На першым блёку БелАЭС зноў пачалі рамонт

Вучэньні на БелАЭС у Астраўцы. Архіўнае фота
Вучэньні на БелАЭС у Астраўцы. Архіўнае фота

Такі «плянава-папераджальны» рамонт ужо трэці ў гісторыі атамнай станцыі.

Як паведаміла прэс-служба БелАЭС, рамонт пачаўся 3 сьнежня.

У апавяшчэньні адзначаецца, што такія работы праводзяцца на кожным энэргаблёку АЭС штогод «для перагрузкі ядзернага паліва ў рэактарнай устаноўцы і падтрыманьня бясьпекі і надзейнасьці абсталяваньня і тэхналягічных сыстэмаў на самым высокім узроўні».

Спэцыялісты выканаюць плянавае тэхнічнае абслугоўваньне, дыягностыку, дэфэктацыю і рамонт абсталяваньня і тэхналягічных сыстэмаў. Яны ў тым ліку правераць стан асноўнага мэталу і зварных злучэньняў абсталяваньня і трубаправодаў.

«Важнай часткай маючых адбыцца работ стане замена адпрацаванага ядзернага паліва на сьвежае — у актыўную зону рэактара будзе загружана каля 25% цеплавыдзяляльных зборак са сьвежым ядзерным палівам», — паведамілі на прадпрыемстве.

Першы энэргаблёк БелАЭС увялі ў прамысловую эксплюатацыю 10 чэрвеня 2021 году. Сумарна ён выпрацаваў 27,5 млрд квт/г электраэнэргіі.

​
XS
SM
MD
LG