Лукіская плошча Вільні — гэта тое месца, дзе ў 1864 годзе быў пакараны сьмерцю нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі, які кіраваў паўстаньнем супраць царскай Расеі на беларускіх землях.
Пра чын Каліноўскага нагадала мітынгоўцам у сваёй прамове старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, чый голас прагучаў над плошчай у запісе, зробленым у Канадзе. Паводле Івонкі Сурвілы, абвяшчэньне незалежнасьці БНР стала працягам справы Кастуся Каліноўскага, а ў найноўшай гісторыі краіны шматтысячныя мітынгі і шэсьці беларусаў на Дзень Волі дапамагаюць ёй захаваць незалежнасьць.
Заклік зьберагчы незалежнасьць Беларусі і дамагчыся для яе дэмакратычнага выбару прагучаў і ў звароце да мітынгоўцаў Сьвятланы Ціханоўскай, выступ якой яны бачылі на экране, усталяваным на плошчы. Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі асабліва падзякавала актывістам грамадзкай арганізацыі «Дапамога», якія ў Вільні апякуюцца былымі палітвязьням і змагаюцца за вызваленьне тых, хто застаецца ў няволі. «Пакуль усе палітвязьні ня выйдуць на волю, наша барацьба не спыніцца», — запэўніла віленскіх беларусаў Сьвятлана Ціханоўская.
З віншаваньнямі да Дня Волі зьвярнуліся да беларусаў дэпутаты Сэйму Літвы. Жыгімантас Павілёніс запэўніў у падтрымцы змаганьня беларусаў з боку Эўразьвязу. Дэпутат Томас Тамілінас нагадаў пра людзей, якія дзеля хлеба ахвяруюць свабодай, а ў выніку застаюцца і бяз хлеба, і без свабоды — пры гэтым літоўскі парлямэнтарый верыць у адданасьці беларусаў дэмакратычным эўрапейскім каштоўнасьцям.
З асаблівай увагай слухалі мітынгоўцы выступ былога палітвязьня, актывіста Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, які ў сваёй прамове засяродзіўся на зьменах, што хутка адбываюцца ў сьвеце. Паводле Паўла Севярынца беларусы «адчуваюць вецер пераменаў», і для краіны цяпер «самы час адштурхнуцца ад дна». Севярынец выказаў мітынгоўцам сваю веру ў тое, што разам з тысячамі суайчыньнікаў, якія апынуліся ў выгнаньні, вернецца на радзіму з перамогай.
Пасьля мітынгу, расьцягнуўшы над сабой два вялікія сьцягі — бел-чырвона-белы нацыянальны беларускі і дзяржаўны літоўскі — калёна з воклічамі «Жыве Беларусь!» і «Ачу Летува!» (Дзякуй, Літва!) прайшла па цэнтральных віленскіх вуліцах да будынка амбасады Беларусі, дзе находзіцца «Варта памяці» — мэмарыял беларусам, якія загінулі ў змаганьні з дыктатурай і на вайне за незалежнасьць Украіны. Да партрэтаў герояў удзячныя беларусы ўсклалі зьнічкі і кветкі.
Форум