Другі энэргаблёк БелАЭС адключылі пасьля «рэакцыі сэнсара». Першы — на рамонце з трэцяга сьнежня

Будаўніцтва БелАЭС завяршылася восеньню 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Абодва энэргаблёкі Беларускай АЭС у Астраўцы цяпер не працуюць. Другі энэргаблёк БелАЭС часова адключылі ад сеткі праз рэакцыю аднаго з сэнсараў, паведаміла 19 сьнежня прэс-служба Міністэрства энэргетыкі Беларусі. Першы энэргаблёк 3 сьнежня вывелі ў трэці плянава-папераджальны рамонт.

Адключыць другі энэргаблёк БелАЭС ад сеткі пастанавілі, каб правесьці «штатную дыягностыку працы сэнсараў сыстэмаў забесьпячэньня», заявілі ў Мінэнэрга. У ведамстве запэўніваюць, што на БелАЭС цяпер праводзяць адпаведныя працы і яны «не ўплываюць на бясьпеку працы станцыі і яе абсталяваньне».

У паведамленьні не ўказаная дата, калі менавіта другі энэргаблёк БелАЭС адключылі ад сеткі. На раніцу 19 сьнежня ў разьдзеле «Вытворчыя паказчыкі» на сайце БелАЭС паведамлялася, што другі энэргаблёк «знаходзіцца ў прамысловай эксплюатацыі» — то бок працуе.

Першы энэргаблёк Беларускай АЭС 3 сьнежня вывелі ў трэці плянава-папераджальны рамонт.

Варта адзначыць, што паведамленьне пра адключэньне ад сеткі другога энэргаблёку зьявілася пасьля публікацыі выданьня «Люстэрка», якое 19 сьнежня з спасылкай на крыніцу паведаміла, што абодва энэргаблёкі БелАЭС «вось ужо два тыдні не выпрацоўваюць электрычнасьць».

«Адключэньне энэргаблёку № 2 адбылося ў ноч на 4 сьнежня. Меркаваная прычына — рэакцыя абароны празь няспраўнасьці (парушэньне гермэтычнасьці) першага контуру. Ён ёсьць носьбітам радыяактыўнага асяродзьдзя (у першым контуры вада з спэцыяльнымі дабаўкамі цыркулюе праз актыўную зону рэактара. — РС)», — сьцьвярджае суразмоўца «Люстэрка».

Радыё Свабода пакуль ня можа апэратыўна праверыць гэтую інфармацыю.

У прыёмнай гендырэктара БелАЭС журналісту «Люстэрка», які патэлефанаваў пад выглядам занепакоенага грамадзяніна, пацьвердзілі, што другі энэргаблёк станцыі сапраўды не працуе, але не змаглі адказаць, зь якога дня. У інфацэнтры БелАЭС адказваць на пытаньні адмовіліся, параіўшы зьвярнуцца па камэнтар у Міністэрства энэргетыкі. У прыёмнай міністра супрацоўніца, якая адказала на званок, не валодала інфармацыяй пра актуальны стан атамнай станцыі.

Паводле крыніцы «Люстэрка», спыненьне працы энэргаблёкаў станцыі пакуль не паўплывала на радыялягічнае становішча на прылеглых да яе тэрыторыях, узровень радыяцыі «ў межах нормы». Згодна з сэрвісам маніторынгу радыяцыйнага становішча ў Беларусі, па стане на 19 сьнежня ва ўсіх рэгіёнах краіны, у тым ліку прылеглых да Беларускай АЭС, яна знаходзіцца практычна на ніжняй мяжы нормы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На першым блёку БелАЭС зноў пачалі рамонт
  • Будаўніцтва БелАЭС завяршылася восеньню 2023 году. Першы энэргаблёк станцыі сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году, другі — з 13 траўня 2023 году. У прамысловую эксплюатацыю іх увялі ў чэрвені 2021 і лістападзе 2023 году адпаведна.
  • Першы энэргаблёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для рамонту на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • Другі энэргаблёк Беларускай АЭС апошні раз спынялі на плянавы рамонт у ліпені 2024 году. Паведамлялася, што падчас работ правядуць дэталёвую дыягностыку ўсіх сыстэмаў, а таксама заменяць адпрацаванае ядзернае паліва на сьвежае. 14 кастрычніка другі энэргаблёк БелАЭС уключылі ў сетку.
  • Пры штатнай працы двух энэргаблёкаў БелАЭС забясьпечвае каля 40% патрэбаў Беларусі ў электраэнэргіі.