Пуцін расказаў карэспандэнту «Коммерсанта» Андрэю Калесьнікаву пра сваю сустрэчу з камандзірамі і кіраўніком ПВК «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным, якая прайшла празь некалькі дзён пасьля няўдалага мяцяжу.
Паводле Пуціна, на сустрэчы ён даў ацэнку іх дзеяньням на полі бою і «падчас падзеяў 24 чэрвеня» (калі адбыўся мяцеж Прыгожына. — РС), а таксама «паказаў магчымыя варыянты» іх далейшай службы.
На пытаньне «Коммерсанта», ці захаваецца ПВК «Вагнэр» як баявая адзінка, Пуцін адказаў, што ПВК «Вагнэр» не існуе. «У нас жа няма закону аб прыватных вайсковых арганізацыях. Проста не існуе», — сказаў Пуцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пад Асіповічамі пачаліся заняткі тэрытарыяльных войскаў з інструктарамі ПВК «Вагнэр»Крыху больш за два тыдні таму прэзыдэнт РФ заявіў, што дзяржава «цалкам фінансавала» гэтую кампанію. Па словах Пуціна, за год дзяржава заплаціла ёй больш за 86 мільярдаў рублёў (больш за мільярд даляраў у эквіваленце).
«Група ёсьць, але юрыдычна не існуе!» — сказаў Пуцін «Коммерсанту», назваўшы гэта «асобным пытаньнем, зьвязаным з рэальнай легалізацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Крамлі пацьвердзілі інфармацыю пра сустрэчу Прыгожына з Пуціным пасьля мяцяжуПуцін паведаміў, што на сустрэчы зь ім было 35 чалавек. Ім прапаноўваліся некалькі варыянтаў «працаўладкаваньня», у тым ліку пад кіраўніцтвам «іх непасрэднага камандзіра з пазыўным „Седой“».
«Усе яны маглі сабрацца ў адным месцы і працягваць служыць. І для іх нічога б не зьмянілася. Імі кіраваў бы той жа чалавек, які быў іх рэальным камандзірам увесь гэты час», — патлумачыў Пуцін.
«Многія ківалі, калі я гэта казаў. А Прыгожын, які сядзеў наперадзе і ня бачыў гэтага, сказаў, выслухаўшы: «Не, хлопцы ня згодныя з такім рашэньнем», — апісаў прэзыдэнт Расеі рэакцыю «вагнэраўцаў» на яго словы.
- 14 ліпеня 2023 году Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што пад Асіповічамі пачаліся заняткі тэрытарыяльных войскаў з удзелам інструктараў ПВК «Вагнэр».