Трыццаць гадоў таму, калі менскія студэнты стварылі на ўнівэрсытэцкім філфаку Беларускую Майстроўню, адносіны выкладчыкаў да гэтага нефармальнага аб’яднаньня былі розныя. Нехта падтрымліваў, нехта перашкаджаў, а большасьць трымалі нэўтралітэт. Пры гэтым выкладчыкі для нас у тыя часы былі, па-сутнасьці, першым ланцугом сыстэмы, зь якім мы непасрэдна сутыкаліся. Мы разумелі, што камусьці зь іх хапае сьмеласьці крытыкаваць сыстэму, хтосьці – яе сьвядомы апалягет, але большасьць імкнецца выглядаць у гэтым сэнсе бесстароньнімі. У агульных рысах гэтымі трыма варыянтамі выбар мадэлі паводзінаў і абмяжоўваўся.