Дзень Волі — 2026 са Свабодай. Сьвяточны эфір

Дзень Волі ў Вільні. 25 сакавіка 2026

У студыі ў Празе — Ганна Соўсь, з вуліцаў Вільні — жывыя рэпартажы Валера Каліноўскага.

У сьвяточным жывым эфіры мы паказалі, як адзначаюць Дзень Волі ў Вільні, Празе, Кіеве і за акіянам. Госьці эфіру — Павал Севярынец, Сяргей Навумчык, Крысьціна Шыянок, Уладзімер Мацкевіч, Франак Вячорка, Надзея Нортан ды іншыя.

Сягей Навумчык, намесьнік старшыні Рады БНР, пра тое, чаму важна, што людзі выйшлі на Дзень Волі:

— Мы бачым, якія падзеі ідуць у сьвеце. Ужо на поўным сур’ёзе гавораць пра верагоднасьць трэцяй сусьветнай вайны. Цалкам магчыма, што можа пачацца глябальны канфлікт — магчыма, з прымяненьнем ядзернай зброі. А што будзе зь Беларусьсю ў такой сытуацыі? Беларусь можа апынуцца ня проста пешкай на гэтай шахматнай дошцы, а ўвогуле зьнікнуць.

І тое, што ў Варшаве, Вільні, Празе, Нью-Ёрку, дзясятках іншых месцаў людзі выходзяць — гэта вельмі важна. Бо жыхары гэтых краінаў і палітыкі гэтых краінаў бачаць, што Беларусь жыве, і яе інтарэсы трэба ўлічваць.

Філёзаф і былы палітзьняволены Ўладзімер Мацкевіч:

— Трэба стаць моцнымі. Каб гэтую моц убачылі і простыя людзі ў Беларусі, і рэжым — што мы ня проста ўцекачы, што мы гатовыя да таго, каб вярнуцца ў краіну і пачаць пераўтварэньні. Мы павінны быць пільнымі і не рабіць тое, што чакае ад нас рэжым.

Франак Вячорка, старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, пракамэнтаваў сёньняшні візыт Лукашэнкі ў Паўночную Карэю:

— Ягоная мара збылася. Ён усё жыцьцё спрабуе будаваць Паўночную Карэю ў цэнтры Эўропы. Паўночная Карэя яго ігнаравала, недаацэньвала, носам крывіла, калі пра Лукашэнку ішла гаворка. А тут яго галоўны дыктатар сьвету запрашае ў госьці! Гэта паказвае прыроду лукашэнкаўскага рэжыму. Паўночная Карэя, зь якой ён бярэ прыклад, цяпер стала для яго рэальнасьцю.

Павал Севярынец, палітык і былы палітвязень, пра «Варту сьвятла» каля беларускага пасольства ў Вільні:

— Для тых чыноўнікаў, што працуюць у беларускай амбасадзе, павінны быць ясны сыгнал: беларускі народ нічога не забывае, не забывае тое зло, якое творыцца цяпер у Беларусі. Мы молімся і змагаемся за кожнага, хто зараз у лукашэнкаўскай турме. Рана ці позна давядзецца несьці адказнасьць за злачынствы. І рана ці позна мы будзем жыць у вольнай Беларусі. Усё гэта важна пачуць тым чыноўнікам, якія пакуль па нейкіх сваіх прычынах працуюць на гэты рэжым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусы Вільні правялі мітынг і шэсьце ў Дзень Волі. ФОТА

Шэсьце, барабаны і зьнічы. Як прайшоў Дзень Волі ў Вільні. Фотарэпартаж

25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла незалежнасьць БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі.

Ад 1989 году ў Менску і іншых гарадах Беларусі ладзіліся сьвяточныя ўрачыстасьці, палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, пэрформансы, прысьвечаныя ўгодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ўлады ставіліся да гэтай даты ў розны час з рознай ступеньню варожасьці. Гэтая варожасьць асабліва ўзмацнілася ў апошнія гады, пасьля масавых пратэстаў 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сакрэты БНР: сьцяг, пячатка і пашпарты незалежнай Беларусі. Тлумачым з Гурневічам