Беларускі мітынг у Таронта
Як паведаміў Свабодзе беларускі актывіст з Таронта (Канада) Алесь Кот, сьвяткаваньне Дня волі ў гэтым горадзе пачалося зь мітынгу беларусаў. Прагучала малітва за Беларусь, з прамовамі выступілі прадстаўнікі Рады БНР і Згуртаваньня Беларусаў Канады. Мітынг прайшоў 21 сакавіка.
Асобны акцэнт выступоўцы зрабілі на адказнасьці дыяспары — заставацца голасам Беларусі, падтрымліваць змаганьне і захоўваць нацыянальную ідэнтычнасьць праз мову, гістарычную памяць і дзеяньне. Таксама ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць беларусаў, якія загінулі ва Ўкраіне за свабоду ўкраінскага і беларускага народаў, за незалежнасьць абодвух братэрскіх дзяржаваў.
Ва ўрачыстым сходзе, які прайшоў у Беларускім цэнтры, удзельнічала блізу 75 чалавек, паведамілі ўдзельнікі сьвята. Падчас імпрэзы прагучалі віншавальныя відэазвароты Івонкі Сурвіла, Зянона Пазьняка, Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Севярынца. У жывым эфіры да прысутных зьвярнуліся Івонка Сурвіла і Алесь Бяляцкі.
«На працягу ўсяе імпрэзы панавала натхняльная атмасфэра еднасьці: кожны выступ сустракаўся магутнымі воклічамі «Жыве Беларусь! Жыве вечна!», «Слава Ўкраіне! Героям слава!», — адзначыў удзельнікі сьвяткаваньня Дня Волі ў Таронта Алесь Кот.
У сьвяце ўзялі ўдзел прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў і дыяспараў.
Крыж змагарам за Вольную і Незалежную Беларусь у Гданьску
Манумэнтальны крыж паўстаў каля Гарнізонных могілак у Гданьску. Крыж паставілі і асьвяцілі з ініцыятывы беларускага культурніцкага таварыства «Хатка», праект рэалізоўваўся з 2018 году.
Агулам на праект, матэрыялы і выраб ды ўсталяваньне крыжа беларусы сабралі амаль 27 тысяч злотых, яшчэ 20 000 злотых ахвяравала Гданьская ўправа дарог і азеляненьня.
«Змагарам за вольную і незалежную Беларусь. Хай воля вечна будзе з намі», — напісана на мэмарыяльнай дошцы пад крыжам.
Сьвяткаваньні ў іншых гарадах Эўропы і Амэрыкі
Паводле каардынатара аргкамітэту Дня Волі-2026 Паўла Севярынца, нацыянальнае сьвята таксама ўжо адзначылі беларусы ў іншых краінах.
«У Чыкага адбылося сьвята да Дня Волі зь беларускім караоке, у Гаазе прайшла віктарына «Што ты ведаеш пра Беларускую Народную Рэспубліку, у Беластоку адбыўся шматлюдны малебен за беларускі народ, была поўная царква. У Маямі — пікнік на некалькі дзясяткаў чалавек з удзелам Сяргея Ціханоўскага», — пералічыў Павал Севярынец.
Паводле актывіста, наперадзе ня менш важныя акцыі.
«Сёньня яшчэ адбудзецца квіз у Кракаве, а заўтра — цэнтральная акцыя ў Вільні. Пачынаючы з 9 гадзін раніцы, беларусы зьбяруцца каля Сейму, будуць павязваць стужкі на Беларускай алеі, будзе аўта- і мотапрабег, потым памятныя захады на могілках Росы, дзе пахаваныя знакамітыя беларусы.
А 18-й гадзіне на Лукіскім пляцы пачнецца мітынг, пасьля якога — шэсьце да беларускай амбасады, да „Варты сьвятла“. У Літве 25 Сакавіка адзначаць таксама беларусы ў Коўне і Клайпедзе», — расказаў Павал Севярынец.
Паводле каардынатара аргкамітэту, іншыя адрасы сьвяткаваньня 25 Сакавіка такія:
«У ЗША гэта Філядэльфія і Мінэапаліс, дзе з удзелам Зянона Пазьняка будзе адкрыты Беларускі культуры цэнтар, Бэрлін, Батумі, Тэнэрыфэ, зноў Кракаў. І таксама дзясяткі акцыяў, пра якія інфармацыя пакуль не даем з прычынаў бясьпекі», — сказаў Павал Севярынец.
Удзельнікам адзначэньня Дня Волі, занепакоеным сваёй бясьпекай, актывіст раіць надзяваць маскі або прадумаць іншыя захады.
«Ёсьць тыя, хто можа сабе дазволіць адкрыта выйсьці на вуліцы гарадоў сьвету пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Ёсьць тыя, хто выйдзе, надзеўшы акуляры або мэдычныя маскі. Але ёсьць і тыя, хто можа падтрымаць акцыю толькі данатам або ўдзелам у рыхтаваньні — такіх запрашаем да супрацы. І, у рэшце рэшт, ёсьць тыя, хто гатовы адзначаць сьвята і ў Беларусі. Ім раім самы бясьпечны варыянт — адзначыць сьвята падчас набажэнства ў царкве або касьцёле».
Сам Павал Севярынец зьбіраецца 25 сакавіка ўдзельнічаць у акцыях, якія падрыхтавала беларуская грамада ў Вільні.