Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Жамойцін: “Мая праца – гуманітарная дапамога дзяржаве і народу”.


Алесь Жамойцін у музэі Францішка Багушэвіча
Алесь Жамойцін у музэі Францішка Багушэвіча
Споўнілася дваццаць гадоў з часу адкрыцьця музэю-сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, што ў Смаргонскім раёне Гарадзеншчыны. Зь нязьменным дырэктарам музэю, паэтам Алесем Жамойціным з гэтай нагоды гаварыла наша карэспандэнтка.

Алесь Жамойцін прыехаў у Кушляны ў 1988 годзе ствараць будучы музэй. Улетку 1990-га сядзіба клясыка прыняла першых наведнікаў пад шыльдай філіі Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры. Ці адчувае яго дырэктар клопат дзяржавы пра гэтае мэмарыяльнае месца, дзе жыў і тварыў паэт-дэмакрат, удзельнік антырасейскага паўстаньня 1863 – 1864 гадоў?

“Мы за гэтыя дваццаць гадоў зрабілі ўжо два капітальныя рамонты. Апошні быў у перадкрызісным 2006-м годзе. На гэта пайшлі вельмі вялікія грошы. Так што ў гэтым сэнсе я на дзяржаву крыўдаваць не павінен, таму што адносна захаваньня сядзібы сытуацыя якраз нармальная”.

У мэмарыяльнай частцы сядзібы ўзноўлены інтэр’еры двух пакояў — кабінэту пісьменьніка і гасьцёўні, у літаратурнай прадстаўлены дакумэнты, паэтычныя зборнікі ("Дудка беларуская", "Смык беларускі"), здымкі, прысьвячэньні. З часу, калі паэт жыў тут, захаваліся таксама каменная абора, альтанка, стары парк і каштанавая алея, большасьць дрэў на якой пасаджана самім Францішкам Багушэвічам. А яшчэ пра яго нагадвае валун-патайнік, да якога часта прыходзіў паэт: тут ён пісаў вершы і хаваў рукапісы. Пасьля сьмерці паэта на камені зьявіўся надпіс "PAMIECI МACIEA BURACZKA 1900 R": яго зрабілі сябры і мясцовыя жыхары, якім Багушэвіч дапамагаў як адвакат. Усе гэтыя памяткі вабяць у Кушляны з кожным годам усё больш наведнікаў, кажа спадар Жамойцін:
У апошнія тры гады я бачу, што ўвага да Багушэвіча расьце...


“У апошнія тры гады я бачу, што ўвага да Багушэвіча расьце. Багушэвіч кліча сюды тых людзей, якія зацікаўленыя ў разьвіцьці нацыянальнай культуры, нацыянальнай мовы. Розны ўзровень гэтых людзей, але большасьць зь іх – інтэлігенцыя. Прытым інтэлігенцыя ня толькі вузкапрофільная, ня толькі гуманітарная, а ўся інтэлігенцыя. Рэзка павышаецца інтарэс да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Відаць, у сувязі з гэтымі палітычнымі падзеямі ў адносінах з Расеяй цікавасьць да гісторыі ВКЛ расьце вельмі хутка”.

Усіх наведнікаў музэю-сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах Алесь Жамойцін сустракае сам. Апрача яго, і няма каму, бо ён тут ня толькі дырэктар, але і навуковы супрацоўнік, і экскурсавод. І таму ў музэі праходзіць фактычна ўсё ягонае жыцьцё. Тое, як ацэньваецца дзяржавай такая праца, заработнай платай назваць складана. Дасьледчык і папулярызатар творчасьці Францішка Багушэвіча – аўтара неўміручых радкоў пра родную мову, захавальнік ягонай радзіннай сядзібы так характарызуе сваю ахвярную працу:

"Гэтая ўся мая работа — гуманітарная дапамога дзяржаве і народу".

Музэй-сядзіба Францішка Багушэвіча "Кушляны" — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ХІХ стагодзьдзя, адзіная ацалелая сядзіба беларускага пісьменьніка таго часу. Музэй разьмешчаны ў доме, які Францішак Багушэвіч пабудаваў у 1896 годзе і дзе правёў апошнія гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG