Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дарогі: хісткія масты


Удзельнічае гісторык Алег Трусаў. Эфір 26 чэрвеня 2008 году

“Праезд праз мост таксама быў зьвязаны з рызыкай для жыцьця. Правальваліся гнілыя насьцілы, ламаліся парэнчы. Чэха Б.Танера, які суправаджаў пасольства М.Чартарыскага, такія прыгоды напаткалі ў Начы і Багуслававым Полі (цяпер Жодзіна). На рацэ Басі мост так пачаў гайдацца пад павозкамі, што зусім абваліўся б, калі б жаўнеры не падперлі яго бярвеньнямі. Дзесьці за Оршай пасольства зноў спынілася каля ракі, на якой быў толькі малы і ліхі мосьцік: калі на яго ўзьехаў ладоўны караван, адразу ж мост пачаў ламацца зь нязьмерным трэскам, спалоханыя коні кінуліся ў ваду і ледзь не пацягнулі за сабой вазы. Гайдукі пабеглі ў вёску Шаўлева і бізунамі сагналі халопаў папраўляць мост. Зімой, калі рака ля берагоў скоўвалася лёдам, над незамерзлай плыньню клалася бярвеньне, па якому праяжджалі павозкі. Так пасольства з удзелам таго ж Танера пераправілася ў Пясочнай цераз Нёман”.

Валянцін Грыцкевіч, Адам Мальдзіс. “Шляхі вялі праз Беларусь”.



Вячаслаў Ракіцкі: “Так праз масты дабіраліся замежнікі ў старажытную беларускую дзяржаву і так менавіта з мастоў пачыналася іхняе знаёмства з гэтай краінай у 17 – 18 стагодзьдзях. Зрэшты, часта называюць Беларусь мостам паміж Эўропай і Азіяй, усходам і захадам. Апошнімі гадамі можна пачуць, што Бларусь – гэта мост паміж Эразвязам і Расей. Некаторыя палітолягі кажуць, што беларусы жывуць на нафтава-газавым мосьце, а адзін эканаміст, выступаючы на нашым радыё, сказаў, што беларусы жывуць не на мосьце, а пад мостам, і ад іх нічога не залежыць, бо ня могуць яны гэтым мостам авалодаць. Дык адкуль такая мэтафара, што мае і палітычны, і эканамічны, і культурны падтэкст?”


Алег Трусаў: “Справа ў тым, што як толькі зьявіліся пешыя дзяржаўныя ўтварэньні на нашай зямлі і рэгулярнае войска, адразу ж узьнікла праблема пераправы гэтага войска праз шматлікія рэкі, што працякаюць па нашай тэрыторыі. Спачатку людзей перавозілі на лодках або плытах, але гэты працэс быў вельмі марудным і нятанным. Тады сталі шукаць броды – мелкія мясьціны ў рачных вірах, дзе летам можна перайсьці праз раку. Менавіта тут і ўзьнікалі першыя часовыя масты-гаці, калі брод перакрываўся бярвеньнямі на слупах, забітых у дно рэчкі. Гаці і грэблі рабіліся таксама і ў балоцістых мясьцінах, каб і гэтыя перашкоды войска магло хутка пераадолець”.
Ракіцкі: “Дарэчы, і ў тым урыўку, зь якога мы пачалі перадачу, мост падаецца хілым, хісткім, прагнілым. Часовы мост – часовае жыцьцё. Але ж чалавеку ўласьціва думаць пра вечнасьць, будаваць надоўга, калі не на вечнасьць, што будзе служыць і яму працяглы час і паслужыць нашчадкам. Дык калі і дзе зьявіліся пешыя доўгачасовыя масты, якія не разьбіраліся, не падгнівалі і як доўга яны стаялі?”

Трусаў: “У часы Вялікага Княства Літоўскага ўжо ў XV – XVII стагодзьдзях узьніклі вялікія стацыянарныя масты. Найбольш вядомымі зь іх былі мост празь Нёман у Гародні і Чырвоны мост у Віцебску. Гарадзенскі мост быў намаляваны на знакамітых гравюрах канца 16 стагодзьдзя. Гэта былі вялікія і трывалыя збудаваньні на свайных апорах, злучаных паміж сабою драўлянымі насьціламі. Па іх адначасна маглі рухацца пяхота і кавалерыя, ехаць вазы і фурманкі з вайсковым рыштункам. З боку гораду перад мостам стаяла баявая вежа, якая не дазваляла ворагу, які мог зьнянацку захапіць мост, уварвацца ў горад”.

Ракіцкі: “Вы назвалі Чырвоны мост у Віцебску. А я ўзгадаў Чырвоны мост у Полацку. Чырвоным называлі масты і ў іншых мясьцінах Беларусі. Адкуль браліся такія назвы? Яны ў сабе нясуць мэтафару...”

Трусаў: “Тут было два варыянты. Прыкладам, полацкі мост так быў названы, бо рэчка Палата была літаральна чырвонай ад крыві ў часе бітваў падчас вайны 1812 году. За гэты мост расейцы і французы біліся амаль паўгода. А часам чырвонымі называлі масты за іх прыгажосьць”.

Ракіцкі: “мяне якраз цікавіць гэта назва ў зьвязку са шматлікімі войнамі. І па гэтых мастах ішлі ня толькі самі беларусы, а і заваёўнікі. Выходзіць, што па гэтых мастах ішлі і агрэсары. Але ў эўрапейскім Сярэднявеччы масты часьцей будаваліся дзеля абароны”.

Трусаў: “Так. І найперш гэта былі замкавыя, пад’ёмныя масты. Шмат якія беларускія замкі мелі пад’ёмныя масты на ланцугах, якія былі перакінутыя праз земляны роў і пры набліжэньні ворага хутка падымаліся. Так, у часы Вітаўта вялікі пад’ёмны мост быў у Лідзкім замку, а Радзівіл Сіротка збудаваў падобную канструкцыю ў Мірскім замку”.

Ракіцкі: “Мне ўзгадваецца маё дзяцінства, якое прайшло недалёка ад Полацку. Мтады людзі дабіраліся з боку Глыбокага ў Полацак праз Заходнюю Дзьвіну праз пантонны мост. Калі зьявіліся пантонныя масты ў Беларусі і што ўяўлялі яны сабою?”

Трусаў: “Яны зьявіліся даволі рана, у 16 стагодзьдзі яны ўжо былі, У Вялікім Княстве Літоўскім іх рабілі ваенныя інжынэры і будаўнікі. Яны злучалі паміж сабой лодкі або нават вялікія бочкі, клалі на іх зьверху драўляныя насьцілы і потым, пасьля пераправы войска, хутка разьбіралі. Самы старажытны беларускі пантонны мост можна ўбачыць на знакамітай карціне 16 стагодзьдзя, дзе невядомы мастак намаляваў бітву пад Воршай 1514 году. Там добра паказаны вялікі пантонны мост, па якім гетман Астроскі перакінуў цяжкія гарматы, з дапамогай якіх атрымаў перамогу над велізарным маскоўскім войскам”.

Ракіцкі: “Масты – гэта вельмі складанае архітэктурнае і інжынэрнае збудаваньне. Дарэчы, і дарагое. Дык хто будаваў: самі беларусы, ці запрашалі спэцыялістаў з Эўропы?”

Трусаў: “Было і так, і інакш. Напрыклад, калі беларускія землі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дык тады расейскія вайскоўцы ўкладалі вялікія грошы ў будаўніцтва мастоў, бо масты мелі вялікае стратэгічнае значэньне. Масты вельмі добра ахоўваліся. Дастаткова прыгадаць толькі пераправу Напалеона праз Бярэзіну ў 1812 годзе, дзе менавіта на мосьце атрымаў канчатковую паразу ў вайне з Расеяй. Калі ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя зьявілася шаша, вялікія масты былі збудаваныя ў Гомелі, Віцебску і Магілёве. У 1884 годзе ў Віцебску зьявіўся першы на Беларусі мост з мэталёвымі арачнымі канструкцыямі. Невыпадкова, што гэты мост адлюстраваны на першых беларускіх паштоўках канца 19 стагодзьдзя”.

Ракіцкі: “Гэта таксама вельмі цікавы аспэкт, бо масты трэба было ўпісаць у архітэктуру гораду. Многія масты завяршалі архітэктурныя ансамблі, і многія нарады сьвету найперш ганарацца прыгажосьцю сваіх мастоў. Калі вось так сталі ставіцца да будаўніцтва мастоў у Беларусі?”

Трусаў: “У эпоху рамантызму, у канцы 18-га – пачатку 19-га стагодзьдзя пачлі рабіць дэкаратыўныя масткі праз вадаёмы ў ляндшафтных парках. Варта тут успомніць маёнтак Агінскіх у Залесьсі, дзе было шмат дэкаратыўных масткоў. У Менску на пачатку 19 стагодзьдзя было шмат дэкаратыўных масткоў у парках. Але наогул новыя падыходы да будаўніцтва мастоў узьніклі ў 1920 – 1930-я гады. Зьмяніліся аўтамабільныя дарогі, зьмяніліся і масты”.

Ракіцкі: “Што прынцыпова зьмянілася ў мостабудаўніцтве ў 20 стагодзьдзі?”

Трусаў: “Па-першае, зьявіліся новыя будаўнічыя матэрыялы, найперш маналітны жалезабэтон. Адзін зь першых такіх мастоў збудавалі ў Крычаве праз раку Сож яшчэ да пачатку другой усясьветнай вайны. Мост меў унікальную для тых часоў даўжыню пралёта ў 40 мэтраў. Аднак у часы вайны ўсе вялікія масты на Беларусі былі зьнішчаны. У 1950-я гады Беларусь стварыла свае мясцовыя кадры мостабудаўнікоў, і ў 1957 годзе масты сталі праектаваць спецыялісты інстытуту “Белгіпрадор”. У 1970 – 1980-я гады назіраецца росквіт мостабудаўніцтва. Найбольш цікавыя масты пабудавалі ў Бабруйску праз Бярэзіну ў 1977 годзе і ў Гомелі праз Сож у 1982 годзе”.

Ракіцкі: “Якімі новымі мастамі можа ганарыцца Беларусь сёньня?”

Трусаў: “Гэта гарадзкія масты ў Магілёве, Віцебску і Полацку. Адзін з самых доўгіх і ўнікальных мастоў збудаваны ў Магілёве праз Дняпро. Ён быў адкрыты ў 1997 годзе. Аднак ёсьць і адмоўныя моманты. Так, цяпер у Гародні хочуць зьнесьці стары мост празь Нёман, помнік прамыслова-будаўнічай архітэктуры. За захаваньне яго выступае ўся грамадзкасьць гораду”.

Ракіцкі: “У апошніх перадачах “Беларуская Атлянтыда: Без бар’ераў” мы гаварылі з вамі, што дарогі, якія праходзяць празь Беларусь, вялі беларусаў як да свабоды, так і да няволі. А масты? Куды вялі яны нацыю?”

Трусаў: “Гледзячы, каму яны належалі. Калі самім беларусам, дык да дабрабыту і свабоды. Калі акупантам, дык у няволю. І вось у адным з апошніх нумароў газэты “Белорусы и рынок” мы чытаем, што “надзейны мост паміж Эўропай і краінамі СНД гатовы збудаваць сумеснымі намаганьнямі Беларусь і Літва”.

Ракіцкі: “Дык дзе зараз жывуць беларусы: пры мосьце, на мосьце ці пад мостам?”

Трусаў: “Як хто. Толькі тады, калі большасьць насельніцтва зразумее перавагі Беларусі як транзытнай дзяржавы ў цэнтры Эўропы, адбудуцца дэмакратычныя перамены ў палітыцы і эканоміцы, беларускі мост стане візытоўкай нашай краіны ня толькі ў Эўропе, але і ва ўсім сьвеце. Тады і нашы мостабудаўнікі ніколі не застануцца бяз працы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG