Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Горадні праігнаравалі грунвальдзкія выставы


У Горадні ў Новым замку сёньня адкрылася мастацкая выстава, прысьвечаная 600-м угодкам Грунвальдзкай бітвы. Яе арганізаваў Гісторыка-археалягічны музэй, які займае сёньня абодва былыя каралеўскія замкі — Новы і Стары.

«Бітва пад Грунвальдам» Яна Матэйкі.
Сярод тых, хто зацікавіўся выставай, можна было заўважыць генэральнага консула Літвы ў Горадні Рымантаса Латакаса, а вось мясцовых чыноўнікаў відно не было. У колішняй Сэнатарскай залі былі разьвешаныя копіі вядомых карцін, у прыватнасьці — «Бітва пад Грунвальдам» Яна Матэйкі, рэканструкцыі карцін і арыгінальныя творы. Першым гаварыў дырэктар музэю Юры Кітурка:

Юры Кітурка
«Выстава называецца „Іканаграфія Грунвальдзкай бітвы“ — так па-навуковаму, а па-прыгожаму — „Грунвальд у мастацтве“. Да яе далучаны яшчэ канцэрт арганнай музыкі. Яна задумана намі для ўшанаваньня гэтай вялікай гадавіны. 600 год таму ў былой Прусіі, на землях Тэўтонскага ордэну сышліся два вялікія войскі. Кажуць, што гэта была адна з самых вялікіх бітваў Сярэднявечча…»

Якія ўражаньні засталіся ад выставы ў мастака Алеся Сурава?

Сураў: «Мне здаецца, вельмі добра, што пачалі гэта адзначаць і ўлада крышку павярнулася абліччам да такой зьявы, як Грунвальд. Таму што гэта было чужое сьвята ўвесь час, і ў нас гэтай даты не было. Але прайшло паўгода юбілейнага году Грунвальдзкай бітвы, і падыход трошкі такі правінцыйны якісьці, несур’ёзны. Каб паказаць гістарычную праўду пра Грунвальд, прывезьлі гэтыя копіі, значыцца — да скону вякоў будзем карыстацца копіяй Матэйкавай карціны, а яна далёкая ад праўды».

У Новым замку я ўбачыў Юрыя Гардзеева — гарадзенскага гісторыка, які жыве ў Кракаве. Войскі на Грунвальд ішлі з Горадні і з Кракава, ці ня так?

Вялікі князь Вітаўт на карціне Яна Матэйкі «Бітва пад Грунвальдам».
Гардзееў: «Так, і з нашага гораду ішла харугва, з Кракава ішла харугва. Наколькі я ведаю, яна адыграла вялікую ролю, стрымала навалу крыжацкую. Мяркую, што нашыя гарадзенцы таксама мужна змагаліся. У Польшчы ёсьць сайт „Грунвальд-2010“, дзе можна знайсьці ўсю інфармацыю, адусюль з Польшчы зьяжджаюцца людзі, клюбы рыцарскія, з Кракава таксама. Прыемна, што тут, у Новым замку адзначаюцца грунвальдзкія ўгодкі, але гэта афіцыйнае больш мерапрыемства. Раней сёньня ў галерэі „Крыга“ адбылося сьвяткаваньне вельмі па-эўрапейску. На жаль, улады да яго не далучыліся, нікога з гарадзкіх уладаў я ня бачыў там зусім. Шкада».

Юры Гардзееў 16 ліпеня выяжджае разам з аднадумцамі ў Польшчу, каб пабачыць сьвяткаваньне ўгодкаў бітвы на месцы — на Грунвальдзкім полі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG