Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славянскаму базару” бракуе беларускасьці



На фэстывалі «Славянскі базар» усяго адзін дзень традыцыйна завецца Днём Беларусі. І ўчора ён супаў з Днём моладзі, таму ўласна беларускіх імпрэзаў было няшмат. Хаця нацыянальны калярыт, якога бракуе «Славянскаму базару», быў бы вельмі дарэчы, лічаць жыхары і госьці Віцебску.

Учора на вечаровым канцэрце зорак беларускай эстрады міністру культуры Паўлу Латушку гледачы літаральна зладзілі авацыю пасьля слоў «Давайце шанаваць іншае, але любіць сваё».

Аднак пакуль гэта ў значнай ступені толькі словы. Канцэпцыя «Славянскага базару» збудаваная такім чынам, што тут найбольш усё-ткі «шануюць іншае».

Нават мэмарыяльная пліта на «Алеі зорак», прысьвечаная Ўладзімеру Мулявіну і славутаму ансамблю «Песьняры» мае надпіс па-расейску. Гэтаксама як і мармуровыя пліты ў гонар расейскіх дзеячаў мастацтва: Андрэя Пятрова, Аляксандры Пахмутавай, Алы Пугачовай і Валера Лявонцьева.

Уладзімер Мулявін ушанаваны на віцебскай «Алеі зорак»

«У дзяцінстве Мулявін навучыў мяне беларускай песьні, у юнацтве — разумець, што я беларус, у сталасьці — маліцца за Беларусь», — цытавалі дзяржаўныя СМІ яшчэ адно выказваньне Паўла Латушкі. Недзяржаўныя выказвалі асьцярожны спадзеў, што беларускамоўны міністар культуры некалі ўсё ж парупіцца, каб культурніцкія імпрэзы абавязкова мелі выразны нацыянальны калярыт.

Тым болей што ён запатрабаваны. На двух пазаплянавых спэктаклях тэатру «Лялька», якія прайшлі ў мінулыя выходныя, быў поўны аншляг, распавядае загадчыца літаратурнай часткі тэатру, старшыня віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Людміла Сіманёнак:

«Нашы спэктаклі „Воўк і раз, два, тры“ і „Брэмэнскія музыкі“ праходзілі ў поўных залях, прычым прыходзілі і замежныя госьці, у тым ліку і з Расеі. І яны, у прыватнасьці, пыталіся, чаму так мала беларускіх назваў на вуліцах і гэтак далей. Адразу відаць, што „Славянскаму базару“ бракуе беларускіх імпрэзаў, і беларускай афарбоўкі бракуе нават тым, хто прыехаў з Расеі. Бо складаецца такое ўражаньне, што „Славянскі базар“ — гэта нейкая выязная сэсія другарадных прадстаўнікоў расейскай эстрады».

Пра тое, што беларуская і беларускамоўная творчасьць на фэстывалі запатрабаваная, сьведчыць і тое, што зь вялікім посьпехам у Віцебску прайшоў выступ этна-гурту «Троіца».

«Трэба было праехаць 80 фэстываляў па ўсім сьвеце — ад Малайзіі да Партугаліі, каб — нарэшце — і на радзіме зрабіць такі канцэрт!» — расчулена прызнаўся кіраўнік Іван Кірчук.

Рэклямавалі «Троіцу» чамусьці па-расейску.

Здавалася б, усе нацыянальныя адметнасьці і асаблівасьці разам можна было б знайсьці ў «Горадзе майстроў» — на кірмашы мастацкіх вырабаў. Аднак гэтую імпрэзу за апошнія гады растыражавалі настолькі, што ня толькі ў фэстывальным Віцебску, але й на любым фэсьце раённага маштабу побач з ганчарнымі ці разьбярскімі вырабамі беларускіх майстроў — і кітайскі «шырспажыў», і іншыя рэчы, які да народнай аўтэнтыкі дачыненьня ня маюць.

А паміж шэрагамі з таннай біжутэрыяй, пакаёвымі кветкамі і сродкамі для ачышчэньня арганізму ў «Горадзе майстроў» яшчэ й бясплатна раздавалі газэту саюзнай дзяржавы «Союзное вече».

Уваход — толькі праз мэталашукальнікі, адстаяўшы чаргу.
Тавар у адным з шапікаў.
Газэту саюзнай дзяржавы ў «Горадзе майстроў» раздаюць бясплатна.

Беларускую мову давялося пачуць у самым нечаканым месцы: ад гандляра аўдыёдыскамі Ўладзімера Азёмы. Ён прыяжджае ў фэстывальны Віцебск, як кажа сам, «з-пад Койданава», і прыяжджае ўжо не ўпершыню. Пра тое, наколькі «Славянскі базар» можна лічыць нацыянальным фэстывалем, спадар Уладзімер разважае так:

Гандлюе Ўладзімер Азёма.

«Наколькі „Славянскі базар“ — гэта беларускае сьвята? Настолькі ж, як і ўсё наша жыцьцё. Тыя, хто цікавіцца, хочуць слухаць беларускую музыку, народную музыку. Вось „Троіца“ выступала… А ў нас тут прадаецца ўсё на любы густ: рок і расейскі, і беларускі, барды беларускія і расейскія, папулярная музыка расейская і наша. І людзі падыходзяць, і ім прыемна, што тут прадаецца таксама і беларускае, сваё».

Такім чынам, кажа спадар Уладзімер, засталося толькі скарыстаць запатрабаванасьць беларушчыны на «Славянскім базары», ладзіць болей канцэртаў ды іншых праектаў у нацыянальным духу. Бо гэтага на фэстывалі пакуль дужа нестае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG