Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя праз інтэрнэт шукалі, каго наняць для здыманьня мітынгу на Дзень Волі ў Вільні

абноўлена
На сьвяткаваньне Дня Волі беларусы адпаведна адзяваюць нават сваіх хатніх гадаванцаў
На сьвяткаваньне Дня Волі беларусы адпаведна адзяваюць нават сваіх хатніх гадаванцаў

Паведамленьні зьявіліся ў розных суполках напярэдадні сьвята 25 Сакавіка.

У некаторых віленскіх беларускіх суполках у Тэлеграме зьявіліся правакацыйныя аб’явы пра пошук асобаў, гатовых за грошы зьняць фота і відэа ўзгодненага з уладамі Вільні мітынгу і шэсьця 25 сакавіка.

Людзей шукалі для ўдзелу ў «масоўцы» каля 18-й гадзіны на Лукіскім пляцы і каля 19:30 каля амбасады Беларусі ў Літве. За здымкі фота і відэа абяцалі 100 даляраў на картку або на крыптагаманец. Арганізатары набору людзей прапаноўвалі гэтую плату за тое, што ахвочыя здымуць на свае тэлефоны і камэры «як мага больш людзей», «пабольш людзей», зафіксуюць «праход калёны ад першых удзельнікаў да тых, хто замыкае».

Паведамленьні рассылалі па-расейску. Пазьней у адным з паведамленьняў напісалі, што «масоўку набралі».

Вядома, што раней спэцслужбы Беларусі шукалі выканаўцаў для здыманьня розных акцыяў і адзначэньня нацыянальных сьвятаў за мяжою для запалохваньня ўдзельнікаў.

25 сакавіка старшыня аргкамітэту святкаваньня 108-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі экс-палітвязень Павал Севярынец, разважаючы, чаму ўлады Беларусі пагражаюць беларусам карамі за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі нават за мяжою, канстатаваў, што «рэжым вельмі баіцца волі, баіцца бел-чырвона-белага сьцяга як чорт ладану».

«Але хай яны не перебольшваюць сваіх магчымасьцяў. Беларусы — партызанская нацыя, якая ўмее змагацца ўдоўгую і перамагаць. Калі ёсьць асьцярогі за бясьпеку, можна прыйсьці на сход у мэдычнай масцы ці акулярах, можна абмежаваць свой удзел у сьвяткаваньні ўдзелам ў малітве, ахвяраваньнем або сьвяткаваньнем ў коле сям'і альбо зь сябрамі. А для супрацоўнікаў беларускіх спэслужбаў я б хацеў паўтарыць папярэджаньне: не забывайце, што ня толькі вы фіксуеце, але і вашы дзеяньні фіксуюць, і прыйдзе час, калі за злачынства супраць свайго народу давядзецца адказваць», — дадаў Севярынец у камэнтары Свабодзе.

Таксама Севярынец заклікаў беларусаў не баяцца правакацый і масава ўдзельнічаць ў сьвяткаваньні Дня Волі пад нацыянальнымі, гістарычнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG