Акцыі ў Дзень Волі 25 Сакавіка важна праводзіць у тым ліку за мяжой, бо «ў беларусаў волі пакуль няма», заявіў журналістам у Вільні адзін зь лідэраў беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў, старшыня аргкамітэту святкаваньня 108-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, экс-палітвязень Павал Севярынец, піша Позірк.
«Гэты дзень, як пуцяводная зорка, абвяшчае, што воля ў беларусаў будзе, — сказаў Севярынец. — Дзякуй Богу, сёньня сонечны дзень, Вільня, бел-чырвона-белыя сьцягі. Павяжам бел-чырвона-белыя стужачкі на „Беларускай алеі“, [пасьля] будзе аўта- і мотапрабег, потым наведаем могілкі, дзе спачываюць знакамітыя беларускія дзеячы».
«А 18-й гадзіне цэнтральная акцыя — на Лукіскім пляцы, дзе быў забіты Кастусь Каліноўскі, правядзем мітынг. І адтуль шэсьцем пройдзем да беларускай амбасады, каб правесьці там Варту сьвятла. Завершыцца Дзень Волі сёньня набажэнствам у беларускай праваслаўнай царкве Канстантынопальскага патрыярхату і канцэртам гурту „Дай Дарогу!“», — абазначыў плян сьвяткавання Дня Волі ў Вільні старшыня аргкамітэту.
Разважаючы, чаму ўлады Беларусі пагражаюць беларусам за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі нават за мяжою, палітык канстатаваў, што «рэжым вельмі баіцца волі, баіцца бел-чырвона-белага сьцяга як чорт ладану».
«Але тым, хто пагражае беларусам у Дзень Волі, трэба нагадаць, што мы — партызанскі народ. Яны кідаюць выклік цэламу народу. А тыя, хто фіксуе, ідэнтыфікуе — з кепскімі мэтамі — беларусаў, павінны ведаць: ёсьць адмыслова навучаныя людзі, якія таксама фіксуюць і ідэнтыфікуюць іх саміх — і за мяжою, і ў Беларусі», — дадаў Севярынец.
Тое, што Аляксандр Лукашэнка ў Дзень Волі знаходзіцца ў КНДР, Севярынец назваў «знакам».
«Гэта курс, якім імкнецца сёньняшні рэжым. І гэта іх канчатковы прыпынак — Паўночная Карэя. Яны хочуць, каб увесь беларускі народ паехаў туды. Але не, паедзе туды правадыр, а беларускі народ застанецца і ўрэшце будзе вольны», — падкрэсьліў палітык.
Форум