Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рашэньня аб будаўніцтве другой атамнай электрастанцыі ў Беларусі яшчэ не ўхваліў.
«Што такое другая станцыя? Гэта падваеньне магутнасьці. І сёньня я на ўзроўні дыскусій закідваю ў грамадзтва гэты тэзіс. Рашэньне ня ўхваленае. Калі будзем будаваць, я вам паведамлю. І параюся, перш чым ухваліць рашэньне. Безь людзей нічога рабіць ня будзем», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. Ён 3 лістапада сустрэўся з працоўным калектывам і будаўнікамі Беларускай АЭС, а таксама прадстаўнікамі сацыяльнай сфэры і жыхарамі Астраўца.
Ён адзначыў, што цяперашняга запасу электраэнэргіі хопіць на «ягоны век». «Але хто яго ведае, як сьвет будзе разьвівацца. Няхай бы была другая станцыя. Я прыхільнік гэтага. Таму мы ў абмеркаваньні гэтага пытаньня», — дадаў ён.
У той жа час ён выказаўся за тое, каб новую станцыю можна было збудаваць побач зь дзейнай Беларускай АЭС.
«Дзе будаваць — гэта трэба лічыць. Напэўна, тут будзе таньней. Таму што, апроч самога будаўніцтва, пабудаваныя прадпрыемствы, якія кляпалі і варылі вузлы і агрэгаты. Перавезьці — гэта не вялікая праблема, але на месцы будзе таньней», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністар эканомікі заявіў, што Беларусь вызначыла стратэгічным аб’ектам «другую АЭС»Міністар эканомікі Беларусі Аляксандар Чарвякоў сказаў узьвядзеньне другой атамнай электрастанцыі зьяўляецца адным са стратэгічных праектаў.
Першага лістапада стала вядома, што ўрадавая камісія падпісала акт прыёму другога блёку Астравецкай АЭС у прамысловую эксплюатацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Урадавая камісія падпісала акт прыёму другога блёку Астравецкай АЭС у прамысловую эксплюатацыю