Прыёмачная камісія пад старшынствам намесьніка прэм’ер-міністра Пятра Пархомчыка падпісала акт прыёмкі ў эксплюатацыю пускавога комплексу другога энэргаблёку Беларускай АЭС, паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства энэргетыкі.
Рашэньне камісіі грунтуецца на станоўчых заключэньнях наглядных органаў і працоўнай камісіі БелАЭС, а таксама на падставе выдадзенай МНС ліцэнзіі на прамысловую эксплюатацыю другога энэргаблёку.
Да работы прыёмачнай камісіі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Мінэнэрга, МНС, Дзяржстандарту, Мінбудархітэктуры, Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя, МУС, Горадзенскага аблвыканкаму, ДВА «Белэнэрга», а таксама прадстаўнікі расейскіх кампаній «АСЭ», «Атамбудэкспарт», «Атамтэхэнэрга», шырока прыцягваліся таксама профільныя спэцыялісты, экспэрты і вучоныя.
Ацэнку ажыцьцяўлялі па ключавых напрамках: праверка гатоўнасьці тэхналягічных сыстэм і абсталяваньня да асваеньня цеплавой і электрычнай магутнасьці, падрыхтоўка пэрсаналу, гатоўнасьць сыстэм бясьпекі, ядзерны нагляд і іншае.
Цяпер блёк працуе на намінальнай магутнасьці. З моманту яго ўключэньня ў аб’яднаную энэргасыстэму ён выпрацаваў больш за 2 млрд квт/г электраэнэргіі, сьцьвярджаюць улады.
30 кастрычніка міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў заявіў, што Беларусь вызначыла стратэгічным аб’ектам «другую АЭС». Таксама ён назваў эканамічныя патрабаваньні для таго, каб пачаць працу па яе праектаваньні.