Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Траецкім прадмесьці адзначалі перамогу пад Грунвальдам



У цэнтры Менску, ва ўтульным дворыку літаратурнага музэю Максіма Багдановіча адбылося тэатралізаванае відовішча і музычны фэст, прысьвечаныя 600-годзьдзю перамогі ў Грунвальдзкай бітве і 660-годзьдзю князя Вітаўта Вялікага. А ў самім музэі Багдановіча адкрылася выстава суполкі «Пагоня» пад назваю «Грунвальд за смугою часу».

Гледачоў сустракалі сярэднявечныя рыцары ў дасьпехах, дзяўчаты ў старажытных рознакаляровых аксамітных сукенках, дудары. Адкрыў імпрэзу мастак Мікола Купава. А потым у прыгожым строі зьявіўся сам князь Вітаўт, пад кіраўніцтвам якога перамаглі ваяры ў Грунвальдзкай бітве:

Сам князь Вітаўт.

«Мы з божай дапамогаю даканалі лютага ворага, які пастаянна дакучаў нам жыць мірна і спакойна, належна і заможна ў нашым гаспадартве… Хай вечна зіхаціць наш срэбны вершнік на кані, праслаўлены ў бітвах за Айчыну — наша спрадвечная „Пагоня“! Жыве Вялікая Літва, жыве Вялікае Княства Літоўскае і Рускае, жыве вечна! Жыве!»

Рыцарскія баі.

Былі і паказальныя рыцарскія баі, танцавальны гурт «Фламея» выконваў прыгожыя сярэднявечныя бальныя танцы, гучала сярэднявечная музыка ў выкананьні Станіслава Багданава, Зьмітра Шыманскага, гурту «Тутэйшая шляхта».


Дырэктарка музэю Максіма Багдановіча Тацяна Шаляговіч: «Сярэднявечны танец — гэта культура, якая перажыла стагодзьдзі і працягвае жыць, мае сваіх прыхільнікаў. Мае дачкі танчаць, рыцарскі клюб наведваюць, займаюцца рэканструкцыяй сярэднявечных танцаў. Сьпевы, музыка, дуда — гэта ўсё ня можа не закранаць, не натхняць, гэта заўсёды каштоўнае, заўсёды прыемнае, заўсёды хвалюе і заўсёды будзе запатрабаванае».

Госьці з расейскага гораду Цьвер — у захапленьні: «Нам вельмі падабаецца. Вельмі прыемна паслухаць нацыянальную музыку, паглядзець на такіх прыгожых людзей ў сапраўды казачных строях, сукенках, Вялікі дзякуй арганізатарам».

Кіраўнік гурту «Тутэйшая шляхта» Лявон Махнач: «Вельмі прыемна, што ёсьць і гледачы, ёсьць такія прыгожыя ўдзельнікі — для ўсіх гэта сьвята. Шкада, што ня ўсе беларусы добра ведаюць сваю гісторыю. У нас ёсьць чым ганарыцца за нашых продкаў. А гісторыя наша вельмі цікавая, хоць і трагічная месцамі. Калі распавядаеш студэнтам, яны так слухаюць, так цікавяцца, так жыва на гэта рэагуюць… І прыемна, што мы радуем людзей сваім мастацтвам».

Танцы эпохі Вітаўта.

А потым сьвята перамясьцілася ў музэй. Там адкрылася мастацкая выстава «Грунвальд за смугою часу». Выстаўленыя творы Эдуарда Агуновіча, Рыгора Сітніцы, Алеся Марачкіна, Міколы Купавы, Міхася Басалыгі, Алеся Шатэрніка, Анатоля Консума, Юрыя Каралевіча, Паўла Татарнікава. Мастакі спадзяюцца, што ўвосень у Палацы мастацтваў адбудзецца вялікая выстава, прысьвечаная перамозе ў Грунвальдзкай бітве.

Выстава суполкі «Пагоня».

Ганаровымі гасьцямі на імпрэзе былі замежныя дыпляматы. Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас на беларускай мове падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

«Душа радуецца ад ўражаньняў. Добра, што зрабілі такое цудоўнае відовішча. Дзякуй, што мяне не забыліся запрасіць на сьвята, на наша агульнае сьвята. Перамога пад Грунвальдам — агульная наша перамога. І трэба разам сьвяткаваць нашу агульную перамогу, паказаць усяму сьвету, якія мы ёсьць».

Эдмінас Багдонас (справа).

У музэі наведнікаў чакаў сюрпрыз — прэм’ера песьні «Сонца над Грунвальдам» у выкананьні студэнткі Ўнівэрсытэту культуры Ярыны Лецкі пад акампанэмэнт Ян Яраша.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG