю, што для літаратара важнейшы свой уласны літаратурны канон, калі ты разумееш сваіх улюбёных пісьменьнікаў і ня проста тых улюбёных, якіх табе падабаецца чытаць, а да якіх ты ставісься як да майстраў і ў якіх ты хочаш чамусьці навучыцца, і хочаш гэтую лінію ці традыцыю працягваць. У гэтым сэнсе трэба ўспрымаць літаратару не як нацыянальную і сусьветную, а шукаць у ёй індывідуальныя каноны».

Трэба ўспрымаць літаратару не як нацыянальную і сусьветную, а шукаць у ёй індывідуальныя каноны.

Аксак: «У анонсе вашай кнігі эсэяў «Вытлумачэньне ру[і]наў напісана, што асноўная адметнасьць кнігі — гэта інтанацыя, зь якой прамаўляецца слова Беларусь. Якая яна для вас сёньня, гэтая інтанацыя?»


Бабкоў: «Інтанацыя мэтафізычная. Мы часам губляем гэтае вымярэньне, губляем беларускую мэтафізыку і нам здаецца, што ўсе нашы праблемы могуць быць вырашаны ў гэтай рэальнасьці, тут і цяпер. Я бачу сваю місію, і асабістую і ў беларускай літаратуры — трымаць вось гэты мэтафізычны тон, шукаць тых творцаў, якія разам са мной ці я разам зь імі патрапляю трымаць гэтую інфармацыю».


Аксак: «Вы ўвесь час шукалі гэтых людзей, гуртавалі іх то вакол часопіса „Фрагмэнты“, то цяпер вось вакол кніжнай сэрыі „Галярэя Б.“ Што гэта за сэрыя і які прынцып абраньня аўтараў для выданьня ў ёй?»


Бабкоў: «„Галярэя Б.“ — гэта адна зь першых, а мо і першая аўтарская калекцыя беларускай літаратуры. Прынцып вельмі просты — гэта літаратура мадэрная і мэтафізычная».


Аксак: «Апошняя па часе выданьня ў гэтай сэрыі кніжка Макса Шчура „Амальгама“. А якая будзе наступная?».


Бабкоў: «Цяпер рыхтуюцца ажно тры наступныя кнігі. Першай выйдзе кніга прозы Наталкі Харытанюк, якая называецца „Трынаццаць гісторыяў для мёртвага ката“. Таксама ўжо гатовая кніжка Антона Францішка Брыля, якога мы ведаем як цікавага перакладчыка. Ён прадставіць свае паэтычныя творы. І трэцяя кніжка — кніжка ўспамінаў і літаратуразнаўчых артыкулаў, прысьвечаных „эпосе буры і націску“, як любіць казаць Акудовіч, эпосе 90-х. Аўтар — Ян Максімюк».


ІГАР БАБКОЎ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ


* * *


Вызваляючы месца таму, што ня мае імя
Забываючы шэпты восені, цені плятану
Захлынаючыся далёкім далёкім ветрам
Я трымаю ў пустых далонях сны акіяну

Разьвінаючы веі сьляпому соннаму Богу
Аплятаючы хмелем горад, даўна нямілы
Я вяртаюся ў нівеч далёкіх сівых пагоркаў
Над якімі плывуць нябёсаў белыя крылы

* * *

Мы затанулі ў Паўночнай затоцы ў час, калі
Стырнавы нема крычаў аб блізкай зямлі

Аб стомленай поўні, схаванай пад глеем гадоў
Аб здрадлівым бляску далёкіх чужых гарадоў

Аб студнях часу, у якіх суцішаны сны
Аб ветлых танцорках, што ткуць вялёны віны

Аб прадчуваньнях, шэптах, спакусах, аб ветры, што вее боль
Аб дрэвах на золку, якія зьядае золь

Аб веях з бурштыну, што ў келіхах сьпеляць віно
Аб садах Шыраза, што з намі пайшлі на дно...

Усё засталося: поўня, ветразь, жагляр
Толькі соль на руках і вада ў твар

Біла, лашчыла, шапатала, — як быццам у сьне
Твае вусны зноў шукалі мяне

* * *

Ноч прыўзьняла веі на восеньскае старонцы
Прымаючы падарункі колеру чакаляды:
Час, высмактаны да раньня, крыху віна на донцы
Заваконнага ветру зблытаныя шарады

Ноч раскінула крылы, ноч разьвінула косы
Ноч адпусьціла памяць, на вуліцы, да сьвітанку
Там дзе празрыстых ценяў так, як ніколі досыць
Там дзе заплюшчыць вочы, як адгарнуць фіранку

Вецер укрые смагу, ноч заціхне ў абдымках
Сьвет паўстане далёкім, як лісты ў капэрце
Як нямое пытаньне на старых фатаздымках
Памяць аб мілых душах, што забыла памерці

* * *

Алесю Разанаву — ліст


Пакуль ты карміў гановэрскіх птушак
тут памірала эпоха.

Стагнала, курчылася, рассыпалася на шматкі
заўтрашніх газэтаў
аскепкі сноў, забытыя дробязі, бранзалеткі
ўспаміны герояў, а потым

памірала ціха і незаўважна, пакідаючы пасьля сябе
чыстыя вуліцы й гару трупаў на тэлеэкране
дзюркі нэкралёгаў, усталяваныя рэпутацыі
параграфы ў гісторыі літаратуры.

Не, мы яшчэ не памерлі, шапталі героі
адзін аднаму ў даўгіх калідорах
халодных шэрых будынкаў
і хтосьці кранаў рукамі сьцены

а хтосьці нема крычаў на папялішчы
пра цёмныя часы аднаразовых чалавечкаў
часы хуткага спажываньня любові.
хцівых відовішчаў, часы блізкай сьмерці...

Пакуль ты карміў гановэрскіх птушак
тут памірала паэзія.

Зьбірала поўныя залі
інтэрвію ў лепшых газэтах
а потым клалася і памірала
проста так, — ад шчасьця — ці ад агіды.

Алесю, няма як перадаць гэты ліст
туды, дзе ты сёньня. На мяжу сну і явы
да гановэрскіх птушак, на самы скрай сьвету
бо мы цені чужых сноў, Алесю, несьмяротныя цені

разам з Эўрыдыкай заблукалі сярод жывых
сьпяваем, плачам, дакранаемся да аблокаў
бо сьмерць немагчыма там, дзе не было нараджэньня
каму за гэта падзячыць — Плятону, Ісусу, Лао Цзы

я ня ведаю.

* * *


Углядаючыся ў югэн прамінулага часу


Варушылі вуснамі, спляталі рукі, маўчалі
Пакуль не патрапілі на самы скрай часу

Дзе ўсё, што мелася быць, — адбылося
Сонца сьвяціла, вецер заставаўся ветрам

Быў красавік, — дзёрзкі, злы і халодны
Дрэвы стаялі, як быццам сьнілі кагосьці

І толькі яны, — сыходзілі, адплывалі, зьнікалі
За смугой году, таялі альбо танулі

У прамінулым, — што — так блізка — было
На выспах шчасьця, там, сярод акіяну

Засталіся: яго нататнікі, яе сны, каляндар
Два шалікі, зялёная лямпа, яе завушніцы

Шклянка гарбаты, узьлёт веяў, самота ў Cafe
І боль у сьпіне, крыху вышэй за сэрца

* * *

Цыгарэтаў дым як туман
Вецер. Зноў гэты пакойчык
Тут ластаўкі жывуць

На досьвітку вылятаюць у сьвет
Вяртаюцца
Калі ўжо сонца за небакраем

Зьбіраюць каля аблокаў
Сны. Засьцілаюць імі
Чалавечыя гнёзды

Слухаюць
Адтуль, з вышыні
Галасы, літаньні

Ветлыя, імклівыя
недасяжныя

Крыху бліжэй да зямлі, ластаўкі
Крыху бліжэй, — варушу губамі

Ня так высока
Ня так пяшчотна
Ня так сьмела

А яны ня чуюць

Крэсьляць знакі ў паветры:
Цёплае трапятаньне
Лёгкіх крылаў сьляды

Часам самотныя
Часам шчасьлівыя
Часам незваротна забытыя

Там, у небе

Восеньскі танец дэрвіша


Калі музыка згубы падступіць пад сон
Расьплюшчацца вочы, узьнімуцца веі, прачнецца вецер
І птушкі пакінуць зарослыя болем аблокі
Тады пачынае свой восеньскі танец дэрвіш

Звонку падобны да скамянелага дрэва
На самым—самым скраі гэтага сьвету:
Старанна падбірае словы, гэсты, званочкі
Ідзе ў паветры, бо — не хапае сьцежак

На гэтай карціне, у гэтым часе, сьветлы Сімург
Корміць з рукі трыццаць самотных ценяў
Ды раптам на вуснах — лёгкай кісьлінкай — haste naboshid
Далёкім шэптам: тонкае гэта сьвятое

На самым скраі: самоты, адчаю, сну
На самым-самым скраі: сярод аблокаў
Слодыч віна, смага, тонкія вусны
Танец апалай лістоты, Твой пацалунак

Час аддаваць: восень расчыніць вакно
Убачыш: сонца, мора, канец падарожжа
За даляглядам: пад ветразем сьветлы жагляр
Плыве па небе, — туды, дзе ўсё пачалося

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG