Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне прыраўнялі да какаіну


Незалежныя групы навукоўцаў з ЗША і Вялікай Брытаніі, якія цягам некалькіх гадоў вывучалі такі фэномэн як каханьне, прыйшлі да высновы: апетае паэтамі пачуцьце нараджаецца ў галаве, яно ёсьць хваравітай залежнасьцю і паводле свайго ўзьдзеяньня падобнае да наркатычнай залежнасьці.

Удзельнікамі навуковых экспэрымэнтаў сталі дзясяткі студэнтаў амэрыканскіх і брытанскіх унівэрсытэтаў, а таксама тамтэйшыя мышы-палёўкі… Паводле навукоўцаў з унівэрсытэту штату Флярыда ў ЗША, гэтыя маленькія жывёлы былі абраныя для экспэрымэнту менавіта таму, што яны даволі часта праяўляюць прыкладна тыя ж прыкметы закаханасьці, што і людзі.

За манагамнасьць адказвае дапамін

На думку навукоўцаў, уся справа ў дапаміне — нэўрамэдыятары і гармоне, які выпрацоўваецца мазгавым рэчывам наднырачнікаў і нырак. Менавіта дапамін, стымулюючы часткі мозгу, адказныя за фармаваньне "сыстэмы заахвочваньня", дазваляе падтрымліваць манагамнасьць самца палёўкі. У людзей дапамін адыгрывае найважнейшую ролю ў мэханізме самых розных задавальненьняў. Гэта можа быць, напрыклад, задавальненьне смачнай ежай або прыцягненьне людзей адзін да аднаго. Лічыцца, што гэта рэчыва актыўна выпрацоўваецца і ў тых людзей, якія “падселі” на гераін і какаін.

На пачатку экспэрымэнту самцы і самкі мышэй спарваліся. Потым у мозг палёвак уводзілі дапамін. У выніку ў іх узьнікала прыхільнасьць да ўжо знаёмых ім самак. Далей мышыную групу зьмяшчалі ў агульную клетку. У гэтай сытуацыі самцы рабілі выбар на карысьць знаёмых самак, адчасна выяўляліся прыкметы іх агрэсіі ў дачыненьні да самак-незнаёмак.
Брытанскі псыхоляг: Зводзіць каханьне да ўзроўню нэўрафізіялёгіі — вельмі спрошчаны падыход.

На наступным этапе дасьледаваньня ўзьдзеяньне дапаміну блякавалася. У выніку прыкметы ўстойлівай прыхільнасьці самцоў да знаёмых ім самак спыняліся.

Як сьведчыць кіраўнік дасьледаваньняў, прафэсар-нэўрафізіёляг Брэндан Арагон, гэта першы экспэрымэнт, які дэманструе працэс уплыву мозгу на манагамныя паводзіны. Паводле прафэсара, падобная заканамернасьць уласьцівая і адносінам мужчынаў з жанчынамі.

Мэханізм каханьня сфармаваўся ў выніку эвалюцыі чалавека

Тым часам, навукоўцы з Рутгерскага ўнівэрсытэту (штат Нью-Джэрсі, ЗША) правялі дасьледаваньні шляхам магнітна-рэзананснага сканаваньня мозгу студэнтаў-валанцёраў, якія перажылі крах каханьня. Кінутым пакутнікам паказалі фотаздымкі аб'ектаў іх уздыханьняў. Высьветлілася, што ўспаміны пра нядаўнюю рамантычную партнэрку ці партнэра актывізавалі адпаведныя зоны мозгу. Сярод іх і тыя, актыўнасьць якіх упершыню была выяўленая ў людзей, залежных ад цыгарэтаў і какаіну.

Як лічыць кіраўніца дасьледніцкай групы доктар антрапалёгіі Элен Фішэр, ня выключана, што падобная актывацыя можа стымуляваць жаданьне вярнуць каханага чалавека, зьдзяйсьняючы розныя рызыкоўныя ўчынкі. Праўдападобна, мяркуюць навукоўцы, што такі мэханізм сфармаваўся мільёны гадоў таму ў выніку эвалюцыі чалавека, каб сканцэнтраваць усе інтэлектуальныя і фізычныя намаганьні чалавека на пэўным выбраньніку.

Таксама ў студэнтаў-валанцёраў зь Нью-Джэрсі адзначалася і актывацыя зоны кары мозгу, зьвязаная з адчуваньнем фізычнага болю і душэўных пакут. Паводле дасьледчыкаў, гэта пацьвярджае, што людзі схільныя вучыцца на памылках, якія прывялі да страты каханьня. Сыходзячы з уласнага досьведу, многія вучацца вылечвацца ад каханьня і ставіцца да гэтага рамантычнага пачуцьця больш цьвяроза.

Камэнтуючы вынікі падобных дасьледаваньняў, доктар Колін Уілсан з Брытанскага таварыства псыхолягаў адзначае:

"Каханьне — гэта складанае пачуцьцё. Безумоўна, многае адбываецца на ўзроўні нэўрафізіялёгіі, аднак, тым ня менш, далёка ня ўсё тут павінна зводзіцца да ўзьдзеяньня хімічных элемэнтаў. Бо натхнёныя каханьнем высакародныя ўчынкі закаханых людзей, геніяльныя творы літаратуры, музыкі, мастацтва было б вельмі спрошчана патлумачыць выключна выпрацоўкай дапаміну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG