Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём Волі: «Мужнасьць абараняць свае перакананьні ніколі не бывае марнай»

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

На сайце прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы апублікавалі пасланьне зь віншаваньнямі да ўсіх беларусаў, якія сьвяткуюць дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

«У Дзень Волі Беларусі мы разам з вамі ўспамінаем і сьвяткуем імкненьне да свабоды, якое жыве ў сэрцы кожнага чалавека. Гэты дзень сымбалізуе вашу стойкасьць і рашучасьць будаваць свабодную, дэмакратычную і плюралістычную Беларусь — дзяржаву, дзе павага да правоў чалавека, вяршэнства закона і грамадзянскай супольнасьці не зьяўляецца прывілеем абраных, а неад’емнай часткай паўсядзённага жыцьця для ўсіх», — гаворыцца ў пасланьні.

Прэзыдэнт Літвы падкрэсьліў, што літоўскі народ добра ведае цану свабоды і дэмакратыі, і што гістарычны вопыт прымушае літоўцаў падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, незалежных журналістаў і праваабаронцаў Беларусі, а таксама ўсіх іншых беларусаў, якія «мірна супраціўляюцца тыраніі рэжыму Лукашэнкі, абараняючы асноўныя правы і годнасьць».

«Мужнасьць абараняць свае перакананьні ніколі не бывае марнай. Яна натхняе на зьмены не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Эўропе. Літва будзе працягваць цьвёрда падтрымліваць імкненьне беларускага народу вярнуцца да вяршэнства закона, спыніць рэпрэсіі, вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных, а таксама свабодна і справядліва вырашаць пытаньне будучыні сваёй дзяржавы», — гаворыцца ў пасланьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG