Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіно пра Паўночную Карэю ў Менску


Міжнародны фэст дакумэнтальнага кіно на тэму правоў чалавека «One World» праходзіць штогод у Чэхіі, яго ладзіць праваабарончая арганізацыя People in Need — «Людзі ў нядолі». У беларусаў зьявілася магчымасьць пабачыць фільмы-пераможцы леташняга фэстывалю.


Праваабарончае кіно ў Беларусі дэманструецца на невялікіх прыватных паказах. У Магілёве фільмы «Салдаты ў сары» пра Нэпал ды «Моц бясьсільных» пра Чэхію глядзелі ў грамадзкім цэнтры «Кола».

У панядзелак у Менску ў гатэлі «Crown Plaza» таксама паказвалі фільм «Салдаты ў сары» — пра ролю жанчынаў у грамадзянскай вайне ў Нэпале. У аўторак тамсама а 18:30 будзе дэманстравацца дакумэнтальны м’юзыкал пра ахвяраў камуністычнага рэжыму Паўночнай Карэі.

Гледачоў, не зважаючы на вольны ўваход, зьбіраецца ня надта шмат.

Андрэй Сушко
Праваабаронца Андрэй Сушко, адзін з арганізатараў паказаў: «Беларускі глядач яшчэ пакуль што не гатовы да такога фармату, як дакумэнтальнае кіно, а тым болей дакумэнтальнае праваабарончае кіно. Гэта не забаўляльны баявік ці камэдыя, гэта кіно, пра якое варта задумвацца. Гэта фільмы, пасьля якіх можна ня спаць начамі і думаць».

Перад пачаткам прагляду фільму «Салдаты ў сары» зь вітальным словам да гледачоў, якія ў пераважнай большасьці былі маладога веку, выступіў часовы павераны ў справах Эўрапейскага зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь Жан-Эрык Хольцапфэль:

Жан-Эрык Хольцапфэль
«Фэстываль „Адзіны сьвет“ — гэта найбуйнейшы і найважнейшы фэстываль у Эўропе па пытаньнях правоў чалавека, прысьвечаны сацыяльнай ды палітычнай праблематыцы, а таксама праблеме аховы правоў чалавека. Ён прыцягвае ўвагу да парушэньня правоў чалавека ў розных кутках сьвету і такім чынам стварае важную нагоду для развагаў».

Паводле словаў праваабаронцы Андрэя Сушко, прыкладна праз паўгоду плянуецца арганізаваць вялікі паказ у адным зь менскіх кінатэатраў.

Тры гады таму на фэстывалі «Адзіны сьвет» дзьве ўзнагароды атрымаў фільм «Урок беларускай мовы» пра навучэнцаў закрытага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю. Лепшыя фільмы леташняга фэсту ў Беларусь прывезьлі чэская недзяржаўная арганізацыя «Людзі ў нядолі» і Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі разам з шэрагам беларускіх праваабарончых структураў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG