Францускае выданьне Libération паведамляе са спасылкай на крыніцы ў заходняй выведцы, што кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын з 1 ліпеня знаходзіцца ў Маскве, дзе ён сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, кіраўніком Службы вонкавай выведкі Сяргеем Нарышкіным і дырэктарам Расгвардыі Віктарам Золатавым.
Прыгожына выклікалі ў Крэмль 1 ліпеня, разам зь ім прыехалі камандзіры ПВК «Вагнэр». Вынікі перамоў невядомыя.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў, што Пуцін сустракаўся з байцамі ПВК «Вагнэр». Паводле яго, адбылося гэта ў Крамлі.
Сустрэча адбылася праз пяць дзён пасьля мяцяжу, 29 чэрвеня, і доўжылася тры гадзіны. На сустрэчы прысутнічала 35 чалавек — усе камандзіры атрадаў і кіраўніцтва «Вагнэра», уключаючы самога Яўгена Прыгожына.
Паводле Пяскова, Пуцін даў ацэнку дзеяньням «Вагнера» і выслухаў іх тлумачэньні.
Пасьля раптоўнага спыненьня мяцяжу, так і не дайшоўшы да Масквы, Яўгеній Прыгожын плянаваў выехаць у Беларусь. Аднак у чацьвер 6 ліпеня Лукашэнка заявіў, што кіраўніка вагнэраўцаў у Беларусі няма і што Прыгожын «цяпер у Піцеры, можа быць, у Маскву паехаў».
Лукашэнка таксама дапусьціў, што Пуцін мог зьмякчыць стаўленьне да Прыгожына. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў у пятніцу 7 ліпеня заявіў, што Крэмль ня сочыць за перасоўваньнямі Прыгожына.
Як паведаміў Пяскоў 10 ліпеня, Пуцін падчас трохгадзіннай сустрэчы даў ацэнку дзеяньням кампаніі на фронце, а таксама падзей 24 чэрвеня. Камандзіры вагнэраўцаў нібыта запэўнілі Пуціна ў вернасьці.
Лягер пад Асіповічамі, які пабудавалі для вагнэраўцаў, дагэтуль пусты, а Міністэрства абароны заявіла, што будзе выкарыстоўваць яго для вучэньняў тэрытарыяльнай абароны.